Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

У час гэтай імпрэзы журналістам будзе прадстаўленая адзіная ў Беларусі прэзентацыя Глабальнага Індэксу Старэння і пазіцый Беларусі ў гэтым індэксе. Апроч таго ўдзельнікі Медыя Сняданка даведаюцца пра пачатак кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”, якая пачынаецца сёлета ў Гродне.
Глабальны Індэкс Старэння ствараецца з 2013 года міжнароднай арганізацыяй Хэлпэйдж Інтэрнэшнл пры падтрымцы Фонда ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). Месца краін у гэтым рэйтынгу вызначаецца на аснове аналізу матэрыяльнага дабрабыту сталых людзей, стану іх здароўя, магчымасцяў для працы і адукацыі, а таксама наяўнасці спрыяльнага для сталых людзей асяроддзя.

Сёлета даследаваннем былі ахопленыя 96 краін свету, у якіх жыве 91% сталых жыхароў нашай планеты.

Журналісты, які прыйдуць на сустрэчу, даведаюцца, якое месца займае нашая краіна ў гэтым рэйтынгу, як яна выглядае па розных паказчыках Індэкса ў параўнанні з нашымі суседзямі.

Асобная частка сустрэчы будзе прысвечаная прадстаўленню ідэі кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”. Яе ініцыятарамі з’яўляюцца арганізатары гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”.

Удзельнікі сустрэчы даведаюцца, што плануецца зрабіць у межах кампаніі, каб у Гродне сапраўды былі б створаныя больш зручныя ўмовы для жыцця сталых людзей, для рэалізацыі іх здольнасцей і інтарэсаў, абароны іх правоў.

Прэзентацыя Індэксу і кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей” адбудзецца 1 кастрычніка ў Міжнародны дзень сталых людзей. Пачатак сустрэчы – а 10-й гадзіне ў кавярні “Салодкі пачастунак” (вул. Ажэшкі, 25).

Яшчэ запісы