Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Валанцёры групы “Малодшы брат, малодшая сястра”, якая стартавала больш за год таму, распавядаюць пра сваю працу і планы на будучыню.

За час, які мінуў ад стварэння групы, валанцёры паспелі зрабіць нямала добрых спраў.

Яны наведвалі сваіх падапечных – ахвяраў сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій, размаўлялі з імі, занатоўвалі іхныя патрэбы, дапамагалі вырашаць побытавыя, псіхалагічныя і юрыдычныя пытанні, запісвалі ўспаміны, якія выйдуць у серыі матэрыялаў на нашым сайце. Таксама валанцёры арганізавалі некалькі акцый, сустрэч і імпрэзаў для сталых людзей.

Не менш важная частка працы групы – развіццё саміх удзельнікаў, для якіх былі праведзеныя трэнінгі і семінары для развіцця сацыяльна-псіхалагічных, журналісцкіх і творчых навыкаў, кансультацыі і сустрэчы з экспертамі і цікавымі асобамі.

На фота: сустрэча з прадстаўніцай гродзенскага габрэйскага дабрачыннага фонда “Хэсэд-Нохум” Аленай Куцэвіч, якая падзялілася цікавым і натхняльным досведам працы са сталымі людзьмі ў іх арганізацыі.

hesed-meeting

У планах валанцёраў на бліжэйшую будучыню – некалькі справаў:

  • Правесці “Жывую бібліятэку” з удзелам сталых гродзенцаў і падапечных групы 14 сакавіка
  • Паўдзельнічаць у Фестывалі практычнай псіхалогіі ў Гродне ў канцы сакавіка
  • Зладзіць святочную сустрэчу для падапечных і ветэранаў Вялікай айчыннай вайны ў траўні

Некаторыя з уражанняў удзельніц групы:

Ларыса Кіркевіч: “На прыкладзе нашых падапечных, якія засталіся ў адзіноце, трэба вучыць маладзейшых, як жыць, каб гэтага не было, атачаць сябе сябрамі, блізкімі людзьмі”.

Аліцыя Гацілава: “Даведалася пра праблемы, з якімі сутыкаюцца валанцёры, якія працуюць з вельмі сталымі людзьмі. На прыкладзе сваёй цудоўнай падапечнай навучылася ставіцца да жыцця пазітыўна і не крыўдаваць ні на што”.

Лілія Грыгарук: “Я зразумела, што акрамя таго, што ты бярэш ад жыцця, ты да таго ж маеш маеш магчымасць і самому зрабіць нешта карыснае”.

Таццяна Таранка: “Пачуццё шкадавання да бездапаможных старыкоў змянілася на павагу да гэтых “устойлівых алавянных салдацікаў”. Яны задаволеныя тым малым, што маюць, адмаўляюцца ад дапамогі, не скардзяцца”. “Сумесная дзейнасць сплаціла нас у маленькую моцную каманду”.

Наста Астапчук: “Слухаючы ўспаміны сталых падапечных, узгадваліся расповяды маёй бабулі. Вельмі цікава слухаць такую персаналізаваную гісторыю, хоць часам і цяжка было ўявіць, што такое магло насамрэч адбывацца з людзьмі”.  

Даведка

Праект “Малодшы брат, Малодшая сястра” здзяйсняецца на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку” (uzv.by), накіраванай на павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.
 
Праграма рэалізуецца з 2010 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” (3sektar.by) пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».
 
Калі вы хочаце далучыцца да групы, пішыце на мэйл hannabaradzina@gmail.com або тэлефануйце +37529 7792883 (Ганка Барадзіна, каардынатарка групы).

Яшчэ запісы