Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Творчая імпрэза, прысвечаная памяці выдатнага габрэйскага паэта Лейба Найдуса, адбылася 18 сакавіка ва “Універсітэце Залатога Веку”. Сустрэча была падрыхтаваная выкладчыцай курса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах” Алай Пятрушкевіч.

Удзел у мерапрыемстве таксама бралі вядомыя гарадзенскія літаратуразнаўцы, паэты і перакладчыкі вершаў Лейба Найдуса: барды  Таццяна і Павел Салаўёвы, Алесь Закрэўскі, Аляксей Пяткевіч, Анатоль Брусевіч і ўкладальніца кнігі пра Лейба Найдуса Марына Шэпелевіч.

На імпрэзе лекцыі прысутнічалі не толькі студэнты УЗВ, але і іншыя жыхары гораду.

Імпрэза пачалася з прыгожага выканання песні на вядомы верш Лейба Найдуса ў выкананні барда Алеся Закрэўскага.

Спявае Алесь Закрэўскі

“У 20-30-я гады ягонае імя было вядома ў Гародні. Яго шанавалі і помнік нават яго быў пастаўлены. У Варшаве было вельмі многа матэрыялаў, выходзілі яго кнігі. А пачынаючы з 40-х гадоў усё сталася інакш. Было некалькі спробаў у 50-я гады аднавіць гэтае імя з забыцця, але імя паэта ў Гародню вярнулася толькі ў 80-я” – кажа Ала Петрушкевіч.

Ала Петрушкевіч ужо не ў першы раз ладзіць ва УЗВ літаратурныя імпрэзы, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю

Вялікі ўнёсак у захаванне спадчыны Найдуса зрабіў славуты гарадзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк. Гэта ён здабыў пераклады Лейба Найдуса на польскаю мову, зробленыя пляменніцай паэта. Пасля смерці пісьменніка яго справу па захаванні гэтай спадчыны працягнула яго жонка – Іна Карпюк.

У 80-е гады першы даклад на міжнародны канферэнцыі пра гарадзенскага паэта зрабіў Аляксей Пяткевіч.

Аляксей Пяткевіч шмат зрабіў для захавання імя Лейба Найдуса

Аляксей Міхайлавіч распавёў студэнтам УЗВ і гасцям імпрэзы пра сям’ю Лейба, яго жыццё і паэтычны шлях.

“Пераклад – гэта вельмі важная рэч. Бяз перакладаў не было б тэатра, вакальнай музыкі. Каб перакладаць – трэба адчуваць дух аўтара. Але ёсць пэўныя радасці ў перакладаў. Пра гэтае добра сказаў Валерый Брусаў: “Пераклады як жанчыны: калі прыгожыя – то не верныя, калі верныя – непрыгожыя”. У гэтым ёсць ісціна.” – кажа Аляксей Пяткевіч.

Далей на імправізаваную сцену выходзяць паэт, перакладчык, музыка Павел Салаўёў і бард Таццяна Салаўёва.

Таццяна і Павел Салаўёвы не ў першы раз выступаюць перад студэнтамі УЗВ

Яны выканалі песні на вершы Лейба Найдуса ў народным стылі. Перакладчыкам гэтых вершах з’яўляецца Павел Салаўёў.

“Ці ведаеце вы дзе знаходзіцца вуліца Лейба Найдуса? Раней яна называлася “Пясчаная”. Праходзячы па той вулачцы ў мяне заўсёды такі малюнак перад вачамі: ну як зыходзіў з жыцця Лейб Найдус? Пад час вандровак Лейб падхапіў дызентэрыю. У той час лекаў не было, мы ўсе ведаем, якое было матэрыяльнае становішча паэта. Бацькі ўжо дапамагаць не маглі. Побач застаўся толькі сябар – Абрам Зак. Гэта быў снежань. Холад, страшэнны мароз, снег. Сябар разумее, што трэба ратаваць паэта – весці ў шпіталь. Гэта не сёння, што можна выкарыстаць таксоўку. Ён вёз яго на саначках.” – распавядае Ала Петрушкевіч.

Анатоль Брусевіч – першы з гарадзенскіх паэтаў, хто першы пераклаў вершы Лейба Найдуса на беларускую мову, прачытаў вершы Найдуса.

Анатоль Брусевіч чытае вершы

Я сэрцам сонца п’ю нектар.
Мой зрок у небе тоне.
Я — малады, прыгожы цар,
Хоць голаў не ў кароне.

З цудоўных мараў мой палац,
Да зораў ён сягае.
Ягоны чарадзейны бляск
Не знішчыць сіла злая.

Мне словы — слугі і сыны,
А вершы — мая світа.
Пакуль астатнім сняцца сны,
Бяссоннем я спавіты,

Бо ў сэрцы — сонечны пажар,
А дух мой — небам поўны.
Я ад калыскі самай цар,
Няхай і без кароны.
З ідыш. Пераклад Анатоля Брусевіча

Анатоль распавядаў, як пачаў перакладаць паэзію Лейба Найдуса.

“Калі перакладаеш, то павінны супасці розныя фактары і чым больш гэтых фактараў супадае, тым лепш атрымаецца пераклад. Мы перакладаем не з мовы на мову, а з адной свядомасці на другую.” – кажа паэт.

У 1923 годзе варшаўскі скульптар Абрам Астшэга зрабіў помнік Лейбу Найдусу на новых яўрэйскіх могілках. Гэта быў белы анёл з надламанымі крыламі.

Помнік Лейбу Найдусу. Зараз на гэтым месцы стадыён “Нёман”.

На жаль, помнік Лейба Найдуса не захаваўся. Зараз на месцы новых яўрэйскіх могілак пабудаваны стадыён. Андрэй Адляцінскі напісаў: “Вершы Лейба Найдуса спалілі фашысты, а магілу знішчылі камуністы”.

Няма анёла на той магіле.
Няма й магілы.
Няма анёла і над Гародняй.
Зламаны крылы былі на ўзлёцце.
Згарэў ў палёце
да сонца й зораў.

Марына Шэпелевіч – рэдактарка, укладальніца, аўтарка прадмовы, ідэі і кнігі пра Лейба Найдуса, распавядала як з’явілася ідэя пра кнігу і як над ёй працавала.

Марына Шэпелевіч

Мечыслаў Курыловіч – гарадзенскі паэт і празаік, прачытаў удзельнікам сустрэчы некалькі сваіх перакладаў на беларускую мову.

Глядзіце таксама запіс самых цікавых момантаў з сустрэчы:

Больш фота глядзіце па спасылцы.

Яшчэ запісы