Яўген Петрашэвіч: Я выбраў музыку, а музыка выбрала мяне

Яўген Петрашэвіч: Я выбраў музыку, а музыка выбрала мяне

Славуты гарадзенскі кампазітар Яўген Петрашэвіч адыйшоў у лепшы свет 11 сакавіка 2017 г. Ён пакінуў пасля сябе не толькі шматлікія музычныя творы і кнігі, але і ўспаміны, якія некалькі год таму былі апублікаваныя ў брашуры “Гісторыі ХХ стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў”. Прапануем іх вашай увазе.

Прага да музыкі перадалася мне па крыві

Прага да музыкі, напэўна, перадалася мне па радні, таму што памятаю, як мой прадзед – Піліп Мілашэвіч – граў на скрыпцы. Ды і ўвогуле, у маім родзе спявалі ўсе: і мая прабабуля Аўдоля, яе дочкі Зіна, Люда, мая мама Воля. Дзядзя Грыша граў на гармоніку. Памятаю, дзяўчаты збіраліся ў нашай хаце і нават плакалі, слухаючы песні і музыку. Я разам са сваёй сястрой Ірынай, можна сказаць, хутчэй навучыўся спяваць, чым хадзіць. Я да музыкі з дзяцінства быў страшна неабыякавы. Мяне вельмі хвалявалі і ўражвалі навакольныя гукі. Напрыклад, іду я ў дзяцінстве са школы, нешта мурлыкаю сабе пад нос, зубамі ў такт шчоўкаю. Акампанірую.

Вёска Падбараны, у якой я нарадзіўся, была вельмі музыкальнай. Былі хлопцы, якія ўмелі граць на гармоніку, дзяўчаты вельмі любілі збірацца і спяваць песні пад іх музыку. Моладзь часта збіралася, каб паіграць на музычных інструментах і паспяваць. Дык гэтыя гукі да гэтай пары ў мяне ў вушах стаяць.

Жыў на хутары хлопец Антон, які выдатна граў на дудцы. Бывала у нас на вячоркі збярэцца народ (а часам нават адбываліся мужчынскія вячоркі), дык заўсёды ўпрошвалі гэтага Антона пайграць на дудцы.  Так з дзяцінства і запала мне ў душу нешта музычнае, якое адклала свой адбітак.

Неяк мая прабабуля Аўдоля на базары ў Лунна  купіла мне дудачку. На рэлігійным занятку (а ў той час былі і такія – вёў у нас святар Аляксандр Каляшэвіч) я разглядваў яе і неспадзявана яна выпала ў мяне з рук і пакацілася. А мне было сорамна казаць пра яе. Так і атрымалася, што сваю першую дудачку я згубіў. А мне так яна падабалася, і так мне марылася граць на ёй!

Нёман у той час быў вельмі ажыўлены. Плытагоны, якія сплаўлялі лес па рацэ, часта заставаліся ў нашай вёсцы на начлег, і мы хадзілі да іх паслухаць, пра што гавораць, што спяваюць. Яны ігралі на цікавых самаробных свістульках. Я здагадаўся, як гэтыя самаробкі робяцца. І потым, калі зрабіў адну, гэта стала маім самым сапраўдным захапленнем. Гэтыя плытагоны паказвалі нам розныя штукі, нават невялічкія спектаклі, а мы ўсё гэта пераймалі, убіралі ў сябе. У адным са спектакляў я сам прымаў непасрэдны удзел і іграў нейкага мужа, які прыехаў з адпачынку і заспеў сваю жонку з палюбоўнікам. Спецыяльна для гэтай ролі выпрасіў у свайго дзядзькі ваенную шапку, зрабілі для мяне драўляную шаблю. Увогуле і наш край і наш час былі вельмі музыкальнымі, што ў значнай ступені паўплывала на мяне.  

Першы мой сапраўдны музычны інструмент – губны гармонік – мне падаравала мая маці, Вольга Васільеўна, якая сама мела прыродныя здольнасці да музыкі і спеваў. Яна даволі часта выходзіла на бераг Нёмана і спявала прыгожыя песні.

У нашай вёсцы граў такі хлопец Алесь Троцкі. Я спрабаваў нешта пераняць у яго, нешта граць, нават збіраў дзяцей больш-менш здольных і рабіў шумавы аркестр. Калі цямнела, і дзеці, і дарослыя пачыналі танцаваць на падворку. Я вельмі шмат іграў на гармоніку, не толькі на вуліцы, але і вяртаючыся дахаты. Бацькі нават казалі: “Хопіць ужо іграць! Ужо зусім губы спухлі!”. Ад гэтага мне нават мянушку далі Лупаты. У мяне з дзяцінства існуе вялікая цяга да музыкі, якую я пранёс праз усё жыццё да сённяшняга дня.

