Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

15 красавіка прайшла апошняя ў гэтым навучальным годзе экскурсія ў межах секцыі «Падарожжы ў часе і прасторы», якую вядзе спадар Віктар Кірэеў.

Экскурсія атрымалася «медыцынскай» – студэнты наведалі Музей-аптэку і анатамічную экспазіцыю «Гарадзенскай кунсткамеры».

падарожжа

Секцыя “Падарожжы ў часе і прасторы” ўжо не першы год становіцца адной з самых папулярных сярод студэнтаў Універсітэта. Часам на экскурсію прыходзіць больш за 30 студэнтаў.

Пра прычыны такой папулярнасці нам распавялі слухачы, якія наведваюць гэтую секцыю:

Ірына Гзюнова:

«Экскурсіі па горадзе, музеях вельмі цікавыя і змястоўныя. Віктар Рамановіч распавядае нам пра гістарычныя будынкi, вуліцы, касцёлы, цэрквы, паказвае нам такія куткі горада, пра якія мы і не ведалі. Пасля кожнай экскурсіі інакш глядзіш на наш горад, глыбей яго ведаеш і любіш. Такі курс павінны быць абавязковым у школе».

Таццяна Халянкова:

«Усе экскурсіі секцыі «Падарожжы ў часе і прасторы» цікавыя і неверагодна займальныя. У любое надвор’е, з любым недамаганнем мы бяжым на сустрэчу з Віктарам Раманавічам, бо ён ніколі не падмануў нашых чаканняў. Кожны раз ён даваў магчымасць даведацца нешта новае пра наш родны горад. Па аўторках з 13-00 мы паўтары гадзіны акружалі нашага гіда, як птушаняты, раскрыўшы рот, і як руплівыя вучні, наставіўшы вушы, каб не прапусціць нічога цікавага з гісторыі Гродна.»

падарожжа_аптэка

Вольга Слабунова:

«Сёння з секцыяй «Падарожжы ў часе і прасторы» мы наведалі старэйшую ў Беларусі Аптэку-музей, якая пабудавана ў Гродне ў 1709 годзе і якая практычна на працягу ўсяго часу (толькі з невялікім перапынкам) была дзейнай аптэкай. Экскурсавод падзяліўся з намі цікавай інфармацыяй, а таксама былі прадастаўлены эксклюзіўныя экспанаты. На працягу навучальнага года наша секцыя наведала шэраг гістарычных аб’ектаў, былі здзейснены цікавыя экскурсіі па горадзе, дзе мы, слухачы УЗВ, дзякуючы кіраўніку секцыі Віктару Раманавічу, даведаліся вельмі шмат цікавага пра наш горад.»

Вера Кузовіна:

«Падарожжы ў часе і прасторы» – вельмі патрэбная секцыя. Я “адкрыла” для сябе Гродна. Віктар Раманавіч паказаў нам такія месцы, пра існаванне якіх я нават не здагадвалася. А колькі цікавага мы пачулі пра гісторыю горада! Уражвае тая колькасць інфармацыі, якой валодае Віктар Раманавіч. Зараз, праходзячы па горадзе, я гляджу на яго іншымі вачыма, узгадваючы нашы экскурсіі. Апошняя сустрэча была такой жа цікавай і пазнавальнай, як і ўсе папярэднія. Мы агледзелі аптэку-музей і анатамічны музей Медыцынкага ўніверсітэта. І тое, і другое вельмі ўразіла.»

collage

Яшчэ запісы