Яшчэ раз пра каханне

Яшчэ раз пра каханне

Каханне … Здавалася б, ну што новага можна пра гэта расказаць? Бо, колькі чалавек у свеце, столькі і ўяўленняў пра каханне.
А колькі ўсяго ўжо напісана і расказана, што цяжка зацікавіць слухачоў чымсьці новым. Але я паспрабую.

Такім чынам, паслухайце яшчэ адну гісторыю кахання, якую распавяла слухачка «Універсітэту Залатога Веку» Людміла Гладкова (на здымку).

“Гісторыя кахання маіх бацькоў – так званая – з першага погляду. Мой бацька – з простай рускай шматдзетнай сялянскай сям’і, з малых гадоў дапамагаў бацькам па гаспадарцы, працаваў разам з бацькам у вясковай кузні. Скончыў ваеннае вучылішча, служыў у Забайкальскай ваеннай акрузе.

Мама – з сям’і служачых, скончыла музычнае вучылішча, добра спявала і грала на фартэпіяна. Яе бацьку, майму дзеду, даручылі кіраваць вялікай будоўляй у Забайкаллі. Так, па волі лёсу, мае бацькі апынуліся ў адным месцы.

Мама Гладковай Людмілы

Аднойчы мама выступала на нейкім канцэрце, дзе прысутнічаў і мой бацька. Убачыўшы яе на сцэне, ён адразу закахаўся.

Дагэтуль у мамы не было маладога чалавека, і яе сяброўка абяцала пазнаёміць яе з добрым хлопцам.

Мама Гладковай
Пасля канцэрту мама, убачыўшы маладога лейтэнанта ў натоўпе, сказала сяброўцы, што хацела б пазнаёміцца з гэтым чалавекам, і якое ж было яе здзіўленне, калі высветлілася, што гэта і быў менавіта той, з кім і хацела пазнаёміць яе сяброўка.

Мама Людмілы Гладковай

Праз некалькі дзён яны ажаніліся. Татавы бацькі былі супраць іх шлюбу, бо ім хацелася, каб нявестка таксама была з простай сялянскай сям’і. Калі ў сям’і ўзнікалі канфлікты, тата заўсёды быў на боку мамы і ніколі не дазваляў яе пакрыўдзіць.

Па службе бацьку часта пераводзілі з месца на месца, даводзілася жыць і ў казармах, і ў вельмі нялёгкіх умовах, у такіх выпадках дзяцей аддавалі бабулям, але мама заўсёды заставалася побач з бацькам. Ужо стаўшы дарослай, я бачыла, як пяшчотна тата ставіцца да мамы. У нашым доме заўсёды былі для яе кветкі, тата ўвесь час дарыў ёй падарункі.

Усе выходныя яны праводзілі разам, а самым жахлівым пакараннем за нашыя свавольствы былі татавы словы, што «гэта засмуціць маці».

Нягледзячы на розніцу ў характарах (бацька – камунікабельны, вясёлы чалавек, душа любой кампаніі, маці, наадварот, – маўклівая, закрытая, любіла спакой), яны ніколі не канфліктавалі.

Бацькі Людмілы Гладковай

У дзень татавага 70-годдзя маці, нягледзячы на тое, што дрэнна сябе адчувала, спявала, але сказала потым, што гэта была яе лебядзіная песня. Ніхто не надаў гэтым словам сур’ёзнага значэння, а праз месяц яна памерла.

Пасля смерці мамы бацька не хацеў жыць, прападаў на могілках і ўвесь час плакаў.

Каб неяк жыць далей, ён паставіў перад сабой мэту – перажаніць усіх унукаў, а іх у яго – шасцёра. І гэтую мэту ён выканаў.

На вяселлях усіх унукаў ён бласлаўляў іх і казаў пажаданні ад свайго імя і ад імя мамы. І на апошнім вяселлі сказаў, што, выканаўшы свой абавязак, можа цяпер спакойна пайсці да жонкі. Праз 7 месяцаў яго не стала.

Бацькі пражылі разам 48 гадоў, не дажыўшы да залатога вяселля 2 гады. У апошнія дні жыцця мамы бацька не адыходзіў ад яе, нягледзячы на тое, што мы з сястрой былі побач.

Пасля смерці таты я знайшла тоўсты сшытак, у якім ён апісваў для мамы свае пражытыя дні, раіўся з ёй, звяртаючыся да яе словамі, поўнымі любові і пяшчоты.

Нас у бацькоў трое. У нашых дзяцей ужо ёсць свае дзеці – нашыя ўнукі. Яны ўсе таксама чыталі гэты сшытак. Ва ўсіх у нас – моцныя дружныя сем’і. Я лічу, прычына ў тым, што прыкладам для нас заўсёды з’яўлялася жыццё нашых бацькоў.»

 

Вера КузовінаГісторыю жыцця і кахання бацькоў Людмілы Гладковай апрацавала да друку слухачка секцыі «Залатое пяро» Вера Кузовіна

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.