
Ларыса Ганчар з’яўляецца студэнткай УЗВ “са стажам”, уваходзіць у Раду ўніверсітэта, а некалькі апошніх год яшчэ і вядзе заняткі кулінарнага клуба “Разынкі”. Чым не нагода завітаць да яе ў госці і пагутарыць на самыя розныя тэмы?
– “Аднойчы мая дачка мне сказала, што ў горадзе ёсць цікавы Універсітэт для сталых людзей, і запытала, ці не хачу я туды пахадзіць?
– Чаму і не? – падумала я – кажа Ларыса, распачынаючы аповед пра свае “прыгоды” з УЗВ.
– Канешне, я не ведала, што чакаць ад Універсітэту, але заўсёды была актыўнай, любіла нешта рабіць, асабліва рукамі, і хацела даведацца шмат чаго новага і паглядзець, чым займаюцца іншыя людзі. Так у 2012 годзе я патрапіла ў вір сапраўднага студэнцкага жыцця, – узгадвае Ларыса.
– Спачатку я была не вельмі актыўнай студэнткай, але з цягам часу усё больш дзе ўдзельнічала, наведвала розныя клубы і курсы і, неўзабаве, мяне абралі сябрам Рады. Пазіцыя вельмі адказная, але я згадзілася.
У дзяцінстве я не любіла гатаваць ежу, дакладней, спакойна да гэтай справы ставілася. Гэта пазней прыйшла любоў і цікавасць да кулінарыі. Магчыма, штуршок дало жыццё ў інтэрнаце: агульная кухня, заходзіш туды і адразу хочацца нешта прыгатаваць, у некага пакаштаваць.
Але стаць вядучай кулінарнага клуба дакладна дапамог выпадак.
Першыя заняткі клуба “Разынкі”
На першыя заняткі я прыйшла заранём, падрыхтаваўшыся і з “візітнай картачкай” – пірагом, – смяецца Ларыса.
– Як вядома, за кубкам гарбаты людзі сябе вядуць больш свабодна і хутчэй ідуць на кантакт, таму я таксама вырашыла гэтым скарыстацца.

На занятку было прыкладна 10 чалавек. Мы разбіралі тэму карвінг – прыгожую нарэзку на стол. Рабілі вожыкаў, ружачкі.

На першых занятках я сябе, як выкладчыца, не адчувала, толькі з цягам часу гэта прыйшло, – дзеліцца Ларыса. – І дарэчы, калі бярэш журнал, то разумееш, што на час занятку ты адказваеш за кожнага са студэнтаў і адказнасць з’яўляецца аўтаматычна.
Чаму клуб мае менавіта такую назву?
Хацелі назваць незвычайна і каб назва адлюстроўвала сэнс клуба – я лічу, што так і атрымалася.
Што змянілася ў клубе за тры гады яго працы?
Каардынальна нічога не змянілася. Нам зручна працаваць па той схеме, якая ёсць: фіксуем рэцэпты, абмяркоўваем, пасля гатуем дома і прыносім на дэгустацыю на наступны занятак.
Ці наведваюць мужчыны клуб?
Няшмат мужчын навучалася, але некаторыя цяпер перыядычна наведваюць заняткі. Напрыклад, Міраслаў Паўловіч, таксама навучаліся Віктар Бурдукоў і Уладзімір Паляшчук. Казалі, што карысныя веды атрымалі і нават нешта самі пачалі рыхтаваць.
Адкуль бяруцца рэцэпты блюд?
Па-рознаму, але ў большасці выпадкаў я “манітору” інтэрнэт, асабліва люблю польскія сайты з апісаннем розных страў, – кажа Ларыса. – Таксама родныя, знаёмыя дзеліцца рэцэптамі. Мой крытэрый выбару блюд: чым менш інгрыдыентаў – тым смачней будзе страва.

Самае-самае блюда
Ёсць у мяне адзін сямейны рэцэпт торта “Напалеон”, які мне перадаўся ад маёй бабулі і я яго нікому не расказваю, нават сваім студэнтам. Ведае яго толькі мая дачка Марта.
Самае незвычайная страва, якую гатавалі студэнты падчас навучання ў клубе?
На мой погляд – салат з макаронаў з вэнджанымі памідорамі. Прадуктаў для яго патрэбна мала, а страва вельмі смачная!

Апішыце вашых студэнтаў
Групы ў мяне заўсёды былі згуртаваныя, заняткі заўсёды праходзілі на адным дыханні. Дарэчы, падчас навучання на трэцім годзе, адчулі разам са студэнтамі, што мы сапраўды адзін калектыў.

Прыгатаванне ежы дома і на занятках – адно і тое ж?
Калі я што раблю, то ад душы, і калі я гатую ці для сябе ці для студэнтаў – розніцы не адчуваю. Я таксама люблю частаваць сваіх родных, суседзяў, сяброў.

“Рэцэпты” – падарунак у тэму
Аднойчы кіраўніца УЗВ Лана Руднік прапанавала мне выпусціць імянныя рэцэпты. Спачатку да яе прапановы я паставілася насцярожана, але пасля ўсё атрымалася! Таму дзякуй Лане за магчымасць атрымаць новы вопыт. Калі даводзілася дарыць рэцэпты, то рэакцыя людзей заўсёды была файная і я лічу, што “Рэцэпты” – вельмі добры падарунак у тэму кожнаму чалавеку.

Па якому прынцыпу выбіралі стравы ў рэцэпты?
У набор увайшлі рэцэпты страваў, якія былі прадэгуставаныя падчас навучання ў клубе, якія мы рыхтавалі неаднаразова.
Самы ўнікальны рэцэпт з новага выпуску “Рэцэптаў”
На мой погляд, пірог “Падушачкі”, бо ён вельмі прыгожа выглядае і вельмі смачны.

Рэцэпт яго чакайце ў другім выпуску “Рэцэптаў”.
Правільныя, смачныя і карысныя стравы – такія бываюць?
Так. Напрыклад, суп-пюрэ, салаты.
Што самае галоўнае ў прыгатаванні страваў?
Добры настрой, жаданне гатаваць і не баяцца, што нешта не атрымаецца.
Што для вас самае галоўнае ў жыцці?
Мая сям’я: блізкія, родныя, унукі, сябры. Напрыклад, мая ўнучка часта кажа: “Бабуля, ты у мяне такая таленавітая!”. Чуць такое – вельмі дарагога каштуе.

Я не умею жыць па дакладным раскладзе, я – чалавек настрою, не люблю сядзець на месцы, люблю вандраваць і усім цікавіцца. Я – пазітыўны чалавек, які любіць жыццё!