Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Распрацаваць Дарожную мапу актыўнага даўгалецця як аснову для наступнай распрацоўкі нацыянальнага і рэгіянальных планаў дзеянняў па забеспячэнні актыўнага даўгалецця, улічваць інтарэсы сталых людзей пры прыняцці рашэнняў, звязаных з планаваннем развіцця інфраструктуры, уключыць у адукацыйныя праграмы школ дысцыпліну «Актыўнае даўгалецце», развіваць універсітэты трэцяга ўзросту на базе вышэйшых навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый – гэтыя і многія іншыя прапановы ўтрымліваюцца ў рэзалюцыі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая была арганізаваная з удзелам УЗВ у Гродне.

Фінальную версію Рэзалюцыю дапрацоўвала рэдакцыйная камісія ў складзе:

  • Анжаліка Аношка (старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемапаразуменне»);
  • Галіна Верамейчык (кіраўнік Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV International) у Рэспубліцы Беларусь);
  • Ганна Закрэўская (заг. аддзела сацыяльнай абароны насельніцтва НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь);
  • Уладзімір Корж (старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага асветніцкага аб’яднання «Акт»);
  • Вітаўт Руднік (старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар»);
  • Лана Руднік (дырэктар установы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый»);
  • Раіса Сінельнікава (эксперт Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра ім. Йоханеса Рау).

РЭЗАЛЮЦЫЯ

МІЖНАРОДНАЙ НАВУКОВА-ПРАКТЫЧНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ “ПАЛЯПШЭННЕ ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ СТАЛЫХ ЛЮДЗЕЙ: НА ШЛЯХУ ДА РАСПРАЦОЎКІ ПЛАНАЎ ДЗЕЯННЯЎ ПА ПЫТАННЯХ СТАРЭННЯ”

(8-9 красавіка 2016 г., г. Гродна, Беларусь)

Мы, удзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі планаў дзеянняў па пытаннях старэння” (далей “Канферэнцыя”), усведамляючы сваё дачыненне да забеспячэння годнага ўзроўню жыцця людзей усіх пакаленняў, звяртаемся да прадстаўнікоў  грамадзянскай супольнасці, навуковай супольнасці, бізнэс-структур, органаў улады, якія ўдзельнічаюць у працэсе прыняцця рашэнняў, наўпрост ці ўскосна ўплываюць на жыццё сталых людзей.

Старэнне грамадства з’яўляецца адным з самых сур’ёзных выклікаў сучаснасці. Павелічэнне долі сталых людзей у агульнай колькасці насельніцтва ўжо зараз патрабуе рэарганізацыі сфер жыццядзейнасці грамадства і іх арыентацыі на патрэбы старэючага насельніцтва. Ужо сёння сур’ёзнага рэфармавання патрабуюць такія сістэмы, як сацыяльная абарона насельніцтва (у тым ліку сацыяльнае абслугоўванне), ахова здароўя, вытворчасць тавараў і паслуг, адукацыя і многія іншыя сферы жыцця грамадства.

Пры гэтым старэючае насельніцтва мае велізарны патэнцыял, рэалізацыя якога дае шанец выкарыстоўваць новыя магчымасці на карысць грамадства.

Сучасныя сталыя людзі валодаюць ведамі і неацэнным досведам, якія могуць і павінны быць карысныя як сучаснаму грамадству, так і наступным пакаленням. Сталыя людзі здольныя і павінны прыносіць карысць грамадству, але для гэтага неабходна стварыць неабходныя ўмовы для іх нармальнай жыццядзейнасці, эфектыўнай занятасці, а таксама культурнага, інтэлектуальнага і фізічнага развіцця.

Пры гэтым мы прызнаем, што для вырашэння праблем адаптацыі грамадства да новай дэмаграфічнай сітуацыі недастаткова толькі дзеянняў з боку дзяржавы і грамадзянскай супольнасці: кожны чалавек, у меру сваіх магчымасцяў, павінен сам несці адказнасць за сваё жыццё і рабіць са свайго боку ўсё магчымае, каб палепшыць яе якасць.

Мы перакананыя, што прыйшоў час для распрацоўкі нацыянальных і мясцовых планаў дзеянняў па пытаннях актыўнага даўгалецця.

