
Сумеснае прасоўванне ідэі распрацоўкі Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця, мясцовых планаў дзеянняў у інтарэсах людзей усіх пакаленняў, збор прапановаў па зместу гэтых дакументаў, а таксама маніторынг эфектыўнасці выканання гэтах планаў. Гэта будзе прыярытэтам дзейнасці сябраў кааліцыі “За годнае даўгалецце”, якая створаная ў Беларусі. Мемарандум кааліцыі ўжо падпісалі прадстаўнікі некалькіх арганізацый і незалежных экспертаў.
У ліку падпісантаў – гарадзенскія ГА “Цэнтр “Трэці сектар” і ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” (Мінск), ГА “Залаты ўзрост” (Віцебск), “Хэсэд-Рахамім” (Мінск), старшыні Радаў гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” і мінскага “Універсітэту трэцяга ўзросту“.
У дакуманце гаворыцца, што галоўнай мэтай дзейнасці кааліцыі з’яўляецца стварэнне грамадства, у якім ёсць годнае месца для сталых людзей.
Сябры кааліцыі ўжо накіравалі свае прапановы ўладам па стварэнні Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця.
Як адзначаецца ў гэтых прапановах, а таксама ў Мемарандуме, галоўнай мэтай Нацыянальнай стратэгіі павінна стаць стварэнне ўмоў для годнага старэння і максімальнай рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця, паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей у прыязным для іх асяроддзі.
У Мемарандуме зафіксаваныя наступныя прыярытэтныя накірункі дзейнасці кааліцыі:
– сумесная падрыхтоўка прапановаў да зместу Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця і іншых нарматыўных дакументаў, якія тычацца пытанняў забеспячэння годнага даўгалецця;
– абмен інфармацыяй і досведам работы па актывізацыі сталых людзей, паляпшэнні якасці іх жыцця, забеспячэнні дыялога паміж пакаленнямі;
– арганізацыя дыялогавых пляцовак па пытаннях, звязаных з паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей, забеспячэннем іх канстуцыйных правоў і інтарэсаў, а таксама супрацьдзеянне эйджызму;
– павышэнне патэнцыялу арганізацый і ініцыятыў, якія займаюцца пытаннямі паляпшэння якасці жыцця сталых людзей;
– ініцыяванне і стымуляванне навуковых даследаванняў, скіраваных на даследаванне стану і патрэбаў сталых людзей, якасці паслуг, а таксама іншых пытанняў годнага даўгалецця, удзел у правядзенні гэтых даследаванняў і папулярызацыі іх вынікаў;
– паляпшэнне інфармаванасці беларускага грамадства аб рэальным становішчы сталых людзей у краіне;
– фармаванне станоўчага вобразу сталага чалавека ў медыя;
– ініцыяванне грамадскіх дыскусій па пытаннях годнага даўгалецця;
– маніторынг эфектыўнасці рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця і іншых планаў, якія закранаюць інтарэсы сталых людзей;
– прадстаўленне інтарэсаў сябраў кааліцыі на міжнароднай арэне па пытаннях паляпшэння якасці жыцця сталых людзей, забеспячэння іх правоў і інтарэсаў.
Мемарандум адкрыты для падпісання прадстаўнікамі грамадскіх, дзяржаўных, акадэмічных арганізацый з Беларусі і іншых краін, незалежнымі экспертамі, якія падзяляюць палажэнні гэтага дакумента.