Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Аляксандра нарадзілася ў Беларусі, але шмат гадоў ужо жыве ў Германіі. На сваю гістарычную радзіму яна прыехала ў межах праграмы “Erasmus +”, каб распачаць у Гродне валанцёрскую працу ва “Універсітэце Залатога Веку”.

-Як ты даведалася аб магчымасці працаваць у Беларусі валанцёрам?

-Пачаўшы летась шукаць працу, я натыкнулася ў групе “Erasmus +” на праект у Беларусі, які арганізуецца на базе УЗВ. Тады я падумала, што было б цікава правесці час у краіне, у якой я нарадзілася. І я не памылілася!

Чаканняў наконт УЗВ у мяне амаль не было. Проста хацелася набрацца больш досведу ў сферы выкладчыцкай працы, асабліва з людзьмі сталага веку. Да гэтага я ўжо шмат працавала з дзецьмі, з моладдзю, крыху з дарослымі, але с пенсіянерамі яшчэ ніколі.

– Якімі былі твае самыя першыя ўражанні ад працы з нашымі студэнтамі?

Усё пачалося вельмі мітусліва, я толькі прыехала і праз два дні ўжо пайшла на працу, у галаве яшчэ быў хаос, – узгадвае Аляксандра. Іншая краіна, руская мова, хоць я яе і ведаю, але ўсё роўна незвыкла, чужыя людзі.

…Прыводзяць мяне ў офіс, дзе я павінна працаваць, людзей многа, гучна, мітусліва, імёны не магу запомніць…

На занятках  каля 10 студэнтак, усе задаюць пытанні, цяжка зарыентавацца – цяжкавата было спачатку.

А пасля ўсё кардынальна змянілася: было прыемна прыходзіць у офіс на заняткі, шмат студэнтаў я ведала і яны мяне, прыносілі і частавалі варэннем, яблыкамі і кожны раз ужо была класная атмасфера.

– Што было найбольш цяжкім?

Было цяжка тое, што не ўсе студэнты кожны раз наведвалі заняткі. З гэтай прычыны былі цяжкасці ў тым плане, калі ты рыхтаваў матэрыял для заняткаў, то не ведаў, на якую колькасць і на які ўзровень ведаў трэба арыентавацца.

Першы семестр быў больш эксперыментальным: я спрабавала зразумець, дзе, які матэрыял мне рыхтаваць, якім чынам яго паадваць студэнтам. І ў гэтым выпадку дапамагалі калегі, з якімі можна было заўсёды параіцца і пачуць адказы на пытанні, якія турбуюць.

У другім семестры працавалася лягчэй: навучылася эфектыўна рыхтавацца да заняткаў, не баяцца цяжкасцей, стала больш упэўненай.

– З якім настроем пакідаеш УЗВ?

-З вельмі сумным, – прызнаецца Саша. – Таму што ўжо за час, праведзены ва УЗВ, атрымалася добра пазнаёміцца з большасцю людзей і цяпер не хочацца іх пакідаць…разумееш, што яшчэ шмат чаго можна расказаць студэнтам, навучыць іх і атрымаць тое ж самае ўзамен.

Бачыць усмешкі і падзякі ў вачах студэнтаў – самы лепшы падарунак!

Жартаваць на нямецкай мове студэнты УЗВ таксама ўмеюць

Я ўпэўнена, што студэнтам спадабалася са мной займацца, – усміхаецца Аляксандра. – Яны на працягу семестраў і ў канцы казалі мне шмат добрых словаў, што ім падабалася і было прыемна вывучаць са мной нямецкую мову. Гэта сапраўды цудоўна, але і адначасова сумна, разумець, што ўсё хутка прайшло і ўжо скончылася.

– Калі б была магчымасць паўтарыць валанцёрскі досвед, дзе ты гэта зрабіла б?

Я дакладна паўтарыла б такі досвед менавіта ў Беларусі. Тут з’явілася шмат знаёмых, сяброў, асабліва зараз, пад канец праекту, які дае магчымасць пажыць у іншай краіне і паглыбіцца ў яе мову, звычаі. Я даведалася шмат інфармацыі аб краіне, аб людзях і культуры, звыклася да горада, падцягнула веды рускай мовы і пачала вучыць беларускую. Шмат засталося планаў, якія хацелася б ажыццявіць у Беларусі.

 

– Што для цябе УЗВ?

Універсітэт Залатога Веку – гэта аптымізм і пазітыў!

Віялета Лось

Фота аўтаркі

 

 

 

Яшчэ запісы