Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Догляд за хворымі сталымі сваякамі – гэта не толькі асабістая праблема чалавека. Гэта сацыяльная праблема ўсяго грамадства цалкам.

Як правіла, догляд за сталымі людзьмі кладзецца на плечы аднаго з членаў сям’і: у асноўным на жанчын, якім крыху больш за 50 гадоў. Гэта так званае “sandwich generation” ( «пакаленне бутэрброда»). Яны, як бы «заціснутыя» паміж двума ўзроставымі групамі – пакаленнем дзяцей, якім яшчэ патрэбна іх дапамога, і пакаленнем бацькоў, якія калісьці вырасцілі іх саміх, але цяпер страцілі самастойнасць і маюць патрэбу ў дапамозе.

Адным з найбольш цяжкіх станаў, звязаных з доглядам за сталымі людзьмі, з’яўляецца дэменцыя.

Дэменцыя (лац. Dementia – вар’яцтва) – набыты недаўсціп, ўстойлівае зніжэнне пазнавальнай дзейнасці са стратай у той ці іншай ступені раней засвоеных ведаў і практычных навыкаў і цяжкасцю або немагчымасцю набыцця новых.

У свеце дэменцыяй пакутуе каля 50 мільёнаў чалавек, і ў выніку старэння насельніцтва да 2050 года гэтая лічба вырасце ў тры разы. «На нас насоўваецца глабальнае цунамі дэменцыі, – сказала Генеральны дырэктар СААЗ доктар Маргарэт Чэн. – Нам неабходна павысіць аб’ём інвестыцый не толькі ў навуковыя даследаванні, накіраваныя на пошук лячэння ад гэтай хваробы, але і ў мерапрыемствы па паляпшэнні якасці жыцця хворых … »

Сёння сярод усіх хранічных захворванняў дэменцыя і кагнітыўныя парушэнні з’яўляюцца асноўнымі нагодамі залежнага становішча людзей сталага ўзросту ва ўсім свеце.

Міжнародная асацыяцыя хваробы Альцгеймера (асноўнае захворванне, якое прыводзіць да дэменцыі) лічыць, што чалавек, хворы на дэменцыю, застаецца чалавекам, які захоўвае сваю годнасць і заслугоўвае такой жа ступені павагі да сябе, як і іншыя людзі.
Інфармацыя, адукацыя і навучанне ў галіне дадзенага захворвання, яго наступстваў, а таксама таго, як ажыццяўляць догляд за хворымі, павінны быць даступныя для ўсіх тых, хто мае дачыненьне да аказання дапамогі хворым на дэменцыю.

Праблемы, звязаныя з паляпшэннем якасці жыцця дадзенай групы насельніцтва сёння знаходзяцца ў цэнтры ўвагі сацыяльных арганізацый ва ўсім свеце.

У нашай краіне падтрымка людзей з дэменцыяй, іх сваякоў і прафесійных сацыяльных работнікаў знаходзіцца ў пачатку свайго шляху і таму вельмі важна атрымаць веды ад тых людзей, якія ўжо маюць шматгадовы досьвед у гэтай галіне.

У дадзенай сітуацыі грамадская дапамога ў той ці іншай форме «пакаленню бутэрброда» неабходная.

Oбщественная дабрачынная габрэйская арганізацыя «Хэсэд-Рахамім» з 1994 года займаецца сацыяльнай падтрымкай сталага насельніцтва і інвалідаў. Разумеючы спецыфічныя праблемы і патрэбы дадзенай групы насельніцтва, супрацоўнікі пастаянна шукаюць дадатковыя сродкі і новыя формы работы.

У 2016 годзе Фонд «Памяць, адказнасць, будучыня» (Германія) праз свайго афіцыйнага прадстаўніка ў Беларусі МГА “Узаемаразуменне” выдзеліў ГДГА «Хэсэд-Рахамім» грант для рэалізацыі праекта «Мы разам».

Праект «Мы разам» накіраваны на сацыяльную падтрымку людзей з пачатковай стадыяй дэменцыі і іх сваякоў.

У межах гэтага праекта спецыялісты ГДГА «Хэсэд-Рахамім» імкнуцца распрацаваць праграму сацыяльнай падтрымкі людзей з дэменцыяй на аснове самага перадавога досьведу іншых краін.

Яны наведвалі Германію і Англію з мэтай вывучэння сацыяльнай палітыкі гэтых дзяржаў адносна людзей з асаблівымі патрэбамі, а таксама непасрэдных тэхналогій ажыццяўлення прынцыпу годнага старэння для ўсіх.

