Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

26 сакавіка удзельніцы хора “УЗВышша” разам і іншымі студэнтамі УЗВ, сябрамі і ўнукамі сабраліся на беразе Нёмана, каб правесці абрад “Гукання Вясны”

Усе разам упрыгожвалі абрадавае дрэўца, спявалі традыцыйныя песні, вадзілі карагоды, выраблялі пудзіла, якое потым палілі на вогнішчы.

Гэты беларускі звычай – адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных. Заканчваецца доўгая зіма, а на змену ёй ідзе прыгажуня-вясна. Каб паскорыць яе прыход і ладзіцца народнае свята, якое носіць назву «Гуканне вясны». Гэтая традыцыя мае глыбокія карані: гукаць вясну пачалі яшчэ ў старажытныя часы, калі нашы продкі былі паганцамі. Гукаюць вясну звычайна ў канцы сакавіка – пачатку красавіка.

Да з’яўлення на дрэвах зялёнай лістоты яшчэ далёка, але слухачы УЗВ упрыгожылі дрэва рознакаляровымі папяровымі птушкамі.

Птушкі – адзін з асноўных сімвалаў абрада, бо менавіта ў гэтыя дні на радзіму вяртаюцца першыя птушкі – жаўрукі і буслы. Жаўрук ў беларускай культуры – сімвал і практычна сінонім вясны.

Галёпы (птушачкі з цеста) – традыцыйны беларускі пачастунак на Гуканне вясны, гэтым разам на свяце было некалькі розных відаў галёпаў, бо кожная гаспадыня мае свой асаблівы рэцэпт.

Да свята далучаліся і выпадковыя мінакі, якія гулялі ў парку.

Традыцыйнае святкаванне “Гуканне вясны” студэнтамі УЗВ за некалькі гадоў ператварылася ў сапраўдны невялічкі веснавы фэст.

Усе фотаздымкі са свята можна паглядзець тут.

 

Яшчэ запісы