
Якім чынам праз адукацыю можна палепшыць якасць жыцця сталых людзей, а таксама павысіць іх удзел у жыцці грамадства? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі Летняй Школы “Універсітэту Залатога Веку”, якая працавала з 6 да 10 жніўня.
Удзел у працы Школы бралі 29 чалавек з розных рэгіёнаў краіны, а таксама госці з Літвы і Германіі.
Гэта арганізатары ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту і іншых адукацыйных пляцовак для сталых людзей, сябры самакіраванняў такіх пляцовак, выкладчыкі, якія праводзяць заняткі для сталых, а таксама людзі, якія толькі плануюць арганізаваць навучанне для тых, хто выйшаў на пенсію.
У першай частцы Школы ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй руху ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту, рознымі мадэлямі (брытанскай, французкай, кітайскай, амерыканскай і інш.) функцыянавання такіх універсітэтаў, прыкладамі іх працы ў Польшчы, Літве, Украіне, Беларусі.
Асаблівая ўвага надавалася дыскусіі пра мэты заснавання ўніверсітэтаў, пра тое, што павінна быць першасным: інтэлектуальнае развіццё і самарэалізацыя сталых людзей, іх рэсацыялізацыя, павышэнне іх удзелу ў жыцці грамадства, пра тое, ці можна адначасова дасягаць усе гэтыя мэты.
Вялікі інтарэс у ўдзельнікаў Школы выклікалі практычныя прыклады, звязаныя з арганізацыяй дзейнасці першага ў Беларусі гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”: прынцыпы, на якіх базуецца праца УЗВ, як набіраюцца слухачы, як арганізаваная праца з выкладчыкамі, як працуе самакіраванне, якім чынам забяспечваецца сацыяльная актывізацыя навучэнцаў УЗВ, дыялог паміж пакаленнямі і г.д.
Затым удзельнікі Школы ў некалькіх групах распрацоўвалі канцэпцыі стварэння альбо развіцця ўласных адукацыйных пляцовак для сталых людзей.
Увечары першага і другога дня працы Школы адбываліся прэзентацыі дзейнасці яе ўдзельнікаў.
Дзякуючы гэтаму блоку ў праграме Школе можна было пазнаёміцца з працай Клуба ЮНЭСКА “50+Драйв” і Мінскага гарадскога Універсітэту трэцяга ўзросту, тым, як працуюць з былымі малагадовымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў сябры грамадскага аб’яднання “Магілёўскі гарадскі дабрачынны фонд “Медыцына і Чарнобыль”, як арганізуе працу з валанцёрамі грамадскае аб’яднанне “Хэсэд-Рахамім”.
Другая частка Школы была прысвечана метадам і ацэнцы эфектыўнасці навучання ў межах адукацыйных пляцовак для сталых людзей.
Пасля знаёмства, у час якога кожны ўдзельнік меў магчымасць размаляваць і прэзентаваць каменьчык, распавесці пра сябе і свой досвед працы са сталымі людзьмі, была арганізаваная дыскусія пра прынцыпы навучання сталых людзей.
Гаворка пайшла пра такія прынцыпы, як дабраахвотнасць навучання, улік матывацыі навучэнцаў, тэмпу навучання, індывідуальных асаблівасцяў навучэнцаў і г.д.
Наступная частка працы Школы была прысвечаная планаванню адукацыйных праграм для сталых людзей. У прыватнасці, удзельнікам Школы была прадстаўлена схема педагагічнага ўзаемадзеяння Вольфа Дзітрыха Вэблера, паводле якой плануецца і ацэньваецца навучанне ў межах “Універсітэту Залатога Веку”.
Прыгожым фінішам працы трэцяга дня Школы стала вандроўка да муроў Сынкавіцкай царквы.
Удзельнікі Школы пазнаёміліся тут не толькі з адным з самых адметных помнікаў гісторыі і архітэктуры ў Беларусі, але і з тым, у якой форме могуць адбывацца заняткі для сталых людзей па вывучэнні гісторыі свайго краю.
Здарылася гэта дзякуючы майстар-класу у выкананні Віктара Кірэева, вядучага секцыі “Падарожжы ў часе і прасторы”, якая працуе пры УЗВ.
Чацьвёрты дзень працы Школы амаль цалкам быў прысвечаны абмену досведам працы. У гэты дзень удзельнікі мелі магчымасць наведаць шэсць розных майстар-класаў.
Так, Марына Мацулевіч падзялілася сваім досведам арганізацыі інтэлектуальна-творчых гульняў для дарослых.
Святлана Маршак захапіла ўвагу аўдыторыі знаёмствам з працэсам старэння, заснаваным на перыядызацыі Балтэнка, прыкладамі працы “Хэсэд-Рахамім” са сталымі валанцёрамі і іх падапечнымі.