Гэтыя планы павінны грунтавацца на такіх асноватворных дакументах, як Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння (2002) і рэгіянальныя стратэгіі па яго ажыццяўленні, дакументы СААЗ па актыўным даўгалецці і здароўі, на досведзе работы Глабальнай сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей, і іншых падобнага кшталту дакументах і ініцыятывах.

Галоўнай мэтай такіх планаў павінна стаць стварэнне ўмоваў для годнага старэння і максімальнай рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця, паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей, максімальнае падаўжэнне перыяду здаровага і стваральнага старэння ў прыязным да сталых людзей асяроддзі.

Мы вызначылі наступныя ключавыя задачы, вырашэнне якіх павінна быць адлюстравана ў нацыянальных і мясцовых планах дзеянняў па пытаннях старэння:

СТВАРЭННЕ ЎМОВАЎ ДЛЯ ГОДНАГА, КАМФОРТНАГА І БЯСПЕЧНАГА ЖЫЦЦЯ

Сталыя людзі сваёй шматгадовай працай заслужылі права на тое, каб годна працягваць сваё жыццё пасля выхаду на пенсію. Для вырашэння гэтай задачы неабходны сістэмныя сумесныя дзеянні з боку дзяржавы, грамадзянскай супольнасці і бізнэс-супольнасці.

У сувязі з гэтым мы прапануем:

— распрацаваць Дарожную мапу актыўнага даўгалецця як аснову для наступнай распрацоўкі нацыянальнага і рэгіянальных планаў дзеянняў па забеспячэнні актыўнага даўгалецця;

— уключаць пытанні, звязаныя са стварэннем спрыяльных умоваў для здаровага і годнага старэння, у стратэгіі развіцця рэгіёнаў і асобных населеных пунктаў;

— улічваць інтарэсы сталых людзей пры прыняцці рашэнняў, звязаных з планаваннем развіцця інфраструктуры (у першую чаргу інфраструктуры жылых забудоваў — спецыяльныя спартыўныя пляцоўкі, пандусы, даступнасць аб’ектаў прадастаўлення паслуг насельніцтву), транспарту, будаўніцтва, сацыяльнага і медыцынскага абслугоўвання і г.д.;

— распрацаваць дзяржаўныя праграмы па годным старэнні, у тым ліку па прадухіленні і пераадоленні праблем дэменцыі;

— развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы аказання паслуг сталым людзям, а таксама падрыхтоўкі кадраў для аказання гэтых паслуг;

— стымуляваць развіццё добраахвотных праграм прадастаўлення льгот для сталых людзей пры атрыманні паслуг (куплі тавараў) на аснове Карткі сталага чалавека і іншых падобных ініцыятываў;

— ствараць новыя магчымасці і пляцоўкі для правядзення вольнага часу, заняткаў фізкультурай і творчасцю сталых людзей сумесна з прадстаўнікамі людзей іншых пакаленняў;

— уключыць у адукацыйныя праграмы школ дысцыпліну «Актыўнае даўгалецце»;

— паляпшаць умовы для дабрачыннасці ў інтарэсах сталых людзей;

— прыняць меры па стварэнні тэрапеўтычна бяспечнага адкрытага безбар’ернага асяроддзя для сталых людзей;

— распрацаваць стандарты якасці (як мінімальныя сацыяльныя стандарты, так і стандарты падвышанай камфортнасці для людзей, якія здольны ўносіць аплату за камфортнае пражыванне) пражывання сталых людзей, у тым ліку ў спецыялізаваных установах і арганізаваць кантроль за іх выкананнем;

— развіваць новыя формы прадастаўлення сацыяльных паслуг сталым людзям (цэнтры дзённага знаходжання, прыёмныя сем’і і г.д.);

— ствараць установы для пастаяннага i часовага знаходжання людзей, хворых на дэменцыю;

— выпрацаваць сістэму мер (у тым ліку добраахвотную) папярэджання дэменцыі для грамадзян сталага ўзросту (не толькі тых, хто знаходзіцца на сацыяльным абслугоўванні);

— забяспечыць падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у сферы дадатковай адукацыі сталых людзей, сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі;

— актывізаваць навуковыя і сацыялагічныя даследванні, якія датычацца патрэбаў сталых людзей, а таксама іх становішча (эканамічнага, псіхалагічнага і г.д.);

— стымуляваць стварэнне інфармацыйных цэнтраў, цэнтраў прававой і псіхалагічнай дапамогі для сталых людзей;

