Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Што ні кажыце, але добра мець у кішэні пасведчанне карэспандэнта хоць якога выдання. У многія месцы можна патрапіць. Тыцнуў яго – і пайшоў. Прымаюць! Калі не пасведчанне мець, то хаця б статус. Так навучэнец секцыі “Залатое пяро” як карэспандэнт патрапіў на паседжанне секцыі “Адкрыты паказ”.


– Паспрабуйце перавербаваць мяне ў сваю секцыю, – прадставіўшыся, прапанаваў ён. – Як удасца, рэкламу вам гарантую.
– Запрашаем, калі ласка, – гасцінна загаманілі ўдзельніцы і кіраўніца секцыі спадарыня Ларыса, – размяшчайцеся, новым людзям заўсёды рады!
Карэспандэнт пра сябе адзначыў дабразычлівасць ветлівых жанчын і ўладкаваўся збоку, каб не перашкаджаць рупным гаспадыням. А яны завіхаліся каля доўгага стала вакол нейкага рулона паперы, рыхтуючыся да выпускнога вечара. Але не будзем раскрываць сакрэты.
Да прызначанай гадзіны з’явіліся ўсе ўдзельніцы сённяшняга паседжання, наладзілі экран, прыглушылі фіранкамі дзённае святло. У пакоі ўсталявалася атмасфера спакою, ўтульнасці, вольна ў крэслах сядзелі ўдзельніцы.

Спакойна загаварыла кіраўніца секцыі спадарыня Ларыса Гірас (на здымку вышэй):

– На сённяшнім паседжанні мы паглядзім і абмяркуем кінафільм “Артыст” рэжысёра Хазанавічуса, сучасную карціну аб пераходзе ад нямога да гукавога кіно, – і прадоўжыла расповед пра рэжысёра, час стварэння фільма. – А якія праблемы падняты ў ім, як яны вырашаны, абмяркуем пасля прагляду.

Засвяціўся экран, пабеглі кадры … Удзельніцы паседжання ўважліва сачылі за падзеямі на экране, час ад часу хто-небудзь выдаваў кароткую рэпліку. Як праскочыў кадр з “The end”, усе раптоўна ажылі, нібы сарвалася стрымваючая спружына: усім хацелася выказацца.

Спярша гучалі кароткія, эмацыянальныя водгукі, а потым – няспешна, больш грунтоўныя, доказныя ацэнкі. Карэспандэнт уважліва прыслухоўваўся, назіраючы за рэакцыяй кіраўніка секцыі, як яна паваротам галавы, поглядам, кароткай рэплікай дырыжыравала аркестрам абмеркавання.

Разабралі кінафільм, як гаворыцца, па костачках: ігру артыстаў і нямога, і гукавога кіно, плюсы і мінусы нямога кіно, узаемаадносіны галоўных герояў; уплыў сусветнага эканамічнага крызіса на кінамастацтва і становішча герояў; маральныя праблемы, пастаўленыя ў карціне і іх актуальнасць у наш час.

Кіраўнік секцыі дапоўніла выказванні інфармацыяй аб іншых работах рэжысёра і ўганараванні гэтай карціны прэміяй Оскара. Нават карэспандэнта ўцягнулі ў свае бурнае абмеркаванне, што ён расцаніў як частковую гатоўнасць калектыву прыняць яго ў секцыю. Яму ж хацелася, каб яны не толькі паказалі сваю секцыю ў час работы, але і пачуць іх адчуванні ад яе наведвання. І, карыстаючыся нагодай, запытаў:
– Вы ў многім мяне завербавалі. Але хацелася б даведацца, што дае вам наведванне “Адкрытага паказу”, чым прыцягвае, чым задавальняе, каб мне канчаткова рашыцца. І пачуў у адказ пераканаўчыя доказы: 
– Я два разы ў месяц з задавальненнем сустракаюся з сапраўдным высокамастацкім кіно. 
– У нас педагог – цуда! Яна падбірае вельмі добрыя кінафільмы.
– Я получаю огромное удовлетворение. Вернувшись домой, ещё целый вечер абдумываю события картины, переживаю. 
– Это живое общение, даже с чашкой кофе или чая заседаем. 
– Наша настаўніца – душэўны чалавек і ўмелы арганізатар.
 – Мне параілі схадзіць на “Адкрыты паказ”, і я шчаслівая, што сюды прышла. У мяне ў іншым калектывае не склаліся адносіны. А тут цудоўна сябе адчуваю.

Карэспандэнт быў засыпаны суцэльным шквалам душэўных, вынашаных, прадуманых, удзячных, грунтоўных водгукаў аб рабоце секцыі і яе кіраўніку і тольку думаў, як іх запомніць, данесці да іншых слухачоў “Універсітэту Залатога Веку”. Ён спачатку разгубіўся, імкнучыся запомніць, каму належыць якое выказванне, але потым вырашыў, што водгукі Аліцыі, Валянціны, Ларысы, Людмілы – адной і другой, Рымы – гэта голас калектыва, і не стаў іх падзяляць.

Карэспандэнт гатоў быў узняць рукі ўгору і заявіць:
– Я амаль завербаваны. Хочацца пагутарыць яшчэ са спадарыняй Ларысай:
 – Асаблівых сакрэтаў у мяне няма, – распавяла яна. – Па адукацыі я інжынер, пазней атрымала адукацыю педагога. Як і ўсім, трэба рыхтавацца да кожнага паседжання, хаця знешне і здаецца, што людзі сядзяць, глядзяць кіно і потым яго абмяркоўваюць. Даводзіцца шмат шукаць інфармацыю аб рэжысёрах і артыстах, лёсе кінафільма, таму што імкнемся глядзець найбольш знакавыя карціны. 
Папярэдне трэба праглядзець іх, каб ведаць пастаўленыя праблемы. У секцыю прышлі сапраўдныя аматары мастацтва кіно. Мы правялі анкетаванне, каб даведацца, якой тэматыцы аддаць перавагу, якія фільмы паглядзець. Уключылі і беларускія – ігравыя і дакументальныя. Вось цяпер плануем прагледзець “У тумане” па аповесці В. Быкава. А ў цэлым у нас склаўся цікавы і дружны калектыў. Так што запрашаем.
Наш карэспандэнт абяцаў падумаць да восені.

Іван Буднік