Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Серада, 28 красавіка. Палова восьмай раніцы. Паркоўка на вуліцы Будзёнага. Менавіта сюды ў такі ранні час накіроўваюцца чатыры дзясяткі сталых людзей з заплечнікамі і ў паўспартовым адзенні. Гэта студэнты “Універсітэта Залатога Веку”, якія выбіраюцца ў першую ў гэтым акадэмічным годзе краязнаўчую вандроўку.

Выязджаем на двух аўтобусах, каб людзі мелі зручныя ўмовы для падарожжа і каб забяспечыць сацыяльную дыстанцыю.

Разам з намі – адныя з лепшых гарадзенскіх экскурсаводаў – Віктар Кірэеў і Вольга Антушэвіч.

Ну што? Паехалі!

Першы прыпынак – мястэчка Воўпа, дзе знаходзіцца цікавы драўляны касцёл святога Яна Хрысціцеля (1773).

Агульнае фота ў Воўпе
Студэнты бурна абмяркоўваюць уражанні ад наведвання касцёла ў Воўпе
Рухаемся далей

У мястэчку Рось трапляем у касцёл Святой Троіцы. Яго архітэктура з’яўляецца ўнікальнай для нашых мясцін, а ў сярэдзіне святыні знаходзіцца цудоўная фігура Езуса. Штогод у Рось прыходзяць паломнікі, каб пакланіцца мясцовым цудадзейным абразам.

Касцёл Святой Троіцы
Экскурсія ў касцёле Святой Троіцы ў Росі
А ў нас добры настрой!

Таксама злева ад алтара, у бакавой наве, знаходзіцца  надмагільны помнік Соф’і з Пацаў (1849—1909). Гэты помнік быў зроблены майстрамі з Італіі.

Саркафаг графіні Соф’і з роду Пацаў

…Прыпыняемся паміж Ваўкавыскам і Зельвай на кароткі пікнік. Свежае паветра, сала з агурком, размовы ды жарты і – паехалі далей!

Як жа без агульнага фота ў час пікніка!
Ммммм, як смачна было!
Час зноў збірацца ў дарогу

Наш шлях ляжыць у Зельву. Спыняемся на могілках, дзе пахаваная беларуская пісьменніца, паэтка, грамадская дзяячка Ларыса Геніюш. Ушаноўваем яе памяць, запаліўшы лампадкі. Чытаем вершы Геніюш, узгадваем яе жыццёвы шлях.

Ставім знічкі да магілы Вялікай Паэткі

 

Ала Петрушкевіч чытае верш Ларысы Геніюш

Наступны пункт вандроўкі  – касцёл Святой Троіцы 1913 года, пабудаваны ў неараманскім стылі.

Наша экскурсавод Вольга распавядае, што гэты храм жартам называюць мясцовым Хогвартсам.

Святыня мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У савецкія часы тут месцілася збожжасховішча і толькі ў канцы 80-х храм вярнулі вернікам.

Касцёл Святой Троіцы (Хогвартс?) ў Зельве
Альбіна Штаад робіць фота з Чаславай Матусевіч
Таццяна Таранка робіць фота Наталлі Дрозд (злева) і Валянціны Каралько (справа)

Накіроўваемся ў царкву Святой Троіцы. У святыні захаваліся дзве цудатворныя іконы з XIX ст. Сам будынак быў пабудаваны ў 1815 годзе на падмурках старажытнай драўлянай царквы, датаванай XV ст.

На паддашшы, дзякуючы мясцоваму святару Георгію паўстаў музей. Сярод яго экспанатаў ёсць старадаўнія літургічныя рэчы, а частка экспазіцый прысвечана постаці Ларысы Геніюш.

Помнік Ларысе Геніюш на тэрыторыі царквы

Тут можна ўбачыць кніжкі Паэткі, яе фотаздымкі, а таксама вопратку і некалькі рэчаў паўсядзённага ўжытку. Сама Ларыса Геніюш шмат зрабіла для праваслаўнай Царквы ў Зельве. Амаль насупраць будынку святыні знаходзіцца дом, у якім яна жыла.

Святар Георгій выслухоўвае пытанні нашых студэнтаў
Ставім свечкі
Фатаграфуем дом Ларысы Геніюш

Пасля Зельвы аўтобусы накіраваліся да адной з самых старажытных праваслаўных святынь Беларусі – царквы святога Міхала Арханёла ў вёсцы Сынкавічы (XVI ст.). Будынак захаваў свой аўтэнтычны знешні выгляд.

Царква-крэпасць у Сынкавічах

Храм з’яўляецца ўнікальным прыкладам царквы-крэпасці, абарончай святыні. Больш за сорак гадоў яна выкарыстоўвалася ў якасці гаспадарчага будынку. Цяпер службы праводзяцца ў ёй у перыяд царкоўных Святаў. Знаходзіцца царква паводдаль вёскі і не раз здараліся рабаванні, таму фотаздымкі ікон рабіць тут забараняецца.

Каля царквы

Нашая перадапошняя кропка на мапе вандроўкі – Слонім, горад з прыгожымі габрэйскімі дамамі ў цэнтры і вакол яго.

Наведваем тут касцёл святога Андрэя, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. У 1945 годзе святыня была ператворана ў склад солі, якая знішчыла ўнутраны выгляд храму. У 1990 годзе пачаліся аднаўленчыя працы і цяпер касцёл з’яўляецца дзеючай святыняй.

Касцёл Святога Андрэя
Віктар Кірэеў распавядае пра іконы
Лілія Грыгарук і Уладзімір Рунге ў касцёле Святога Андрэя

… Па дарозе назад адзін з аўтобусаў з нашымі падарожнікамі адхіліўся ад узгодненага маршрута і завітаў да падножжа “Шведскай гары” у Ваўкавыску. Гэтае ўзвышша з’яўляецца часткай абарончага гарадскога комплексу, які паўстаў у X ст.

Ідзём на Шведскую гору
Агульнае фота на Шведскай гары

Сярод тых, хто падняўся на “гару” была і Ларыса Іванаўна, самая старэйшая удзельніца вандроўкі (87 гадоў!):

Я люблю сваю Беларусь, свой край, я люблю прыроду, жывёл,  я люблю харошых людзей. Мне цікава, што ў нас ёсць. Я цяпер паехаць адна не магу нікуды далёка. Сённяшняя паездка вельмі мне спадабалася – кажа Ларыса Іванаўна.

Свой водгук аб вандроўцы пакінула таксама студэнтка Лілія Грыгарук:

“Яшчэ ўчора я думала, ехаць мне ў гэтую паездку ці не ехаць. З-за пандэміі, канешне ж. Сёння, вяртаючыся, я думаю, якую б я зрабіла вялікую памылку, калі б не паехала ў гэтую вандроўку!

За адзін дзень даведалася так шмат новага, убачыла, колькі прыгажосці ёсць у нашай Беларусі, у нашай вобласці. Спрыялі нам надвор’е сёння, камфортны аўтобус і ўважлівыя кіроўцы. Экскурсаводы – няма словаў! Вольга шмат чаго нам распавяла, ненавязліва і ў той жа час усё было вельмі цікава. Дзякуй нашаму кіраўніцтву за такі шыкоўны падарунак”.

Больш фота з вандроўкі можна знайсці па спасылцы.

Вандроўка УЗВ адбылася ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам “Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”.

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары

Яшчэ запісы