Студэнты “Універсітэту Залатога Веку” распавядаюць пра тое, як праводзяць незапланаваныя канікулы, на якія іх адправіла пандэмія COVID-19.
Любоў Зорына, студэнтка УЗВ і выкладчыца курса “Наш Радавод”:
Любоў Зорына
Займаюся хатнімі справамі, да якіх не заўсёды даходзілі рукі, – з усмешкай кажа Любоў. – Гатоўкай займаюся, праглядам серыялаў.
На днях зрабіла подпісы да фотаздымкаў Святланы Несцярэнка, у яе плануецца выстава ў бліжэйшы час у Цэнтры гарадскога жыцця, прысвечаная цікавым будынкам Гродна.
Таксама падчас незапланаваных канікул я набрала лісты, які захаваліся пра майго дзеда Багдана Бутц з канца 50-х – пачатку 60-х гадоў.
Пакуль не сумна сядзець дома, калі ўмееш з карысцю выкарыстоўваць гэты вольны час, – кажа Любоў.
Ларыса Кіркевіч, старшыня рады УЗВ:
– Вельмі не падабаецца такая сітуацыя, – прызнаецца Ларыса. – Думаю, цяпер яшчэ больш людзей ацэняць карысць нашага “Універсітэту Залатога Веку” і сваё жыццё падчас наведвання заняткаў і іх прыпынення.
Шмат інфармацыі даведваюся праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і разумею, што можна і анлайн навучацца, але гэта, на мой погляд, не тое, – прызнаецца Ларыса.
Лічу, што цяпер у многіх ёсць жаданне вучыцца, але няма магчымасцей…
Ну але, “нет худа без добра”, – кажа Ларыса. – Цяпер ёсць магчымась больш займацца сваім хобі. Напрыклад, мы разам Таццянай Таранкай пачалі рыхтавацца да веснавых пасадак.
Ларыса з Таццянай рыхтуюць сажанцы перцаў да пасадкі
Чакаем станоўчых пераменаў у сітуацыі з пандэміяй, – дадае Ларыса.
Алена Лысуха:
Алена Лысуха
Змірылася з гэтай сітуацыяй. У вольны час гляджу серыялы, навіны, займаюся скандынаўскай хадой. На вуліцы з людзьмі не вітаюся, стараюся прытрымлівацца правілаў гігіены і засцярогі.
Уладзімір Рунге, сябра Рады УЗВ, вядучы клуба “Гародня шматканфесійная”:
Уладзімір Рунге
“Душаць унукі, каб нікуды не выходзіў “, – кажа Уладзімір.
Займаюся радаслоўнай, гісторыяй свайго роднага мястэчка Ізабеліна, дакументы ў парадак прывожу.
На выходных быў дома, нікуды не выходзіў. Калі прыходзіцца выходзіць па справах, то стараюся ні з кім за рукі не вітацца, у грамадскім транспарце не ездзіць, пасля старана вымываць рукі і карыстацца дызэнфіцыйнымі сродкамі.
Хацелася бы ізноў наведваць заняткі ва УЗВ, – прызнаецца Уладзімір, – але ў гэты час лепш перастрахавацца.
Вера Кузовіна:
Вера Кузовіна
Маё стаўленне да сітуацыі з пандэміяй спакойнае, у параўнанні з маёй дачкой, якая сама ізалявалася і ўнука ў школу не пускае.
Я засумавала, што заняткі ва УЗВ прыпыніліся, лічу, што кожны сам можа выбраць, наведваць яму заняткі ці не, я б хадзіла, – прызнаецца Вера.
Маё жыццё падчас пандэміі амаль не адрозніваецца ад таго, якое было раней. Я хаджу на ёгу 2 разы на тыдзень, раз на тыдзень у басейн і ў лазню. Вось на гэтым тыдні была ў басейне – людзей было мала, нават пашчасціла адной плаваць на дарожцы – якое задавальненне! – дадае Вера.
У транспарце я езжу мала, усе правілы гігіены я, канешне, выконваю.
Дарэчы, я больш дэталёва пачала сачыць за сваім рэжымам харчавання, бо падчас наведвання УЗВ не заўсёды атрымоўвалася гэта рабіць.
Тамара Мухіна, пачэсная студэнтка УЗВ:
Засмучана сітуацыяй з пандэміяй і прыпыненнем заняткаў ва УЗВ.
Падтрымліваю сувязь з роднымі і знаёмымі дыстанцыйна. Нават на дзень нараджэння да сяброўкі не пайшла, – кажа Тамара.
Шмат чытаю, гляджу тэлебачанне, раней на гэта не хапала часу.
Кветкі Тамары
Дома рэгулярна правожу вільготныя ўборкі, праціраю ручкі дзвярэй. Таксама па трохі рыхтуюся да Свята пасхі і вырошчваю у хатніх ўмовах свежую садавіну ў вазонах.
Хатняя садавіна Тамары Мухінай
Вельмі турбуюся за ўнука, які ў Чэхіі, там сітуацыя яшчэ больш страшная. Усе ходзяць у масках, пазачынялі шмат устаноў, у тым ліку і ўніверсітэт у якім навучаецца ўнук.
Прарвёмся! – дадае Тамара.
Дзіна Баран:
Дзіна Баран
Раблю карціны з шэрсці, вышываю, шмат чытаю, займаюся хатнімі справамі, с мужам разгадваем крыжаванкі.
Адна з прац Дзіны, якую зрабіла падчас канікул
Наконт сітуацыі з каронавірусам не панікую, стараюся выконваць усе правілы гігіены, дзвярныя ручкі апрацоўваю рэгулярна. Вялікія пакупкі дапамагаюць рабіць дзеці.
Вельмі сумую па ўнуках, дзеці не пускаюць іх да нас – размаўляем па скайпу, – дзеліцца Дзіна.
Таксама вельмі непакоіць пытанні наконт запланаванага наведвання канцэрта Дзідзюлі 26 сакавіка ў Гродна. Магчыма, яго адменяць.
На бліжэйшых выходных дакладна паедзем на лецішча, там заўсёды спраў хапае.