Кожны інструмент непаўторны, як мова кожнага народа. Я вельмі люблю мовы. Пабываў у многіх краінах, чуў шмат моваў, і ўсе яны мне да спадобы, таму што гэта душа народа.

Зараз я ўмею граць на многіх музычных інструментах, напрыклад на гармоніку, як і бацька мой Кастусь. Нават на веласіпедзе магу сыграць, калі папросяць.

Яўген Петрашэвіч у час выступаў у Бельску Падляскім, 1989 г. 

У час вайны і пасля яе мы здавалі пакой доктару, у якога быў вельмі прыгожы баян. Ён умеў граць некаторыя вальсы. Я, паслухаўшы і паглядзеўшы, як ён грае, браў баян і на слых прайграваў. Аднойчы, убачыўшы, што добра іграю, гэты доктар чамусьці схаваў ад мяне інструмент. Дарэчы, потым ігра на баяне стала вельмі карыснай, таму што падчас вайны часта праходзілі аблавы на мірных жыхароў, быў вялікі дэфіцыт усяго, і каб немцы не забралі прадукты, прыпасы хавалі ў куфар. І на гэты куфар сядаў я і пачынаў граць на гармоніку ці баяне. Ніхто мяне не чапаў, таму прадукты заставаліся пры нас.

Карысць быць музыкам была яшчэ і ў тым, што баяністаў у мае студэнцкія годы ахвотна бралі жыць на кватэру. Іншы ногі пазбівае, шукаючы пакой, а калі гаспадар пабачыць на тваім плячы гармонік ці баян – пытанне вырашыцца адразу. Толькі вось граць трэба будзе заўсёды, калі папросяць. Можна вучобу прапусціць, але адмовіцца не маеш права.

Мой бацька Канстанцін Канстанцінавіч атрымаў у Харкаве адукацыю і спецыяльнасць кваліфікаванага паштовага служачага. Служыў начальнікам пошты ў Лунне (Мастоўскі раён). Падчас польскай улады са сваім старэйшым братам працаваў цесляром, а з прыходам савецкай улады ў 1939 годзе яго перавялі на работу ў Гродна, на пасаду галоўнага бухгалтара абласной пошты.   

Бацька, таксама адораны чалавек, распавядаў, што калі быў у Харкаве, купіў сабе гармонік і па нотах вывучыў “Ойча наш”, сеў на лесвіцы ў навагоднюю ноч і заіграў. Шмат людзей сабралася каля яго, слухалі, але пасля гэтага ён больш ніколі не іграў. Увогуле, ён меў матэматычны склад розуму, быў строгім чалавекам і не вельмі добра ставіўся да майго захаплення музыкай.

Пасля школы я паступіў у Мінскую музычную вучэльню па спецыяльнасці баян і дырыжыраванне. З трэцяга курса вучэльні мяне прызвалі ў войска, дзе я служыў з 1950 па 1953 гады. Такім чынам, вучоба расцягнулася на 7 гадоў (1949-1955). Затое я вучыўся ў прафесараў Мікалая Аладава і Яўгена Глебава, быў знаёмы з Генрыхам Вагнерам.

Рэпрэсіі не прайшлі міма

Калі я служыў у войску ў Калінінградзе, маіх маці і бацьку арыштавалі і рэпрэсавалі. Справа ў тым, што мой дзядуля, бацька маёй маці, дзед Васіль Рамашка, жыў тады ў Амерыцы, працаваў цырульнікам і з часам нават адкрыў сваю ўласную цырульню. Мая маці разам з бабуляй таксама жылі ў Амерыцы, але з-за неспрыяльнага клімату ім давялося вярнуцца на радзіму. Бацькоў рэпрэсавалі за перапіску з маім дзедам і цёткамі Наталляй і Алесяй, якія таксама жылі ў Амерыцы. Бацьку як агітатара адправілі ў ссылку ў Ангарск на 15 гадоў, маці як шпіёнку адправілі ў Архангельск на 25 гадоў.

Нам бацька часта гаварыў: “Дзеці, сённяшняя ўлада на пяску пабудавана. Яна не вечная, доўга не ўтрымаецца”.

