Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Студэнтка Універсітэту Залатога Веку са “стажам” больш за 7 гадоў, выкладчыца рукадзельнага курсу “Натхненне майстрыхі”, сябра Рады Універсітэту – гэта ўсё пра Тамару Герасіменку, якая па выніках мінулага акадэмічнага года атрымала яшчэ і пачэснае званне ганаровай студэнткі УЗВ.

Тамара нарадзілася ў Вільні, скончыла філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

– Але папрацаваць па спецыяльнасці не атрымалася з-за сямейных абставінаў – муж быў вайскоўцам, – кажа Тамара.

Лёс склаўся так, што Тамары давялося пажыць і папрацаваць у розных краінах.

– Так некаторы час я жыла ў Манголіі, дзе працавала ў дзіцячым садку выхавацелькай. Таксама жыла ў Афганістане, працавала загадчыцай бібліятэкі ў расійскім Саратаве.

“Прафесія+захапленне=хобі”

Працы ганаровай студэнткі УЗВ Тамары Герасіменка

Я лічу, што мая прафесія выкладчыцы і захапленне па рукадзеллю аб’ядналіся ў хобі, і гэты тандэм доўжыўся на працягу 25 гадоў маёй працы ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе я працавала выкладчыцай майстэрні прыкладной творчасці.

Затым гэта ўсё знайшло свой працяг ва “Універсітэце Залатога Веку”, дзе я выкладаю курс “Натхненне майстрыхі”.

У 6 гадоў першая праца!

Любоў да рукадзелля праявілася яшчэ ў дзяцінстве.

Так, аднойчы, адыходзячы на працу, мая маці паказала мне, як можна звязаць кручком ланцужок для лялькі – узгадвае Тамара.

– Прыйшоўшы пасля працы, маці пабачыла ляльку ў адзенні, якое я сама для яе звязала – усміхаецца Тамара. – Вось гэта і была мая першая праца. Далей ужо пайшлі паліто, сукні для лялек, але калі казаць пра сапраўдныя рэчы, то ў 5-ым класе звязала сабе кофту з простай “10-кі” чорную з белымі карункамі.

Любіла піянерскія лагеры

З васьмігадовага ўзросту я праводзіла летнія канікулы ў піянерскіх лагерах, мне вельмі там падабалася! – кажа Тамара. –

А з восьмага класа пачала ўжо працаваць там як важатая, выхавацельніца, а далей была і старшай піянер-важатай.

“Па жыцці я люблю адказваць за сябе і за вынікі сваёй працы”

Можа скласціся ўражанне, што я патэнцыяльны лідар, але гэта не так, – удакладняе Тамара.

Па жыцці я люблю адказваць за сябе і за вынікі сваёй працы.

Мне заўсёды падабалася тое, чым я займаюся і я ніколі не забывала важную прымаўка “Стаўся да людзей так, як хочаш, каб і да цябе ставіліся”.

Таксама ў мяне ёсць мой талісман-конік, які купіла маці, калі мне было 3 месяцы і з таго часу ён заўсёды са мной дапамагае і аберагае мяне.

Талісман Тамары Герасіменка

“Пытання, чым я буду займацца на пенсіі, не было”

На заканчэнні сваёй працоўнай дзейнасці я пазнаёмілася з адной са студэнтак “Універсітэту Залатога Веку”, якая мне і параіла наведваць тут рознага кшталту курсы і клубы.

І так у 2013 годзе я стала студэнткай УЗВ.

Спачатку пачала наведваць курс “Мода, стыль і прыгажосць”, які выкладала Ірына Новік. Там мне вельмі падабалася атмасфера добразычлівасці і цеплыні, якая панавала падчас заняткаў.

Я актыўна сябе праяўляла падчас навучання, бо мне падабалася займацца творчасцю.