Ірына Новік (вядучая секцыі гарадзенскага УЗВ “Мода, стыль і прыгажосць”) за паўтары гадзіны працы паказала цэлы шэраг метадаў, якія працуюць на павышэнне самаацэнкі і развіццё патэнцыялу сталых людзей, развіццё эстэтычнага густу.
Наталля Кавалёва з Віцебску падзялілася досведам арганізацыі псіхалагічнай гасцёўні для сталых людзей.
Пра тое, што вывучаць замежную мову можна цікава і весела, прадэманстравала Ганка Барадзіна (на здымку ніжэй злева), вядучая секцыі ангельскай мовы ў гарадзенскім УЗВ.
Сапраўдны фурор зрабіў майстар-клас “Вячоркі альбо спяваем па-нашаму”.
Вера Кунцэвіч за кароткі час прадэманстравала багаццё песеннай культуры на Гарадзеншчыне, навучыла спяваць некалькі песень, гуляць у “Падушачку”.
Не дзіва, што пасля такіх змястоўных майстар-класаў удзельнікі некалькі гадзін абмяркоўвалі іх з выкарыстаннем прапанаванай ім схемы рэфлексіі, дзяліліся сваімі высновамі і прапановамі адносна таго, як можна было б зрабіць кожны з майстар-класаў яшчэ больш эфектыўным.
Заключны дзень працы Летняй Школы быў прысвечаны ацэнцы эфектыўнасці навучання.
Удзельнікі пазнаёміліся з таксаноміяй Блума, якую можна выкарыстоўваць як для вызначэння мэтаў навучання, так і для ацэнкі эфектыўнасці навучальнага працэсу.
Кіраўнікі гарадзенскага УЗВ прадставілі таксама мадэль Кіркпатрыка, якую яны выкарыстоўваюць пры ацэнцы эфектыўнасці навучання ў межах “Універсітэту Залатога Веку”.
Карысным, з пункту гледжання ўдзельнікаў Школы, быў блок, у час якога кожны з удзельнікаў меў магчымасць распрацаваць модуль працы секцыі для сталых людзей (мэта, удзельнікі, вынікі, план, рэсурсы і г.д.) і атрымаць зваротную сувязь на сваю працу.
Такім чынам былі напісаныя і абмеркаваныя каля 20 модуляў, многія з якіх ужо праз некалькі месяцаў пачнуць выкарыстоўвацца на практыцы.
Такога кшталту Летняя Школа была арганізаваная ў Беларусі ўпершыню.
Кажа Лана Руднік, кіраўніца праграмы “Універсітэт Залатога Веку”:
– “Гэта былі 5 дзён пазітыву, ведаў і адкрыцця новых гарызонтаў. Калі ў адным месцы, адначасова збіраюцца спецыялісты, якія працуюць у адной сферы – адукацыі сталых людзей, паверце, ім ёсць пра што паразмаўляць і ёсць што абмеркаваць. Кожная хвіліна гэтых дзён была занятая змястоўнымі размовамі.
Праяўлены інтарэс да ўдзелу ў школе (нягледзячы на летні сезон адпачынкаў было вельмі шмат заявак) паказаў вялікую патрэбу ў прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія працуюць са сталымі людзьмі, у павышэнні кваліфікацыі, у абмене досведам. Мне вельмі шкада, што мы змаглі задаволіць патрэбы толькі невялікай колькасці ахвотных людзей.
Хацелася б у будучым праводзіць такія мерапрыемствы для большай колькасці людзей. Яны павінны мець міжнародны фармат, каб была магчымасць запрасіць яшчэ большую колькасць яркіх выкладчыкаў, экспертаў, якія маглі б падзяліцца сваімі ведамі, правесці свае майстар-класы.
У маёй галаве ўжо спее ідэя вялікага міжнароднага Фэсту па адукацыі сталых людзей, на які можна сабраць спецыялістаў з Украіны, Польшчы, Літвы, Беларусі, Малдовы. Гэтае мерапрыемства можа стаць сапраўдным святам майстэрства і абмене досведам…”
Арганізатары Летняй Школы плануюць ладзіць падобныя мерапрыемствы па абмене досведам і надалей. Ужо вясной у Гродне мае адбыцца другая міжнароднай канферэнцыя па актывізацыі сталых людзей.
У лістападзе альбо снежні бягучага года тры чалавекі з іншых гарадоў Беларусі будуць запрошаныя на тыднёвую стажыроўку ў межах праграмы “Універсітэт Залатога Веку”.
У наступным годзе таксама павінен убачыць свет дапаможнік “Універсітэт Залатога Веку: як гэта робім мы”, у якім будзе апісаны пяцігадовы досвед рэалізацыі праграмы УЗВ ў Гродне.
У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі Таццяны Баленда, Ірыны Новік, Вітаўта Рудніка, Наталлі Святкінай, Ланы Руднік