
Загадкавую гісторыю дзесяці негрыцятаў прадставіла на суд гледачоў Творчая майстэрня тэатральнага мастацтва УЗВ. Прэм’ерны паказ п’есы “І нікога не засталося”, паводле вядомага дэтэктыва Агаты Крысці «10 негрыцятаў», адбыўся 6 сакавіка і сабраў поўную залю прыхільнікаў. Спектакль стаў плёнам працы майстэрні за мінулы навучальны год. Адаптаваў да выканання сталымі акторкамі і паставіў п’есу кіраўнік майстэрні, рэжысёр Васіль Калач.

Выбар твора Васіль тлумачыць заўсёднай актуальнасцю дэтэктыўнага жанра: “Гэта сурэёзная рэч, тут ёсць ідэя. І наогул, у дэтэктыве шмат дзеянняў для персанажаў. Нават у той час, калі героі проста сядзяць, ёсць напружанасць і дынаміка. Глядзець, і іграць такія творы заўсёды больш цікава, яны успрымаюцца лягчэй”. Да таго ж, п’еса лёгка перайначыўся пад чыста жаночую трупу трорчай майстэрні “Як бачыце, гэта атрымалася зрабіць. З пазіцыі жаночых роляў вобразы аказаліся вельмі цікавымі.” Да ўсяго астатняга – актуальнасць тэатральнага дэтэктыва для сталых выканаўцаў і гледачоў Васіль бачыць у неабходнасці пастаяннай “працы мазгамі”, не толькі эмацыянальнага, але і інтэлектуальнага ўключэння ў дзею.
Што да акторак, якія з выхадам на пенсію змянілі амплуа дзелавых жанчын на творчых асобаў, то для іх тэатральная праца не абмяжоўвалася толькі пошукам злачынцы на сцэне. Прымяраючы да сябе ролі гераінь, прышлося пакапацца і ў сваёй асобе, пашукаць водгукі на іх ва ўласнай душы.
“Былі пэўныя апасенні, і страшна было таксама. Бо казаць “акторскі досвед” пра дзіцячыя спробы на ранішніках у школе ці ў інстытуце, гэта хіба занадта моцна, — дзеліцца ўражаннямі Святлана Кочэтава, што сыграла Эмілі Брэнт. – Вельмі падтрымлівала тое, што іграем для такіх самых, як мы. Думаю, што справіліся і не расчаравалі чаканняў.”

Знайсці вобраз сваёй гераіні, каторую Святлана назвала “чалавекам рамак”, Святлане было не цяжка: “У кожнай з нас ёсць часамі такая місіс Брэнт. Яна жыве “як паложана”. Для яе крок у права, крок у лева – не ёсць добра. У сабе таксама заўважаю падобныя абмежаванні. Часам трэба за іх выходзіць, а часам – прасцей заставацца ў звыклых рамках. А гэтая роля стала яшчэ адным крокам да разумення сябе. ”

Першым сцэнічным досведам стала роля суддзі Элізабет Уоргрэйў для Вольгі Енжыеўскай: “Увесь час хацела іграць, праца была звязана з абсталяваннем і зусім не творчая. Не хапала магчымасцяў выразіць сябе, бо мусіла быць строгай і сур’ёзнай.” Выйсці з гэтай ролі Вольга дазволіла сабе толькі выйшайшы на пенсію: “Зараз можна расслабіцца і паспрабаваць пражыць іншыя магчымасці. Здаецца, што магу сыграць любую ролю!”

Лілія Грыгарук іграе ў студыі ўжо чацвёрты год і прыходзіць на рэпетыцыі “з нязменнай асалодай”. “Тэатр — гэта тое, што у мяне па жыцці не збылося. То зараз з задавальненнем тое кампенсую. Іграю з задавальненнем. Канечне, хвалююся, напэўна, дапускаю нейкія памылкі. Каб дужа строга сябе не судзіць, разбі паблажку на ўзрост і аматарства. Праз ігру на сцэне я нібы пераадольваю сябе. Не ведаю якім чынам, але гэта дапамагае мне ў жыцці. Нават настрой падымаецца, калі адыграю. Сама сябе пачынаю паважаць”.

А вось Святлане Елісеевай прышлося нават абмяжоўваць сваю творчую натуру, каб сыграць ролю “проста доктара Джыл Армстронг”: “Я увогуле, чаго толькі не спрабавала ў жыцці. І самалётам кіравала, праўда, маленькім, і з парашутам скакала, вершы і карціны і зараз пішу. Акторскія спробы таксама былі, хаця і даўно.” Прадстаўляючы лекарку на сцэне, Святлана практычна была сама сабой. “Медыцынаю цікаўлюся з дзяцінства, і прафесію мела блізкую – хімік”. Таму роля была для Святланы зразумелаю. Увасобіць гэту жанчыну таксама ўдалося без складанасцяў: “У ва мне нашмат больш, чым ў гэтай доктарцы” — мяркуе Святлана.

Святлана Захарава, што выконвала ў спектаклі ролю Веры Клейторн, наадварот, перажывала за сваю гераіню: “Яна зусім іншая, не такая, як я. Пакуль працавала над роляю, увесь час думала – як сталася, што яна забіла ўласнае дзіця? Яна ж добры чалавек, і вось такое… Так шчымліва сумна рабілася, калі думала пра яе. Праз гэта прыйшло новае разуменне непрадказальнасці жыцця, таго, што не заўсёды мы маем права строга судзіць, і не заўсёды можам ад нечага заракацца.”
Шлях на сцэну для Святланы таксама пачаўся з выхаду на пенсію. Да таго жыццё складалася з працы ў банку, сям’і, дзецей і дома. “Раскрыць сябе не атрымлівалася. Рытм жыцця быў іншы, на гэта неставала часу. А зараз – вельмі вольна сябе адчуваю ў гэтай новай і невядомай стыхіі. А хвалявалася на сцэне – жахліва.”

Рэжысёр аб працы сваіх навучэнак многа не расказвае, ківае галавой ў бок залі. Прыём публікі і ёсць найлепшая ацэнка працы. Што да асаблівасцяў працы са сталымі акторкамі, то Васіль бачыць ў сваім калектыве вялікі творчы патэнцыал: “Гэта маладых трэба муштраваць ці прымушаць. Сталых акторкі самі хочуць працаваць. У іх ёсць жыццёвы досвед, многае пражыта ва ўласным вопыце. Трэба толькі дапамагчы ім дастаць гэта з сябе і паказаць праз ролі на сцэне.”
Ірына Новік, hrodna.life