Ён мог так свабодна казаць, за тое і паплаціўся. Ён увогуле вельмі правільна разважаў, і людзям парады даваў, таму дзверы ў нашую хату ніколі не зачыняліся. Тады мы жылі на вуліцы Мулярскай, якая ўжо не існуе. У нашай сям’і было тры пакоі.

Пасля таго, як забралі бацькоў, маю сястру Ірыну загналі ў маленькі пакойчык, а ў два іншыя пасялілі КГБістаў. Гэтыя кэгэбісты часта мяняліся, сыходзілі адны, прыходзілі новыя. Пасля 5 гадоў бацькоў вызвалілі, і яны вярнуліся на радзіму. Маю дакумент, што бацькі рэабілітаваныя за адсутнасцю віны, але 5 гадоў адбылі ссылку, былі асуджаныя як палітычныя злачынцы.

Вярнуўшыся дахаты, я быў павязаны па руках і нагах. З-за арышту бацькоў ў мяне было шмат праблем і перашкодаў у працы і творчасці. Здаецца, чаго прасцей — узяць аловак, напісаць мелодыю і сыграць у калектыве. Але не! Тут ты знаходзішся “пад каўпаком”. Гэта як ферзь: ён стаіць, але ўжо дзейнічае, хоць не было ніводнага яго ходу. Але мяне гэта толькі загартоўвала.

Педагагічная і творчая дзейнасць

Пасля вяртання ў Гродна я распачаў актыўную педагагічную і творчую  дзейнасць. На працягу 14 гадоў працаваў у Гродзенскай музычнай школе № 1, адкуль сам выйшаў калісьці. Выкладаў ігру на баяне і кампазіцыю, адкрыў клас цымбал, арганізаваў інструментальны квінтэт, з якім паспяхова выступаў у Мінску і Беластоку. Таксама вёў аркестр народных інструментаў, дзе гралі балалайкі, але я заўважыў, што балалайкі ў нашым краі не прыжываюцца.

Потым мяне запрасілі працаваць у ансамбль “Нёман”. Працаваў я з энтузіязмам, няглядзячы на матэрыяльны бок. У гэтым ансамблі на словы Шыдлоўскага вышлі кампазіцыі “Залатыя каласы” і “Мяцеліца”. Гэты ансамбль мы стваралі ў спалучэнні гучання скрыпкі, цымбал, дудак, што у той час было даволі незвычайна. Давялося выступаць у Маскве на крамлёўскай сцэне.

“Нёман” быу ансамблем даволі высокага музычнага узроўню, які многія імкнуліся запрашаць. Дзякуючы нашым намаганням, пасля мяне ансамбль яшчэ працягваў гучаць, але потым яго давялі да вясковага ўзроўню. Я перайшоў працаваць у ансамбль “Вянок”, які знаходзіўся ў Палацы культуры хімікаў.

Так нарадзіліся “Дударыкі”

Займаючыся творчай дзейнасцю, я паступова прыйшоў да высновы, што многія людзі хацелі б слухаць менавіта народную музыку. Вось я і вырашыў успомніць дзяцінства (памятаеце шумавыя аркестры?) і стварыць свой дзіцячы фальклорны ансамбль.

Так у 1980 г. у Палацы дзіцяча-юнацкай творчасці нарадзіліся “Дударыкі”.

Дударыкі калядуюць, 2001г.

Тут знайшліся здатныя дзеці, з якімі мы пачалі спрабаваць граць фальклорныя кампазіцыі з дудачкамі, цымбаламі, скрыпкамі. У працы з гэтымі дзецьмі я разглядзеў сваё юнацтва, дзяцінства, тыя даўнія напевы і песні, якія нараджаліся ў мінулым. Менавіта ў гэты момант я зразумеў, што можна стварыць асобную фальклорную групу і адрадзіць святкаванне народных традыцыйных святаў, такіх як Купалле, Каляды, гуканне вясны.

Дзеці ў Палацы хацелі навучыцца граць на акардэоне, баяне. Я вучыў, але пры гэтым казаў, каб у нядзелю прыходзілі на дадатковыя рэпетыцыі “Дударыкаў”. З гадамі яны ўсе перайшлі ў “Дударыкі”. Канечне, не абыходзілася і без праблем у калектыве, але я ні разу не скардзіўся на дзяцей іх бацькам. Таму што ўсе бацькі хочуць бачыць сваё дзіцё добрым, найлепшым. І дзеці шанавалі маю пазіцыю, асабліва з гадамі.