А з 11 па 14 красавіка была арганізавана рабочая сустрэча па абмене досьведам сацыяльнай працы з людзьмі, якія жывуць з дэменцыяй. Спонсарамі Рабочай сустрэчы выступілі: Амерыканскі аб’яднаны габрэйскі размеркавальны камітэт (ААГРК) Джойнт і «Сусветная габрэйская дапамога» (Вялікабрытанія).

У Рабочай сустрэчы, якая доўжылася 4 дні, прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з Мінска, Гомеля, Бабруйска і Віцебска, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Мінска, НДІ працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, і Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне».

Асноўнымі дакладчыкамі былі спецыялісты з ААГРК Джойнт (Ізраіль) і «Габрэйскі догляд» (Вялікабрытанія).
Яны пагрузілі ўсіх удзельнікаў сустрэчы ў свет чалавека, які жыве з дэменцыяй. Вельмі пранікнёна паказалі, як чалавек з стратай памяці страчвае становішча ў грамадстве, самапавагу, якія цяжкасці ўзнікаюць у зносінах з такім чалавекам, як сваякі губляюцца пры доглядзе за ім.

У той жа час спецыялісты з Англіі і Ізраіля пераканаўча паказалі, як дапамагчы чалавеку на ранніх стадыях дэменцыі здабыць упэўненасць у сабе, вярнуць павагу блізкіх, як можна пераканаць навакольных у тым, што ўсе беды не ад дрэннага характару, а ад стану памяці і магчымасці або немагчымасці мысліць прадуктыўна.

Яны паказалі, як зрабіць жыццё ў сям’і больш спакойным, як арганізаваць індывідуальныя заняткі з такімі людзьмі на хаце і ў групах Цэнтраў дзённага знаходжання. Як арганізаваць групы ўзаемадапамогі і ўзаемападтрымкі для членаў сем’яў.

У працэсе сустрэчы ўдзельнікі абмяркоўвалі напаўненне «чароўнага чамаданчыка», дзе прадстаўлены розныя прыстасаванні для актывізацыі кагнітыўных працэсаў (ад мячыкаў, эспандэраў для трэніроўкі мышцаў да пазлаў, галаваломак і лагічных гульняў).
Была прадэманстравана методыка «скрынка ўспамінаў», якая дапамагае ажыццяўляць індывідуальны падыход да чалавека з дэменцыяй, зразумець, як можна дастукацца да яго свядомасці ведаючы яго жыццёвыя інтарэсы, звычкі і ўзаемаадносіны з людзьмі да хваробы.

Больш дасведчаныя ўдзельнікі сустрэчы прадэманстравалі прыёмы наладжвання кантакту (як казаць, дзе стаяць, як ажыццяўляць тактыльны кантакт, як прыцягнуць увагу чалавека з дэменцыяй да суразмоўцы).

Вялікая ўвага была нададзена пачуццям сваякоў, якія часта не ўяўляюць, што ім рабіць, як сябе паводзіць у сітуацыі, якая склалася, як арганізаваць догляд на хаце пры моцнай занятасці.

Пры абмеркаванні гэтых пытанняў было выразна паказана, што сваякі таксама маюць патрэбу ў падтрымцы.

Усе веды, атрыманыя ў працэсе абмену досьведам, спецыялісты АДГА «Хэсэд-Рахамім» будуць прымяняць у сваёй дзейнасці.

У канцы чэрвеня пачнецца непасрэдная дзейнасць па праекце: будуць сфарміраваны 2 групы дзённага знаходжання для людзей з праблемамі памяці і ранняй стадыяй дэменцыі; штомесяц будуць праводзіцца групы падтрымкі для сваякоў, а дадаткова да гэтага сіламі валанцёраў будуць ажыццяўляцца сацыяльныя візіты на дом да ўдзельнікаў праекта, якія жывуць з дэменцыяй.

Зараз вядзецца падбор удзельнікаў груп, а таксама людзей, якія жадаюць удзельнічаць у праекце ў якасці валанцёраў.

У далейшым мяркуецца выдаць брашуру з апісаннем усіх відаў дзейнасці па праекце для распаўсюджвання досьведу ў дзяржаўныя, грамадскія арганізацыя і для дапамогі тым, хто даглядае за сваімі сваякамі дома.

Праект «Мы разам» палепшыць становішча людзей са стратай памяці і дапаможа «пакаленню бутэрброда» зазірнуць у «залюстаркоўе» чалавека, які жыве з дэменцыяй, зразумець, як ён бачыць і ўяўляе навакольны свет і як сваякі і супрацоўнікі, якія даглядаюць такога чалавека, могуць перажыць эмацыйны стрэс пры доглядзе за ім і захаваць сябе.

Абрамава Соф’я
ГДГА “Хэсэд-Рахамім”, Мінск

Яшчэ запісы