Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Выпадкова ўбачыўшы тэматыку дадзенага конкурса, я задумалася: “А насамрэч цікавае пытанне. Чаму гэта я люблю Гродна, бяручы да ўвагі тое, што ў гэтым горадзе я была толькі раз?”

Такім чынам, мной было вырашана парэфлексаваць у гэтым напрамку, і, магчыма, дазнацца, чаму менавіта такія адносіны склаліся ў мяне з гэтым горадам.

Я нарадзілася ў Брэсце, і да 21 года жыла там – у спакойным, малазаселеным раёне. Каб вы зразумелі, дзе менавіта – прывяду яскравы прыклад. У нас ёсць свой лакальны жарт – калі мы збіраліся пагуляць у цэнтры, заўсёды казалі: “Паехалі сёння ў горад”. Дуброўка, мая малая Радзіма… Але ж эсэ крышачку не пра той горад. Зараз я жыву ў Пружанах, і буду вымушана заставацца тут яшчэ чатыры з паловай гады. Размеркаванне пасля ўніверсітэту – страшэнная рэч. Але я думаю, што цікавыя завароты на  жыццёвых шляхах не проста так нам дадзены. Усё калі-небудзь скончыцца: і кепскае, і добрае – у гэтым сваеасаблівая свяшчэннасць быцця, абы толькі родныя людзі былі побач як мага надоўж.

Прабачце, зноў крыху адхілілася.

Гродна мне заўсёды падабаўся. Нават не ведаю, чаму так. Мусіць мяне на нейкім сакральным, ня бачным воку ўзроўні, вабіць гісторыя, якой тут усё пранізана. Я атрымала вельмі моцныя ўражанні пасля наведвання Каложскай царквы і Фарнага касцёла. Стаючы ў месцах такога значэння, ты мімаволі адчуваеш трапятанне перад майстэрствам тваіх продкаў, здіўляешся ўзроўнем іх культуры, і нутром чуеш усе малітвы і просьбы, якія даляталі з гэтых месцаў да Бога. Такія старажытныя пабудовы рэлігійнага характара я лічу амаль святымі. Калі на хвіліну задумацца сколькі бачылі гэтыя сцены: і добрых помыслаў, і скрухі, і надзей, і адчаю – дух захапляе. 

Таксама захапляе дух лютэранская царква Святога Іаана, касцёл бернардынцаў, Свята-Пакроўскі кафедральны сабор, Вялікая Харальная сінагога, дзе зараз знаходзіцца цікавы яўрэйскі музей. Нажаль, мне не ўсюды давялося пабываць, але я гэта абавязкова выпраўлю.

Вельмі цёплы ўспамін цешыць маё сэрца. Трэці курс навучання на самым цікавым і дзіўным факультэце – гістфаке. Нам прапанавалі паехаць на экскурсію ў Гродна. О, кампанія сабралася што трэба! Па дарозе ў горад, мы рабілі прыпынкі ў розных вёсачках (назвы якіх, да свайго сораму, я ўжо і не памятаю), увечары засяліліся ў нейкі інтэрнат і адразу пабеглі на шпацыр. Было цудоўна вось проста так, не ведая, куды далей павернем, бадзяцца па прыгожым вулачкам вечаровага Гродна. Было весела. Цёплае надвор’е, пах набіраючай моц вясны. Тады ўсе зоркі склаліся менавіта так як трэба.

Нарэшце мы трапілі на галоўную пешаходную вуліцу горада (дарэчы, як і ў Брэсце – Савецкую) і шмат часу правялі разглядаючы брук, якім яна была застлана. Такім чынам наша мафія дабралася да галоўнай плошчы горада. Там, негледзячы на поздні час, было шмат людзей. І таксама нейкіх дзіўных. Моладзь грала на гітары, усе спявалі песні Ляпіса Трубяцкога. Само сабою сфармавался кола, шмат пар стаялі ўабдымку, і ўсе твары ўпрыгожвалі шчырыя, дзіцячыя ўсмешкі. Здавалася, у паветры іскрылася нешта невыразна добрае, і ўсе мы малі дачыненне да нечага вельмі важнага, былі адным цэлым. Невыпадкова ж мы ўсе сустрэліся менавіта ў гэтым месцы, у гэты час.

Вось такая чароўная гісторыя звязвае мяне з Гродна. Нажаль, пакуль што толькі адна, але, мне здаецца, усё наперадзе.

Горад Гродна. Такі сталы, упэўнены ў сабе, мудры і спакойны. Нават зараз успамінаю і дух захапляе. А закрануў ён мяне менавіта сваёй упэўненасцю – тым, чым сама не ў поўнай ступені валодаю. І недзе ў глыбіні свайго сэрца, у патаемных куточках сваёй душы, думаю, што прыйдзе час, і Гродна прыме мяне такой, якая я ёсць. Магчыма, як заплуталага, адчайнага падарожніка, дасць прытулак, і мы з ім ужо больш ніколі не растанемся.

Аўтар Юлія Янушка 

Чытайце таксама эсэ іншых удзельнікаў конкурсу:

Эсэ “За што я люблю Гродна” студэнткі УЗВ Марыны Загідулінай

“Я люблю мой горад. І не пытайцеся нават, за што!” – другое месца ў конкурсе эсэ “За што я люблю Гродна” атрымаў Віктар Варанец

По-прежнему горжусь и любуюсь тобой! – Галина Касперович про город Гродно   

“Город, где живет моя душа” – эссе про город Гродно

За што я люблю Гродна, хоць ні разу ў ім не была

Татьяна Шапель: “Мой любимый город – это Гродно”

Почему Ольга Шарафутдинова любит Гродно?

Ілона Анкуда: “Гродна – месца, дзе хочацца жыць”

Яшчэ запісы