На пачатку ўзніклі цяжкасці ў падборы рэпертуару, таму што дзіцячых фальклорных твораў практычна няма. Мне не раз даводзілася ездзіць па вёсках і збіраць фальклорны матэрыял для будучага ансамбля. Акрамя гэтага, трэба было вырашаць і іншыя праблемы: шукаць спонсараў на шыццё вопраткі, абутку для выступаў, майстраваць атрыбуты народных святаў (калядную зорку, саламяныя маскі, лапці), навучыць дзяцей без спецыяльнай музычнай падрыхтоўкі адначасова граць, спяваць і прытанцоўваць.

У дзяцінстве, як я ўжо казаў, я спрабаваў ствараць імправізаваныя дзіцячыя аркестры. Гэта паказальна, што тое, у што дзеці гуляюць, становіцца іх спецыяльнасцю, зацікаўленасцю, тым, што для іх застаецца вельмі важным. Нехта з мудрых сказаў: “Геній жыве ў дзецях”. А праяўляецца гэта ў свежасці і навізне пачуцця. І пранесці гэтае адчуванне як свечку праз жыццё з вятрамі няўзгод – гэта вялікі подзвіг і сапраўдная радасць.

У асноўным гучала народная ці блізкая да народнай музыка. Дзеці любяць гуляць у гульні, а цацкі робяць дарослыя. Я рабіў музычныя “цацкі” – вясновыя, юр’еўскія,  купальскія, калядныя, восеньскія песні. З ростам дзяцей мяняліся і песні. Раслі дзеці – раслі і песні, рос і я як творца.

У ансамблі напачатку было 20 дзяцей: 15 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Таму падбор песен праходзіў з большым разлікам на хлапцоў. Гралі мы на самых розных інструментах: на дудцы, жалейцы, гармоніку, цымбалах, скрыпцы, кантрабасе, ударных.

Я адразу ж пачаў наладжваць тут парадак, як у вялікай сям’і: дзеці былі рознаўзроставыя, таму старэйшыя апекаваліся над малодшымі, кожны меў сваю ролю ў калектыве, займаўся сваёй справай, але ў сукупнасці з іншымі. З часам група вырасла ў самастойны ансамбль. У наш рэпертуар увайшлі песні, танцы, калядна-абрадавыя мелодыі.

У “Дударыкаў” склаліся і свае традыцыі. Так, кожны год ансамбль разам з маёй сястрой Ірынай віншавалі з Калядамі ўсіх настаўнікаў і гурткоўцаў Палаца дзіцяча-юнацкай творчасці. Таксама ў калектыве праводзіліся Дні імянінніка. Да арганізацыі гэтага мерапрыемства далучаліся бацькі дзяцей. Штогод у верасні адбывалася ўрачыстае пасвячэнне ў гурткоўцы ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”.

Калі надыходзіла вясна, “Дударыкаў” запрашалі ў Новы замак, каб адсвяткаваць гуканне вясны. Гэтыя маленькія святы прыносілі шмат радасці, вяселля, смеху і гумару!

Дударыкі гукаюць вясну, 1993

Увогуле, “Дударыкі” заўсёды былі жаданымі гасцямі ў школах, бібліятэках, на гарадскіх святах са сваімі творчымі праграмамі (напрыклад, на свята беларускага пісьменства і друку).

Я адначасова быў і кампазітарам, і педагогам. Менавіта ад таго, як я мог спалучаць гэтыя дзве сутнасці, залежала атмасфера ў калектыве, узаемаадносіны паміж мною і дзецьмі, а таксама і развіццё саміх дударыкаў – творчае і духоўнае.

У 1993 годзе фальклорнаму калектыву “Гарадзенскія дударыкі” было прысвоена ганаровае званне “узорны”. Мая сястра, Ірына Белавусава – дырыжор ансамбля народных інструментаў – таксама разам са мной прыклала вялікія намаганні для таго, каб “Дударыкі” змаглі падняцца на такую вялікую прыступку ў сваім развіцці і дасягнуць прызнання.

На наступны год Міністэрства культуры і друку Беларусі запрасіла нас на першы Міжнародны фестываль фальклору, дзе мы атрымалі дыплом.

Неаднаразова адзначалі наш калектыў абласны аддзел народнай адукацыі і ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, гарвыканкам. “Дударыкі” неаднаразова выступалі па радыё і на тэлебачанні.

