
Летні клуб ангельскай мовы УЗВ вітаў сёння гасцей з Нідэрландаў – спадара Ганса Эла (Hans Uyl) і яго ўнучку Эму.

Спадар Ганс працаваў настаўнікам ангельскай мовы ў Экарт каледжы ў Эйндховене (Нідэрланды), паспяхова распачаў і развіваў школьны абмен каледжа з мінскай гімназіяй на пачатку 90-х гадоў.
Цяпер ён на пенсіі, але актыўна супрацоўнічае з Барысаўскім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам, які знаходзіцца ў вёсцы Тарасікі Мінскай вобласці. З яго ініцыятывы быў створаны дабрачынны фонд “Пярліна Тарасікі”, бо кожны чалавек, асабліва адзінокі і цяжка хворы з’яўляецца той самай пярлінай, скарбам.

Кожны меў магчымасць задаць свае пытанні. Так студэнты УЗВ з размовы даведаліся, што Галандыя з’яўляецца толькі адной з частак Нідэрландаў.

Спадар Ганс дзяліўся досведам сваёй працы настаўнікам, заахвоціў не баяцца памылак і размаўляць на ангельскай мове, паабяцаў прывезці для студэнтаў УЗВ кніжкі на ангельскай мове і быць на сувязі з намі праз Скайп.