— развіваць універсітэты трэцяга ўзросту на базе вышэйшых навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый, стымулюючы пры гэтым супрацоўніцтва паміж гэтымі арганізацыямі;

— установам сістэмы адукацыі і культуры, ЖЭСам прадастаўляць памяшканні для працы са сталымі людзьмі;

— ствараць Цэнтры і праграмы па падрыхтоўцы спецыялістаў для навучання дарослых (і, у прыватнасці, сталых людзей);

— матываваць органы ўлады развіваць адукацыю для дарослых (сталых) у сельскай мясцовасці;

— забяспечыць абарону правоў сталых спажыўцоў, ахову жыцця і ўласнасці сталых людзей, якія ўсё часцей становяцца ахвярамі ашуканцаў і іншых злачынцаў, а таксама прававую абарону сталых людзей ад хатняга гвалту розных тыпаў (фізічнага, псіхалагічнага, эканамічнага і інш.);

— стымуляваць правядзенне з удзелам сталых людзей маніторынгу інфраструктуры для сталых людзей з пазіцыі іх патрэбаў; вынікі маніторынгу прадастаўляць у кантралюючыя органы, органы ўлады, якія прымаюць рашэнні, рабіць даступнымі для грамадскасці;

— разгледзець пытанне пра перадачу клубаў у сельскай мясцовасці на баланс сельсаветаў для арганізацыі ў гэтых клубах дзейнасці для сталых людзей і з прыцягненнем у арганізацыю гэтай дзейнасці саміх сталых людзей;

— арганізоўваць перасоўныя мультыфункцыянальныя пункты абслугоўвання сталых людзей у сельскай мясцовасці (аўталаўкі, пункты бытавога абслугоўвання, бібліятэкі і г.д.);

— стварыць нацыянальны інфармацыйны рэсурс пра сталых і для сталых людзей;

— далучаць СМІ ў фармаванне пазітыўнага вобразу сталага чалавека, навучаць журналістаў карэктнаму асвятленню гэтай тэматыкі;

— распрацаваць сістэму забеспячэння бяспечнага пражывання сталых людзей (дыстанцыйнае суправаджэнне, маніторынг месца жыхарства рознымі службамі (МНС, МУС, псіхолагі, лекары і інш.)) і забеспячэнне бяспекі асяроддзя жыццядзейнасці сталых грамадзян;

— асаблівую ўвагу надаваць людзям ваеннага пакалення, ахвярам войнаў, вязням канцэнтрацыйных лагераў, гета, ахвярам рэпрэсій, дзецям вайны;

— аказваць падтрымку сем’ям і іншым асобам, якія даглядаюць сталых людзей, развіваць сістэму аказання дапамогі сем’ям, якія ажыццяўляюць догляд за сталымі (асабліва за сталымі з дэменцыяй);

— стымуляваць сацыяльную адказнасць бізнэсу ў сферы павышэння якасці жыцця сталых людзей;

— забяспечыць прафілактыку сіндрому эмацыйнага выгарання асоб, якія працуюць са сталымі людзьмі;

— выпрацаваць сістэму адказнасці за дыскрымінацыю па прыкмеце ўзросту на працы (для грамадзян, якія знаходзяцца ў пенсійным узросце), у сферы страхавання жыцця і здароўя (асабліва датычыцца сферы турызму, калі людзям не выдаюць страхоўкі для падарожжа і атрымання візы), у сферы забаў, вольнага часу і інш.;

— распрацаваць і прымяняць правілы, методыкі, культуру і этыку актыўнага даўгалецця (навыкі самазахаваўчых паводзінаў для забеспячэння актыўнага даўгалецця, якія ўключаюць асновы харчавання, фізічнай культуры, інтэлектуальнага развіцця (у тым ліку практыкаванняў для забеспячэння нагрузкі на аналітычны апарат галаўнога мозгу для прафілактыкі дэменцыі), догляду за сабой, псіхалагічнай самаадаптацыі і інш.);

— аказваць падтрымку навуковых даследаванняў у галiне правядзення сацыялагічных даследаванняў сталых грамадзян; выпрацоўкі мер па падтрымцы сталых грамадзян і забеспячэнні актыўнага даўгалецця ў грамадстве; фарміравання прапаноў па стварэнню ўмоваў для рэалізацыі сталымі грамадзянамі свайго патэнцыялу; па развіцці умоваў для эфектыўнай занятасці грамадзян пенсійнага і перадпенсійнага ўзростаў; па развіцці сістэмы сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай абароны ў цэлым з улікам сучаснай і перспектыўнай полаўзроставай структуры насельніцтва; па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі сталых грамадзян і інш.;

— пашыраць рэалізацыю праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, накіраваных на ўдасканаленне ўмоваў для паляпшэння якасці жыцця сталых людзей з улікам сучасных сацыяльна-дэмаграфічных выклікаў.

ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ЗДАРОЎЯ І ДАБРАБЫТУ Ў СТАЛЫМ УЗРОСЦЕ

Задачамі сістэмы аховы здароўя ў дачыненні да старэння і здароўя павінна стаць стварэнне сістэмы інтэграванага абслугоўвання і доўгатэрміновага догляду, прафілактыка неінфекцыйных захворванняў на працягу ўсяго жыццёвага цыклу, пераадоленне эйджызму (дыскрымінацыі па прыкмеце ўзросту).

У сувязі з гэтым мы прапануем:

— наладзіць узаемадзеянне сістэм аховы здароўя і сацыяльнай абароны ў пытаннях герыятрыі на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства, прапісаць паняцце «геранталогія»;

— вышэйшай і сярэдняй медыцынскім навучальным установам увесці выкладанне герыятрыі ў якасці абавязковай дысцыпліны;

— выйсці з ініцыятывай да Міністэрства аховы здароўя аб рэарганізацыі герыятрычнай службы (напрыклад, рэарганізацыя шпіталяў для ветэранаў войнаў у сучасныя герыятрычныя цэнтры);

— пры падрыхтоўцы спецыялістаў па сацыяльнай рабоце ўвесці курс па асновах геранталогіі;

— ствараць на базе паліклінік спецыялізаваныя геранталагічныя кабінеты;

— стварыць сістэму сацыяльнай рэабілітацыі (сацыяльнага абслугоўвання) для сталых людзей з дэгенератыўнымі псіханеўралагічнымі захворваннямі;

— падтрымліваць праграмы камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, накіраваныя на догляд за сталымі людзьмі;

— навучыць асновам догляду не толькі сем’і, у якіх ёсць сталыя людзі, але і саміх сталых людзей;

— стымуляваць навуковыя даследванні, якія датычацца прафілактыкі, лячэння захворванняў у сталым узросце, рэабілітацыі сталых людзей;

— Міністэрству аховы здароўя распрацаваць стандарты герыятрычнай дапамогі ў адпаведнасці з сучаснымі падыходамі на аснове канцэпцыі старэчай астэніі;

— Міністэрству працы і сацыяльнай абароны ў сістэму падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў па сацабароне ўключыць прадмет геранталогіі;

— стымуляваць стварэнне праграм і праектаў, накіраваных на фізічную і ментальную актывізацыю сталых людзей, паляпшэнне іх інфармаванасці па пытаннях прафілактыкі і лячэння розных захворванняў;

— ствараць умовы для занятасці сталых людзей, у тым ліку для іх вяртання на рынак працы;

— ствараць «банкі дадзеных сталых ментараў» (г.зн. кваліфікаваных спецыялістаў сталага веку, якія прапануюць свае прафесійныя паслугі, у тым ліку і на аснове частковай занятасці), развіваць інстытуты настаўніцтва;

— стымуляваць прадпрымальніцкія ініцыятывы сталых людзей, якія будуць спрыяць паляпшэнню іх матэрыяльнага дабрабыту;

— укараняць на базе арганізацый розных формаў уласнасці курсы падрыхтоўкі да пенсіі, фінансавай граматнасці і іншыя падобнага кшталту праграмы;

— ствараць установы, якія стануць пасрэднікамі паміж сталымі людзьмі, якія шукаюць дадатковую занятасць, і працадаўцамі. Такія цэнтры змогуць аказваць дапамогу ў складанні рэзюмэ, пошуку вакансій і падрыхтоўцы да сумоўя. Існуючым цэнтрам занятасці распрацаваць праграмы па перападрыхтоўцы людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту ў адпаведнасці з попытам на рынку працы;

— аказваць спецыялізаваную інфармацыйную, асветніцкую, метадычную і практычную падтрымку сем’ям, у якіх пражывае сталы чалавек, які мае патрэбу ў доглядзе;

— укараняць для людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту гнуткія графікі працы, частковую занятасць, дыстанцыйнае выкананне работ;

— наймальнікам сумесна з прафсаюзамі распрацаваць і ажыццяўляць праграмы падрыхтоўкі работнікаў да пенсіі;

— распрацаваць і ўкараніць праграмы стымулявання людзей да вядзення здаровага ладу жыцця.

ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ЎДЗЕЛУ СТАЛЫХ ЛЮДЗЕЙ У ЖЫЦЦІ ГРАМАДСТВА

Сталыя людзі маюць велізарны патэнцыял для вырашэння важных для грамадства задач. Іх веды, досвед, сацыяльныя сувязі і іншыя рэсурсы павінны быць актыўна задзейнічаны для вырашэння мясцовых праблем, стварэння планаў развіцця тэрыторый і г.д. Асабліва важным гэта падаецца для сельскіх рэгіёнаў, у многіх з якіх сталыя людзі з’яўляюцца ледзь не адзіным рэсурсам для развіцця.

У сувязі з гэтым мы прапануем:

— стымуляваць (у тым ліку, вылучаючы сродкі з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў) стварэнне розных формаў самаарганізацыі сталых людзей (клубы і гурткі па інтарэсах, грамадскія арганізацыі сталых людзей і г.д.);

— ствараць пры органах улады грамадскія рады па справах сталых людзей, у якія могуць уваходзіць сталыя людзі, прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых арганізацый, якія працуюць у інтарэсах сталых людзей;

— стымуляваць міжведамаснае ўзаемадзеянне з мэтай паляпшэння якасці жыцця сталых людзей, у тым ліку праз стварэнне Каардынацыйных саветаў;

— ў адным з беларускіх рэгіёнаў укараніць пілотны праект па павышэнні якасці паслуг для сталых людзей праз узаемадзеянне сацыяльных і медыцынскіх службаў;

— забяспечыць удзел сталых людзей у правядзенні грамадскіх слуханняў і іншых падобнага роду публічных дыскусіях, накіраваных на абмеркаванне важных для развіцця грамадства (мясцовай супольнасці) пытанняў;

— ствараць для сталых людзей магчымасці для сацыяльнай актывізацыі на базе «Універсітэтаў трэцяга ўзросту» і іншых падобных праграм, у тым ліку ў сельскай мясцовасці;

— стымуляваць удзел сталых людзей у валанцёрскіх праграмах (у тым ліку праграмах дапамогі іншым сталым людзям);

— падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на развіццё дыялогу і ўзаемапаразумення паміж людзьмі розных пакаленняў;

— спрасціць працэдуры атрымання фінансавай дапамогі арганізацыям, якія займаюцца паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей;

— шляхам падатковых ільгот спрыяць стварэнню і ўключэнню недзяржаўных арганізацый (у тым ліку камерцыйных) у вырашэнне пытанняў, звязаных са старэннем грамадства;

— стымуляваць міжнародныя кантакты і сумесныя праекты сталых людзей са сваімі аднагодкамі і людзьмі іншых пакаленняў;

— палепшыць інфармаванне сталых людзей пра магчымасці і механізмы ўдзелу ў жыцці грамадства, грамадска-карысныя ініцыятывы, навучаць іх асаблівасцям дзейнасці дзяржаўнай сістэмы Беларусі і ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў (у тым ліку праз стварэнне новых інфармацыйных рэсурсаў з актыўным удзелам саміх сталых людзей);

— арганізоўваць інтэрнэт-клубы для сталых людзей з навучалымі курсамі па афармленні электронных зваротаў у органы дзяржаўнага кіравання і мясцовыя органы кіравання і самакіравання, выкарыстанні інтэрнэт-банкінгу, зносін у блогах і сацыяльных сетках і інш.;

— палепшыць каардынацыю дзейнасці і абмен інфармацыяй паміж дзяржаўнымі, некамерцыйнымі і камерцыйнымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі старэння грамадства і паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей (у тым ліку праз стварэнне асацыяцыі арганізацый, якія працуюць са сталымі людзьмі).

Рэзалюцыя прынятая 9 красавіка 2016 года ў г. Гродна, Беларусь удзельнікамі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі планаў дзеянняў па пытаннях старэння”.

Спампаваць Рэзалюцыю адным файлам можна па спасылцы.

Яшчэ запісы