Наш рэпертуар, арыентаваны менавіта на нацыянальныя абрадавыя традыцыі, складаўся з некалькіх блокаў: купальскія песні, вяснянкі, калядкі, патрыятычныя і забаўляльныя песні, а таксама “інтэрнацыянальныя” творы. Калі мы ездзілі ў замежжа, то спявалі песню той краіны, куды ехалі. Заўсёды вязлі з сабой своеасаблівы музычны сувенір. Гэта быў нейкі мост паміж дзвюма культурамі.

Менавіта з такога тыпу песен былі нямецкая песня пра вясну, англійская – “Капітан”, нарвежскі “Вальс”, французская “Сурлепо”, а таксама песні нашых суседзяў.

“Дударыкі” скараюць Еўропу

“Дударыкі” у свой час добра пакаталіся па свеце. Так, мы ездзілі з канцэртамі ў Літву (калядны канцэрт у Вільні, 1996 г.), Польшчу (канцэрт народнай музыкі ў Бельску Падляскім, 1989 г.), Францыю (г. Брыў, 1998 г.), Швецыю (г. Норсберг, 2001 г., канцэрт для дзяцей дыпламатаў з розных краін), Нарвегію (жнівень 2000 г.).

Хацеў бы крышку падрабязней распавесці пра канцэрт у Францыі, таму што гэта было наша першае сур’ёзнае міжнароднае падарожжа і выпрабаванне такога кшталту.

Мы выступалі з праграмай на XII Міжнародным фестывалі “Аркестрына”, які праходзіў у французскім горадзе Брыў. Тут змаглі паказаць свае таленты трынаццаць аркестраў, семсот юных музыкаў з краін Еўропы, Амерыкі і Афрыкі.

Кампазітар і дырыжор Жак Пеці пры выкананні сваёй кампазіцыі “Мора” пасадзіў нашых “Дударыкаў”, апранутых у нацыянальныя строі, у цэнтры ўсяго зводнага вялізарнага аркестра. Ён даручыў нашаму калектыву пачаць кампазіцыю, а таксама выканаць яе завяршальную частку. Потым мы яшчэ выканалі і сольную партыю п’есы ўсё таго ж Жака Пеці. На сцэне дзеці паводзілі сябе раскавана, свабодна. І не дзіўна, бо нашыя заняткі і падрыхтоўка былі менавіта для сцэны, а не для муштравання.

Асаблівую цікаўнасць там выклікалі нашыя нацыянальныя музычныя інструменты. Падчас тэлетрансляцыі вельмі часта на экране паказвалі нашую цымбалістку Волю Канішчаву.

Таксама “Дударыкі” паўдзельнічалі ў месячніку еўрапейскай культуры ў Кракаве (1992 год).

У 2000 годзе мы былі з канцэртам у Нарвегіі. “Дударыкі” прымалі ўдзел у міжнародным гала-канцэрце “Тварам да твару з нашым светам” пад лозунгам “Маладое пакаленне – за лепшую будучыню”, які праводзіўся ў рамках фестываля “Трандэлаг-2000”.

На гэтым жа канцэрце разам з намі выступалі скандынаўскія калектывы, музыкі з Ірландыі, Балгарыі, вострава Марцініка. “Дударыкі” здолелі ўпісацца ў канцэрт сучаснай музыкі са сваёй фальклорнай праграмай “Поры года”. Вялізная зала на адкрытай пляцоўцы бурна рэагавала на ўсе нашыя песні, а “Вальс” ля-мінор Эдварда Грыга – знакамітага нарвежскага кампазітара – стаў прыемнай нечаканасцю для слухачоў.

Напрыканцы нашага выступу перакладчыца падаравала аргкамітэту пару саламяных лялек – беларуса і беларусачку, як сімвал надзеі на лепшы свет, са словамі “Дзякуй, Нарвегія!”. Нашыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў нацыянальных строях вызначыліся ў аглядзе-конкурсе і занялі ганаровае другое месца з выплатай значнай прэміі.

Акрамя гэтага, мы яшчэ правялі 17 канцэртаў: у дамах для састарэлых і хворых людзей, у гарадской Радзе, на пляцоўках выставы Трандэлаг-2000, у культурным цэнтры Стыкльстад – гістарычным месцы бітвы вікінга Олафа, які стаў каралём Нарвегіі.

У апошні дзень фестываля мы наведалі Трандхейм, прысутнічалі на службе ў храме Нідарос, дзе пахаваныя нятленныя мошчы св.Олафа, а таксама ўдзельнічалі ў забаўляльнай праграме ў музеі музыкі Рынгве, заснаваным, дарэчы, рускай жанчынай.

Там жа, у Нарвегіі, мне падаравалі партрэт кампазітара Грыга. Сказалі, што я падобны да яго і па віду, і па натуры.  

