
Тры прадстаўнікі кааліцыі “За годнае даўгалецце” дэлегаваныя ў працоўную групу па стварэнні Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця. У склад гэтай кааліцыі ўваходзяць і сябры Рады гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”.
Рашэнне пра гэта было прынята ў час чарговай сустрэчы сябраў кааліцыі, якая адбылася 25 красавіка ў Мінску.
Удзел у сустрэчы бралі прадстаўнікі Навукова-даследчага інстытута пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, які каардынуе распрацоўку стратэгіі.
Як паведаміў супрацоўнік гэтага інстытута Сяргей Капусцін, праца над стратэгіяй складаецца з чатырох этапаў.
Першы з іх – аналітычны – ужо завершаны. Ён складаўся з вывучэння замежнага досведу, тэарэтычнай базы, збору інфармацыі пра вынікі розных даследаванняў, якія тычацца старэння насельніцтва.
На другім этапе, які распачынаецца з траўня, будзе створана экспертная працоўная група, якая будзе аналізаваць і дапаўняць парцу, зробленую на папярэднім этапе.
Вынікам працы групы мае стаць працоўны варыянт стратэгіі, якія мае з’явіцца да канца чэрвеня.
У склад гэтай групы ад імя кааліцыі дэлегаваныя Вітаўт Руднік (старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар”), Анжаліка Аношка (старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”) і Раіса Сінельнікава (незалежная экспертка).
На трэцім этапе чарнавы варыянт стратэгіі будзе дасланы на экспертызу зацікаўленым арганізацыям. Сябры кааліцыі адзначылі важнасць забеспячэння магчымасці каментавання гэтага дакуманта ўсімі ахвотнымі, у тым ліку – сталымі людзьмі.
На чацьвёртым этапе (кастрычнік-снежань) будзе распрацоўвацца план мерапрыемстваў па рэалізацыі Стратэгіі.
Чакаецца, што Стратэгія будзе зацверджана парламентам увосень і ўвойдзе ў дзеянне ў 2020 г.
Сумеснае прасоўванне ідэі распрацоўкі Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця, мясцовых планаў дзеянняў у інтарэсах людзей усіх пакаленняў, збор прапановаў па зместу гэтых дакументаў, а таксама маніторынг эфектыўнасці выканання гэтах планаў з’яўляецца прыярытэтам дзейнасці сябраў кааліцыі “За годнае даўгалецце”.
Узгодненыя сябрамі кааліцыі прапановы былі дасланыя ў Міністэрства працы ў канцы 2018 г. Пазнаёміцца з іх зместам можна тут.
У падпісаным удзельнікамі кааліцыі Мемарандуме гаворыцца, што галоўнай мэтай Стратэгіі павінна стаць стварэнне ўмоў для годнага старэння і максімальнай рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця, паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей у прыязным для іх асяроддзі.
На гэты момант Мемарандум кааліцыі падпісалі гарадзенскія ГА “Цэнтр “Трэці сектар” і ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” (Мінск), ГА “Залаты ўзрост” (Віцебск), ГА “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” (Мінск), “Кобрынскі Клуб дзелавых жанчын “Бона”, “Хэсэд-Рахамім” (Мінск), старшыні Радаў гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” і мінскага “Універсітэту трэцяга ўзросту“, а таксама некалькі экспертаў.