Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Панядзелак пачынаецца з кавы не толькі дома, але і падчас агульных сустрэч валанцёраў УЗВ. 19 красавіка яны спаткаліся, каб абмеркаваць актуальныя навіны і паразмаўляць пра найбліжэйшыя планы.

Традыцыйна прысутныя распавялі, як справы у асоб, каторым яны дапамагаюць. Аліна Філіпчык падзялілася, што са сваёй падапечнай, свякроўю Настассяй Пятроўнай, яны чакаюць дачнага сезону. Пакуль сумесна выходзяць на шпацыры.

Таццяна Ількевіч даглядае сваю маму, Жанну Канстанцінаўну. Ёй ужо 94 гады. Яны шмат часу праводзяць разам і Таццяна ва ўсім ёй дапамагае.

Валанцёрка Ларыса Кіркевіч ў гэтым годзе страціла дзвюх сваіх падапечных. Аднак яна не разгубілася і цяпер дапамагае Людміле Баянавай, былой слухачцы Універсітэта Залатога Веку, якая з-за клопатаў са здароўем і з-за пандэміі больш не можа наведваць заняткі і цяпер ўвесь час праводзіць дома.

Акрамя гэтага Ларыса Кіркевіч падтрымлівае Тамару Уладзіміраўну, якая страціла мужа. Яны амаль кожны дзень размаўляюць па тэлефоне і часта сустракаюцца, каб спадарыня Тамара ведала, што яна не адна.

У валанцёркі Таццяны Таранка таксама дзве падапечныя – Марыя Сяргееўна і Раіса Цітаўна. Абедзве былі звязаны з УЗВ. Спадарыня Раіса з’яўляецца ганаровай студэнткай Універсітэту, але праз ковід і праблемы са здароўем цяпер не наведвае заняткі і агульныя мерапрыемствы.

Спадарыня Марыя таксама рэгулярна ўдзельнічала ва ўніверсітэцкіх сустрэчах, але цяпер вельмі рэдка выходзіць з дому. З Таццянай яны праз пандэмію сустракаюцца не часта, але рэгулярна сазвоньваюцца.

Валанцёрка і кіраўнічка праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Лана Руднік таксама распавяла пра сваю падапечную, Галіну Міхайлаўну. Ёй 73 гады і яны час ад часу бачацца і сазвоньваюцца. У панядзелак Лана адвозіла спадарыню Галіну ў Мінск.

Новая ўдзельніца групы Ларыса Сыраваткіна была на сустрэчы перша раз, аднак з’яўляецца дасведчанай валанцёркай. На працягу некалькіх гадоў Ларыса наведвае сваю знаёмую Веру Аляксееўну. Ёй 92 гады і праз праблемы са здароўем яна заўсёды знаходзіцца дома і жыве разам са сваёй дачкой.

Таксама на сустрэчы валанцёркі атрымалі сродкі індывідуальнай аховы для сябе і апекуемых асоб.

Валанцёрская група УЗВ працуе ў межах пілотнай праграмы “Нікога не пакінуць у адзіноце”, якая падтрымліваецца Праграмай падтрымкі Беларусі ўраду ФРГ.

Арганізатарамі Школы з’яўляюцца ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” і грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці Сектар”.

Яшчэ запісы