Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Запрашаем на другую гарадзенскую міжпакаленчую Жывую бібліятэку 19 сакавіка. Разам з “жывымі кнігамі” пагартаем старонкі сямейных альбомаў, “пачытаем” гісторыі пра жыццёвыя авантуры і прыгоды, неспадзяваныя вандроўкі і знаёмствы, а таксама пачуем кранальныя сямейныя легенды ды гісторыі кахання.

Мінулагодняя Жывая бібліэтка была прысвечана гісторыям пра жыццё ў 30-50ых гадах ХХ-га стагоддзя, летась мы запрашаем даведацца пра жыццё людзей у нашай краіне ды за яе межамі праз пяць сямейных гісторый “жывых кніжак”.

Найлепшы спосаб дазнацца пра сапраўдную гісторыю чалавецтва – праз асабістыя гісторыі сведкаў свайго часу. На Жывой бібліятэцы вы зможаце адшукаць адказы на цікавыя ды важныя пытанні:

  • Як жылося ў Гародні ды ваколіцах у пасляваенны час?
  • Як беларуска нарадзілася і пражыла дзяцінства ў Паўночнай Карэі?
  • Як можна было пражыць жыццё, хаваючы сваё сапраўднае імя ды паходжанне?
  • Наколькі трывалым можа быць каханне?
  • Чаму можа навучыць нас досвед адной сям’і?

Сустракаемся ў суботу, 19 сакавіка а 12:00 у 200-ай аўдыторыі на Будзёнага, 48а (уваход з унутранага дворыка, 2гі паверх).

Што будзем рабіць?

Пачуем жывую гісторыю ад сведкаў. Спраўдзім разам, што мы ведаем пра розныя часы, краіны ды асобаў, як успрымаем сталых людзей і іх успаміны пра мінулае. Задумаемся пра тое, што вынесем з гісторыі для сучаснасці.

жб-вандроўкі

Як гэта працуе?

Жывая бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Замест звыклых кніг тут выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якімі яны гатовы падзяліцца з чытачамі.

Прынцып працы Жывой бібліятэкі такі самы, як і ў звычайнай: «чытачы» прыходзяць, запаўняюць «бібліятэчную картку», выбіраюць «кнігу» і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу. Больш пра спецыфіку фармата можна прачытаць тут.

Хто арганізоўвае?

Жывая бібліятэка зарганізаваная Цэнтрам міжпакаленчага паразумення, які працуе на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, накіраванай на павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.

Праграма рэалізуецца з 2010 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” у партнёрстве з Прыватнай установай “Студыя карысных кампетэнцый” пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».
 

Калі: 19 сакавіка, 12:00

Дзе: Гродна, Будзёнага 48а, аўдыторыя 200

Уваход вольны.