
На працягу 4 гадоў удзелу ў праграме УЗВ мяне не перастае здзіўляць шырынёй інтарэсаў Вольга Шушлакова. Вандроўкі, фатаграфія, камп’ютар, “Сад мары” – і гэта пры тым, што на яе руках старэнькія, нямоглыя бацькі. Два гады разам з Вольгай працавала ў складзе рады УЗВ і пры цесным кантакце ў “Школе добрых спраў” даведалася, што яна і яшчэ кветкавод–калекцыянер.
Калі слухачы УЗВ пачалі звяртацца да яе за кансультацыямі, Вольга прапанавала калегам свае паслугі. Так стварыўся клуб “Квятарня”, куды кожную сераду з задавальненнем прыходзілі я і больш за 20 маіх каляжанак. А з восені 2014 года клуб пераўтварыўся ў секцыю і парцуе на сталай аснове.
– Волечка, адкуль у вас такое хоббі? Наколькі вядома, Вы гарадскі жыхар, ніколі не сябравалі з зямлей?
-Так, я нарадзілася і выхоўвалася у сям’і ваеннаслужачага. Успаміны дзяцінства – жыццё на Чукотцы, дзе фрукты, гародніна і малако былі толькі сухімі. Паўночнае ззянне, скалы, статкі аленяў…
Пазней вучылася у Харкаве, дзе атрымала спецыяльнасць спецыяліста па арганізацыі абслугоўвання у гасцініцах і турыстычных калектывах. Па прыезду ў Гродна працавала спецыялістам па кадрах, вазіла групы турыстаў у Прыбалтыку, Польшчу, Ленінград. Работа, сям’я, дзеці…
Калі мне споўнілася 44 гады, а мае 2 дачкі ўладкаваліся ў жыцці і бацькі яшчэ былі ў сіле, я ўзяла надзел пад летнік. Вучылася працаваць на зямлі па кнігах, на вопыце сябровак-дачніц. Пачала вырошчваць агародніну, а хутка палюбіла зямлю і кветкі на ёй.
-З чаго пачалося калекцыянаванне?
-З лілій і ірысаў. Гэтыя кветкі ўразілі мяне сваёй прыгажосцю. Пачала купляць новыя сарты, з часопісаў даведалася пра селекцыянераў, пачалася перапіска, абмен клубнямі.
-Як на ўсё хапае сіл: агарод і кветкі, усё патрабуе дагляду?
-Паступова кветкі выцеснілі агародніну, для яе засталася самая маласць тэрыторыі, а кветкі – на 12 сотках. З паяўленнем у маім жыцці інтэрнэта з’явіліся магчымасці кантактаў з другімі калекцыянерамі і селекцыянерамі. Дзелімся вопытам, новымі сартамі.
-Вашы апантаныя аднадумцы – гарадзенцы?
-Не толькі. Я стараюся шукаць інфармацыю пра кветкі на сайтах Расійскага і Амерыканскага аб’яднанняў ірысаводаў. У маёй калекцыі каля 400 сартоў ірысаў.
Ёсць рэтра-сарты 80-90 гадоў мінулага стагоддзя, а таксама навінкі. Другая па велічыні калекцыя лілейнікаў – 150 сартоў. З’явіліся міні-калекцыі з 15-20 сартоў півоній, гартэнзій, хост, лілій, дэкаратыўных кустарнікаў.
-Як адносяцца суседзі па летніку да Вашага захаплення? Дапамагаюць, зайздросцяць, не шкодзяць?
-Я чалавек адкрыты, дзялюся прыгажосцю і радасцю ад любімай справы.
Як і ў клубе “Квятарня” з аднадумцамі абменьваемся пасадачным матэрыялам, спосабамі размнажэння, тэхналогіяй узрошчвання.
Люблю фатаграфаваць кветкі у розны час сутак. Маю многа фотаальбомаў, слайдаў.
-З якімі словамі Вы хацелі б звярнуцца да калег УЗВ?
-Калі ты бачыш, як вакол усё квітнее – гэта ні з чым не параўнальная радасць!
Хочацца ўдыхнуць водар і надоўга затрымаць дыханне, каб прыгажосць кветак напоўніла тваю істоту. Я жадаю ўсім удзельнікам УЗВ такога стану радасці ад любімай справы на доўгія гады!
У гэтым сакрэт маладосці…
Гутарыла Данута Макей