
Акадэмічны 2013-2014 гг. скончыўся ўрачыстай выпускной вечарынай і інтэграцыйнай вандроўкай на Аўгустоўскі канал.
Сёлета ўдзел у праграме брала каля 200 чалавек ва ўзросце ад 55 год і вышэй.
У час выпускной вечарыны, якая праходзіла 24 красавіка, слухачы УЗВ дэманстравалі набытыя імі веды і ўменні.
Так, удзельнікі студыі тэатральнага майстэрства паказалі ўрыўкі з “Маленькага прынца”, скарыўшы гледачоў не толькі майстэрскім выкананнем роляў, але і касцюмамі ды дэкарацыямі, падрыхтаванымі ўласнымі рукамі.
“Разынкамі” вечарына сталі таксама прэзентацыя праекта “Рэтра-сукенка”, у час якой маладыя дзяўчаты дэфілявалі ў сукенках, якія былі пашытыя слухачамі УЗВ ці іх бацькамі (найстарэйшая сукенка была пашытая ў 1932 г.!), а таксама ўсходні танец, у выкананні слухачоў і выкладчыкаў УЗВ.
Упрыгожваннем вечарыны сталі таксама песні на беларускай, ангельскай, італьянскай мовах, прэзентацыі вынікаў працы секцый “Свая справа”, “Псіхалагічнае здароўе”, “Фотамайстэрства” і інш.
Удзельнікі секцыі “Залатое пяро” прадставілі на вечарыне свой выпускны праект у выглядзе бюлетэню “НЕзвычайныя людзі УЗВ”, у якім з дапамогай розных тэхнік інтэрв’ю былі прадстаўленыя цікавыя асобы і незвычайныя гісторыі людзей, звязаных з УЗВ.
У заключнай частцы вечарыны яе ўдзельнікі атрымалі відэапрывітанні і пажаданні ад людзей, якія ладзяць рознага кшталту праграмы для сталых людзей у Вялікабрытаніі, Балгарыі, Літве, Казахстане, а таксама ў іншых гарадах Беларусі.
Павіншаваць гарадзенцаў прыехалі таксама прадстаўнікі мінскага гарадскога ўніверсітэту трэцяга ўзросту і міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”, пры падтрымцы якога ўжо некалькі год дзейнічае гарадзенскі УЗВ.
Фінальным акордам імпрэзы сталі падзякі для выкладчыкаў праграмы, а таксама ўручэнне пасведчанняў аб сканчэнні сёлетняга акадэмічнага года слухачам праграмы.
А 26 красавіка два аўтобусы са слухачамі УЗВ накіраваліся на традыцыйную інтэграцыйную вандроўку па ваколіцах Гродна.
Гэтым разам маршрут ляжаў у бок Аўгустоўскага каналу.
Па дарозе туды наведалі помнік ахвярам фашысцкіх рэпрэсій у Навумавічах і форт №2.
Далей завіталі ў палац Валовічаў у Свяцку.
На Аўгустоўскім канале завіталі на шлюзы ў Дамброўцы і Нямнове, дзе наведалі прыватны музей Аўгустоўскага каналу.
Скончылася вандроўка сяброўскім пікніком з юшкай, песнямі ды танцамі на лецішчы аднаго са слухачоў УЗВ.
Цяпер ва “Універсітэце Залатога Веку” пачынаюцца летнія канікулы, якія працягнуцца да сярэдзіны верасня, калі пачнецца набор слухачоў на новы, ужо шосты, акадэмічны год.
Ну а кіраўніцтва праграмы УЗВ на адпачынак пакуль не ідзе. У бліжэйшы час адбудзецца падсумаванне вынікаў года з удзелам выкладчыкаў, якія сёлета праводзілі заняткі ў 23 секцыях і 6 клубах па інтарэсах. На канец чэрвеня запланавана правядзенне Міжнароднай летняй школы па метадалогіі арганізацыі навучання для сталых людзей. Да канца лета ўбачыць свет чарговы выпуск альманаху “УЗВышша“.
Акрамя таго, актывісты УЗВ возьмуць удзел у цыкле беларуска-польска-украінскіх сустрэч універсітэтаў трэцяга ўзросту, накіраваных на абмен лепшым досведам працы са сталымі людзьмі. Першая з такіх сустрэч пачнецца ўжо 29 красавіка ў Львове і будзе спалучаная з Форумам украінскіх універітэтаў трэцяга ўзросту.
Наступная запланаваная на пачатак верасня ў Гродне.
Глядзіце фотаслайдшоу з выпускной вандроўкі УЗВ!
Фота Таццяны Баленда, Аляксандра Саенкі (kp.by), Ланы Руднік, Вітаўта Рудніка, Вольгі Анціпавай (фотаслайдшоу)
мне очень хотелось сразу написать о выпускном, но не находились нужные слова, которыми я могла бы выразить свои чувства и то ощущение праздника, который состоялся. А потом я поняла, в чем суть и это было главным: не хотелось расходиться, мы не могли расстаться друг с другом, а прощаясь, договаривались о встрече в УЗВ в следующем году. Вот уже четвертый день я живу воспоминаниями о нашем юбилейном пятом выпуске. Приходят на ум отдельные выступления, сценки, встречи и на душе становится очень тепло и поднимается настроение.
Вера, яшчэ не позна!