Вось аднойчы на Школе добрых спраў у тым жа 2013 годзе мы абмяркоўвалі стварэнне курса “Натхненне майстрыхі” і адна са студэнтак Ванда Афанасьева прапанавала абраць мяне кіраўніцай клубу. З таго часу ўжо 7 гадоў я выкладаю гэты курс. А з 2014 года стала сябрам Рады УЗВ.

Тамара Герасіменка з сябрамі Рады УЗВ

Поспехі маіх студэнтаў – лепшая ўзнагарода

На працягу 7 гадоў выкладання курсу ва УЗВ, я заўсёды з задавальненнем іду да сваіх студэнтаў.

Тамара разам са сваімі студэнткамі

Дарэчы, вельмі запомнілася паездка ва Вроцлаў на 40-годдзе Вроцлаўскага Універсітэту, – узгадвае Тамара. – Там на адной з выстаў па рукадзеллю я ўбачыла розныя прыгожыя працы і падумала, калі я змагу студэнтаў свайго курсу падштурхнуць на стварэнне такога.

І вось цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што мае студэнты змаглі дасягнуць таго вроцлаўскага ўзроўню і самі здольныя ствараць цудоўныя працы, у тым ліку – для сувенірнага фонду УЗВ.

Працы студэнтак курса “Натхненне майстрыхі”

Уражанні пасля прысваення звання ганаровага слухача УЗВ

– Перапаўняла пачуццё адказнасці і ў падарунак для нашага УЗВ я стварыла пано з лагатыпам Універсітэту.

Яно зроблена ў стылі “Крейзі-квілт” з бавоўны і складаецца з 350 палосак тканіны, якія сімвалізуюць і аб’ядноўваюць кожнага студэнта, выкладчыка і каманду.

Пано ў стылі “Крэзі-квілт”

Бліц-апытанне для Тамары Герасіменкі:

– Ці ёсць у вас мара, якая яшчэ не споўнілася?

– Няма. Хіба што я вельмі шчаслівы чалавек , – усміхаецца Тамара.

– Што прыносіць вам найбольшае задавальненне? 

– Камунікацыя і сяброўства са “сваімі” людзьмі, з якімі мы падзяляем хобі, планы, погляды на жыццё.

– Чым вы найбольш даражыце?

– Дзецьмі, сям’ёй і сябрамі.

У Тамары сапраўды шмат сяброў, якіх яна вельмі паважае і любіць.

Так, адной сваёй сяброўцы на дзень нараджэння Тамара падрыхтавала падарунак-сэрцайка.

Падарунак для сяброўкі, зроблены сваімі рукамі

Тамара актыўна прымае ўдзел у рознага кшталту кірмашах, як гарадскіх, так і Універсітэцкіх, праводзіць майстар-класы.

Так, у час Акадэміі Лідараў Залатога Веку ў 2019 годзе, яна праводзіла майстар-клас па разборы рэчаў па методыцы “Кан-Мары”. І ў сябе дома Тамара прытрымліваецца гэтай методыкі.

Выслоўі, якіх прытрымліваецца Тамара Герасіменка па жыцці:

  • “Старасць – гэта не ўзрост, а стан жыцця”.
  • “Стаўся да людзей так, як хочаш, каб і да цябе ставіліся”.
  • “Пачні і рабі”.
  • “Не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння”.
  • “Шлях пад назвай “потым”, прыводзіць у краіну пад назвай “ніколі”.

Я жадаю кожнаму пачаць і рабіць тое, што вам падабаецца і атрымоўваць ад гэтага задавальненне.

Ніжэй можна прагледзіць працы, зробленыя Тамарай, за 2019-2020 гады.

Чытайце таксама матэрыялы пра іншых ганаровых студэнтаў УЗВ:

“Я не выпадкова, а свядома з’явіўся ва “Універсітэце Залатога Веку”: Уладзімір Рунге пра сябе і УЗВ

Ларыса Гірас: “Універсітэт – частка майго жыцця”

Вы шукалі: Мікалай Халянкоў: у душы мне 25!

 

Яшчэ запісы