
Зрабіць Гродна горадам, камфортным для людзей розных пакаленняў. Такую амбітную мару маюць арганізатары Круглага стала “Горад, прыязны да сталых людзей”, які адбыўся 20 траўня ў Гродне.
Круглы стол быў арганізаваны ўстановай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” і праграмай “Універсітэт Залатога Веку” і праводзіўся ў межах Тыдня ўстойлівага развіцця.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ВНУ, упраўлення аховы здароўя аблвыканкаму, абласной міліцыі.
Мэтай сустрэчы была прэзентацыя кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”, якую арганізатары Круглага стала прануюць здзяйсняць у горадзе на працягу некалькі бліжэйшых гадоў.
Праца Круглага стала распачалася з выступу кіраўніцы праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Ланы Руднік, якая распавяла пра выклікі, якія стаяць перад нашай краінай у сувязі з хуткім старэннем насельніцтва.
У прыватнасці, было адзначана, што па класіфікацыі Сусветнага банка, ужо зараз Беларусь аднесена да ліку “імкліва старэючых краін”. Амаль кожны чацьвёрты беларус сёння – пенсіянер. Да 2030 г. колькасць людзей сталага ўзросту ў нашай краіне перавысіць 30%.
На сто працуючых людзей у 2020 г. будзе прыпадаць 67 пенсіянераў. Пры гэтым у краіне дагэтуль няма нацыянальнай стратэгіі дзеянняў, звязанай са старэннем насельніцтва, бракуе сістэмнай комплекснай працы па забеспячэнні годных умоваў жыцця сталых людзей, іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.
На праблемныя пытанні, звязаныя з аховай здароўя сталых людзей, звярнула ўвагу галоўны пазаштатны герыатр г. Гродна Ганна Станеўская.
Паводле яе словаў, у 6 паліклініках горада абслугоўваецца больш за 82 тыс. сталых людзей (25% ад усяго насельніцтва горада). Пры гэтым у горадзе працуе (і то на 0,5 стаўкі) толькі адзін герыятр (спецыяліст па хваробах, звязаным са сталым векам). Стаўкі абласнога герыятра няма ўвогуле. На увесь горад і раён ёсць толькі 15 ложкаў сястрынскага дагляду ў шпіталі №2 і Індурскім сельскім шпіталі. Гарадзенскі медуніверсітэт не займаецца падрыхтоўкай герыятраў.
Пытанням бяспекі сталых людзей быў прысвечаны выступ старэйшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных справаў Гродзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Рамашкі.
Па яго словах, за 4 месяцы бягучага года ў дачыненні да сталых людзей у вобласці былі здзейснены 274 злачынствы.
Сталыя людзі найчасцей становяцца ахвярамі крадзяжоў, здараюцца таксама выпадкі махлярства ў дачыненні да сталых. Таму гарадзенская міліцыя вядзе тлумачальную працу са сталымі людзьмі і іх сваякамі. Адмысловая тлумачальная праца вядзецца таксама з банкаўскімі і сацыяльнымі работнікамі, каб тыя таксама тлумачылі сталым людзям, як не стаць ахвярамі падману.
Адразу на Круглым стале была абмеркаваная ідэя стварэння ў Гродне “Школы бяспекі”, у якой супрацоўнікі міліцыі, міністэрства па надзвычайных сітуацыях, медыкі тлумачылі б сталым гарадзенцам, як не патрапіць у крытычныя сітуацыі і як рэагаваць на такія сітуацыі, калі яны здараюцца.
Адным з асноўных вынікаў кампаніі мае стаць далучэнне Гродна да міжнароднай сеткі гарадоў, прыязных да сталых людзей.
Пра тое, што гэта за сетка, якія яна мае мэты і як далучыцца да яе распавяла асістэнтка кіраўніка праграмы УЗВ Ганка Барадзіна.
Старшыня грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік прадставіў у сваім выступе ключавыя элементы кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”.
Гэта і стварэнне грамадскай рады па справах сталых людзей пры гарвыканкаме, і заснаванне “Залатой карткі сталага гарадзенца”, якая будзе даваць зніжкі на атрыманне тавараў і паслуг, і стварэнне ў Гродне інфармацыйна-рэсурснага цэнтра для сталых людзей, і правядзенне кірмашоў і фестываляў сталых людзей.
Сваімі ідэямі наконт магчымага зместу кампаніі падзяліліся і ўдзельнікі Круглага стала.
У прыватнасці, прагучалі прапановы арганізацыі рэгулярных заняткаў з удзелам сталых людзей фізкультурай на базе школьных стадыёнаў, іншых пляцовак у розных раёнах горада, стварэння інтэрактыўнай мапы, на якой будуць пазначаныя месцы знаходжання арганізацый, якія працуюць у інтарэсах сталых людзей, арганізацыя працы са сталымі людзьмі ў сельскай мясцовасці і г.д.
Усе гэтыя прапановы будуць апрацаваныя і дасланыя гарадзенскім уладам з прапановай стварыць гарадскую праграму “Гродна, прыязны да сталых людзей” на 2016-2018 гг.
Фота Рона Сольфа