Арганізатарам гэтай цудоўнай паездкі стала старшыня грамадскага аб’яднання дружбы “Нарвегія-Беларусь” Сванхільд Валстадс. Гэта незвычайная жанчына, якая яшчэ была кіраўніцай таварыства дружбы “Паўночны Трандэлаг – Мінск”, дапамагала многім беларусам, у тым ліку і “Дударыкам”, для нас яна стала як сапраўдная клапатлівая маці. Пра яе, дарэчы, вельмі шмат пісалі і ў беларускай, і ў нарвежскай прэсе.

Таксама мы выступалі на фестывалі у Гданьску “Граем на інструментах унікальных і на чым папала”. Людзі гралі хто на чым: хто на дудзе, хто на піле, хто выкарыстоўваў пластыкавыя бутэлькі ў якасці акампаніменту. “Дударыкі” мелі беларускую праграму і пару польскіх песен. У сярэдзіне праграмы я ўспомніў дзяцінства і выступіў перад аўдыторыяй са сваімі гукавымі фокусамі: паквакаў як жаба, пагаўкаў, памычаў.

За мяжой “Дударыкі” выклікалі большае захапленне, чым у нашай краіне. Напраклад, калі мы былі ў Швецыі і нас запрасілі павандраваць з шахматным клубам, мы далі канцэрт у інтэрнаце для дзяцей дыпламатаў усяго свету, дзе прывялі ў захапленне ўсіх без выключэння гледачоў. Потым нашыя дзеці яшчэ ўмудрыліся перамагчы шведаў у шахматах. А саміх шведскіх шахматыстаў я за пару тыдняў зрабіў дударыкамі. Еўропа згубіла нешта фальклорнае, этнаграфічнае, вось таму з захапленнем прымала нас.

Так здарылася, што “Дударыкаў” нейкі час хвалілі, а потым аб’явілі нацыяналістамі…

Я звольніўся з працы, і ансамбль спыніў сваё існаванне. Але “Дударыкі” ўсё роўна жывуць!

Праз ансамбль прайшло не адно пакаленне дзяцей. Прайшоўшы школу калектыву, многія з іх звязвалі сваё жыццё з музыкай і паступалі ў далейшым у розныя музычныя ўстановы краіны. Ганаруся сваімі навучэнцамі, якія сёння сталі знакамітымі дзеячамі культуры. Гэта кампазітар і прафесар Віктар Войцік, кіраўнік ансамбля “Беседа”, народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід Захлеўны. Гэта два нябачныя ордэны на маіх грудзях! Вядомы баяніст-выканаўца Уладзімір Навасадаў, які зараз ездзіць у Данію, Швецыю як кансультант з метадычнымі прапановамі. Сяргей Кануннікаў, таксама кампазітар, музыкі браты Фадзіны і іншыя.

Дзяцей немагчыма падмануць, таму трэба разумець іх і з замілаваннем ставіцца да справы. Трэба шчыра любіць сваё, роднае.

Беларускія народныя песні  маюць сканцэнтраваную вялізарнейшую энергію, яны вечныя. Кожны час патрабуе новыя музычныя плыні,  але сама ідэя песні – народная. І яна павінна быць моцнай як падмурак будынка.

Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч. Нарадзіўся 8 чэрвеня 1930 г. ў вёсцы Падбараны Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

У 1939 г. сям’я Петрашэвічаў пераехала ў Гродна. У 1949 г. скончыў 9 клас школы № 8, адначасова вучыўся ў Гродзенскай музычнай школе па класе баяна. У пачатку 50-х вучыўся ў Мінскай музычнай вучэльні па спецыяльнасці баян і дырыжыраванне.

1956-1970 гг.– праца ў Гродзенскай музычнай школе № 1 імя Ю.Семянякі. Адначасова кіраваў аркестравай групай народнага ансамбля  песні і танца “Нёман” (каля 5 гадоў), потым – аркестравай групай народнага ансамбля танца “Вянок”, таксама 5 гадоў. У 1972-1974 гг. – кіраўнік хору Абласнога савета прафсаюзаў у Гродне.

З 1975 г. кіраваў аркестрам народных інструментаў абласнога Палаца піянераў і школьнікаў. Заснавальнік легендарных гарадзенскіх “Дударыкаў”. Пачэсны студэнт гарадзенскага «Універсітэту Залатога Веку», аўтар гімну УЗВ.

Памёр 11 сакавіка 2017 г. у Гродне.

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.