
14 красавіка адбыўся вясновы Вольны Кірмаш УЗВ.
Мерапрыемства сабрало не толькі людзей, якія хацелі абмяняцца рэчамі, але і тых, хто хацеў больш даведацца пра экалагічны лад жыцця. Слухачкі курса “Экаспажыванне” падрыхтавалі розныя майстар-класы, якія дапамаглі ўдзельнікам даведацца больш пра карысныя экалагічныя звычкі.
Праграма Вольнага кірмашу была вельмі насычанай:
- Ларыса Кіркевіч падзялілася хітрыкамі развядзення фіалак.
- Вера Кузовіна распавяла, як чытаць этыкеткі і набываць здаровую ежу.
- Ірына Сідзюк паказала, як эфірныя алеі могуць уплываць на здароўе і настрой.
- Тамара Паўловіч распавяла пра тое, ці можна піць ваду з-пад крана і ці патрэбны нам фільтры для вады.
- Вольга Тарасюк, студэнтка ГрДУ, паказала, як можна самастойна зрабіць фільтр для вады.
- Яна Камароўская, выкладчыца курса “Экаспажыванне”, правяла дэгустацыю гарбат, з рознымі відамі лекавых зёлак.
Усе майстар-класы выклікалі вялікую цікаўнасць і сабралі шмат удзельнікаў.
Гэтым разам удзельнікі мерапрыемства прыносілі не толькі рэчы і абутак, але і розныя ўпрыгожванні, розныя віды насенняў і раслінаў, кнігі і нават ракушкі з мора.
Вольны кірмаш будуецца на трох асноватворных прынцыпах: скарачэнне спажывання і яго ўсвядомленасць, паўторнае выкарыстанне рэсурсаў, іх перапрацоўка.
Рэчы, якія засталіся пасля Кірмашу, будуць перададзены людзям, якія маюць у іх патрэбу.
Вольны кірмаш арганізавалі выкладчыцы і студэнткі курса “Экаспажыванне”, партнёрам гэтых заняткаў выступае вядомая гарадзенская фірма «Біган».
Усе фотаздымкі з мерапрыемства можна паглядзець у альбоме.