Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Як жывецца ці жылося на Шры-Ланцы, у Афганістане, Манголіі ды Кітаі? Што ядуць веганы і ў што вераць крышнаіты? Як жывуць у сям’і прадстаўнікі розных культур, нашчадкі розных нацый ды дзяржаў, людзі розных пакаленняў? Як захоўваць памяць пра сваіх бацькоў і не губляць аванцюрызму ў любым узросце?

Прыходзьце шукаць адказы на гэтыя ды іншыя пытанні на трэцяй міжпакаленчай “Жывой бібліятэцы” 25 лютага.

Як гэта працуе?

Жывая бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Замест звыклых кніг тут выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якімі яны гатовы падзяліцца з чытачамі.

Прынцып працы Жывой бібліятэкі такі самы, як і ў звычайнай: «чытачы» прыходзяць, запаўняюць «бібліятэчную картку», выбіраюць «кнігу» і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу. Больш пра спецыфіку фармата можна прачытаць тут. Паглядзець і паслухаць, як гэта было на першай і другой Жывых Бібліятэках.

Што будзем рабіць?

Пачуем гісторыі незвычайных людзей – прадстаўнікоў розных пакаленняў, культур ды жыццёвых досведаў. Параўнаем свае стэрыатыпы з рэальнасцю “кніжак”, задамо пытанні, якія даўно хацелі, але баяліся ці не мелі магчымасці спытаць.


Калі?

Субота, 25 лютага, з 12.00 да 15.00

Дзе?

Гродна, вул. Будзёнага, 48а, аўдыторыя 100 (уваход з унутранага дворыка)

Уваход вольны

Кніжкі, якія можна будзе “пачытаць” у суботу 25 лютага:

  • Дэні і Даша – Міжкультурная сям’я. Дэні – шрыланкіец, а ягоная жонка Даша – беларуска. Даведайцеся, як жывецца замежніку ў Горадні, як складваюцца адносіны ў іх інтрэнацыянальнай сям’і ды ўжываюцца розныя культурныя традыцыі і звычкі.
  • Марына і Вечаслаў – Этычныя веганы. Можна будзе даведацца, што яны ядуць насамрэч (не толькі траву і паветра), якім бачаць грамадства без дыскрымінацыі, і як абралі такі лад жыцця.
  • УладзімірНашчадак розных культур. Прапануе вам расповяд пра тое, якія нацыянальнасці перапляталіся ў яго радаслоўнай, як і дзе жылі ды якім багам маліліся ягоныя продкі. А сярод іх – жыхары Прусіі, Дольнага Шлёнску, Расійскай Імперыі, Рэчы Паспалітай, Беларусі.
  • Павел – Крышнаіт, прапаведнік філасофіі жыцця. Распавядзе пра ведычную культуру і тое, як яна сфарміравала яго жыццё ды жыццё ягонай сям’і.
  • ТамараЖыла ў Азіі. Падзеліцца ўспамінамі пра тое, як жыла ў Манголіі і Афганістане ў 80ых гадах, будучы жонкай ваеннага. Як жылі людзі ў гэтых загадкавых для нас краінах і што яна прывезла з гэтых падарожжаў.
  • ВольгаАванцюрыстка па жыцці. У свае 76 год не спыняецца на дасягнутым, падарожнічае, вывучае ангельскую і гішпанскую мовы ды выдатна валодае кампутарам і смартфонам. Распавядзе пра самыя аванцюрныя моманты свайго жыцця, калі перажыла землятрус у Турэччыне, падзенне аўтобуса ў расшчэліну ў Кітаі ды неверагодныя выпадкі са свайго берускага жыцця.
  • Лілія Пра самую лепшую маму.  Мама Ліліі мела вельмі няпросты лёс, нарадзілася ў міжваенны час і была ўгнаная на працы ў Нямеччыну. Вярнуўшыся, яна да канца жыцця працавала доктаркай і нікому не адмяўляла ў дапамозе. Чаму можна навучыцца ў гэтай неверагоднай жанчыны і як годна захаваць памяць пра сваіх блізкіх.
Хто арганізоўвае?

Жывая бібліятэка зарганізаваная “Цэнтрам Міжпакаленчага Паразумення”, які працуе на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку” (uzv.by), накіраванай на павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.

Праграма рэалізуецца з 2010 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” (3sektar.by) пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».