
29 студзеня адбылася чарговая агульная лекцыя, на якой слухачы УЗВ сустрэліся з прадстаўнікамі Беларускага архіва вуснай гісторыі (МГА “Гісторыка”).
Яўген Бойка і Андрэй Мастыка распавялі пра новую гістарычную крыніцу – вусны ўспамін.
“Крыніца ўнікальная, бо спалучае ўспамін аб гістарычных падзеях з аднаго боку і думкі, адчуванні ўдзельнікаў гэтых падзей, з другога. Таму можна ўпэўнена сказаць: гісторыя сям’і – гісторыя народа!“
Дзеля папулярызацыі гэтага накірунку працы з мінулым, Беларускі архіў вуснай гісторыі распачынае конкурс відэа-інтэрв’ю “Памяць Народа”.
Студэнтам УЗВ былі паказаны цікавыя прыклады відэа-успамінаў пра даўно мінулыя годы.
Дзеля таго, каб прыняць удзел у конкурсе, неабходна зняць успаміны чалавека старэйшага пакалення і даслаць атрыманае відэа-інтэрв’ю арганізатарам конкурсу да 15 красавіка 2015 году. Больш падрабязна пра ўмовы конкурсу, навіны і абвесткі глядзіце тут.
Запішыце успаміны сваіх старэйшых сваякоў, родных, знаёмых, занатуйце іх мінулае, захавайце іх памяць і веды!