Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Гаўдэамус, падзякі і пасведчанні выпускнікам, спевы, танцы, падарункі, прывітальныя прамовы і святочны торт у “Бярозавым раі”: студэнты, выкладчыкі і арганізатары “Універсітэту Залатога Веку” развіталіся з юбілейным навучальным годам і пайшлі на летнія канікулы.

Юбілейная выпускная вечарына УЗВ

…Каля ста ўдзельнікаў святочнага балю, які праходзіў у аграсядзібе “Бярозавы рай” непадалёк ад Гродна, устаюць пад гукі студэнцкага гімна “Гаўдэамус”, з якога традыцыйна распачынаецца і сканчаецца кожны акадэмічны год УЗВ.

 

Нязменная вядучая свята Вера Кунцэвіч распачынае вечарыну і перадае рэй у рукі дзяўчат з капэлы “Zhydovachka” (Барысаў).

Нязменная вядучая Вера Кунцэвіч

Пад іх кіраўніцтвам ўдзельнікі свята праходзяць святочным маршам, які задае ўрачысты настрой усёй імпрэзе.

Святочны марш

На сцэну ўздымаюцца кіраўнікі праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Лана і Вітаўт Руднікі.

Заснавальнікі УЗВ

– “Кожны з нас, калі пачынае нейкую новую справу, трошачку баіцца. У 2010 мы не пабаяліся і зрабілі ўнікальны для Беларусі Універсітэт – універсітэт, дзе людзі ад 55 могуць атрымліваць патрэбныя веды і кампетэнцыі, універсітэт, дзе паляпшаецца іх здароўе, універсітэт, дзе ёсць магчымасць праявіць сябе не толькі ў ролі студэнта, але і выкладчыка і арганізатара цікавых справаў, вандровак, універсітэт, дзе сустракаюцца розныя пакаленні і вучацца адзін у аднаго, універсітэт, дзе жывуць напоўніцу – кажа дырэктарка праграмы Лана Руднік і дадае:

– Для мяне кіраванне ўніверсітэтам – гэта сапраўдны выклік, дзе трэба быць максімальна сканцэнтраванай на тых задачах, якія прыходзіцца штодзённа вырашаць.

Гэта трэцяя частка майго свядомага жыцця і праграма, якой мы аддалі і аддаём шмат сілаў і энергіі. Гэта – месца, дзе віруе жыццё, гэта прадмет майго гонару, гонару за сваю каманду, за студэнтаў, якія прыносяць цікавыя ідэі і напаўняюць жыццём нашу праграму.

Я дзякую вам усім за тое, што мы ёсць, за тое, што мы робім выдатную справу, за тое, што робім гэтую справу з душой!”

На сцэну запрашаецца каманда УЗВ: намесніца дырэктаркі праграмы Дар’я Радзевіч, асістэнткі дырэктаркі Надзея Шафрановіч, Алена Якута, Віялета Лось, Вольга Ганчарук. Менавіта на плечы гэтых дзяўчат лягла большая частка арганізацыйнай працы ў гэтым навучальным годзе.

Далей надыходзіць чарга атрымліваць сваю порцыю падзякаў і цёплых словаў сябрам Рады “Універсітэту Залатога Веку”.

Іх намаганнямі сёлета арганізавана звыш 20 дабрачынных акцый, інтэграцыйных і культурніцкіх мерапрыемстваў.

Менавіта сябры Рады заўсёды першымі падстаўляюць сваё плячо, калі патрэбная нейкая дапамога.

Апроч добрых словаў у адказ, сябры Рады зрабілі для ўсіх прыемны сюрпрыз,  падрыхтаваўшы памятныя падарункі для кіраўніцтва і каманды УЗВ.

Каманда УЗВ-10

Пасля энэргічнага танца ў выкананні студэнтак курса DivaLatina (кіраўніца – Людміла Тасасенка) надыходзіць чарга сказаць добрыя словы ў бок выкладчыкаў праграмы.

Віртуозныя танцоры УЗВ

Сёлета імі была праведзеная рэкордная колькасць заняткаў курсаў і клубаў – 1307!

Выкладчыкі УЗВ-10

Святочная працягваецца вершам у выканні Святланы Ялісеявай, чарговым танцам ад DivaLatina, а таксама дэфіле “У чырвоным”, падрыхтаванымі студэнтамі УЗВ.

Традыцыйна ўдзел у выпускных сустрэчах УЗВ бяруць нашыя госці і партнёры.

Гэтым разам прывітаць сваіх калег-гарадзенцаў завіталі дэлегацыі з літоўскага Мар’ямпале і з Кобрына.

Абмен падарункамі з літоўскімі гасцямі

Госці з мар’ямпальскага ўніверсітэту трэцяга веку, які ў наступным годзе адзначыць сваё 15-годдзе, выходзяць на сцэну ў нацыянальных строях і вітаюць удзельнікаў свята па-літоўску і па-беларуску.

Шмат цёплых словаў і віншаванняў гучыць таксама з боку прадстаўнікоў дэлегацыі Кобрынскага “Універсітэту Залатога Веку”, якія прыехалі на баль і засталіся яшчэ на адзін дзень, каб бліжэй пазнаёміцца з працай гарадзенскага УЗВ.

Госці з Кобрына віншуюць УЗВ

Пасля афіцыйнай часткі праграмы выпускнога балю распачынаецца частка нефармальная.

Спачатку гасцей чакае святочны торт і невялікі пачастунак.

Юбілейны торт

Затым ініцыятыву на сябе зноў бярэ “Zhydovachka”. Амаль усе прысутныя тут жа апытаюцца ў віхуры музыкі і танца: полька, кракавяк, вальс, габрэйскія і беларускія матывы змяняюць адзін аднаго і не пакідаюць анікога абыякавымі.

Каларытная “Zhydovachka”

Музыкі адыгралі сваю праграму, а ў студэнтаў пачалася дыскатэка, якая доўжылася амаль да цямна.

Вясёлыя танцы

… У некалькіх кіламетрах ад “Бярозавага раю” дождж заліваў гарадзенскія Альшанку і Вішнявец, а на галовы ўдзельнікаў свята не ўпала аніводнай кроплі вады. Сама прырода нібы давала такім чынам знак, што гэтыя людзі заслужылі свята, і нішто не павінна яго сапсаваць!

 

Праца “Універсітэту Залатога Веку” адбываецца ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.

Выказваем шчырую падзяку грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма Беларусамі” і асабіста Ніне Шыдлоўскай за дапамогу ў арганізацыі свята!

Фота Алены Майсюк (дзякуй вялікі за валанцёрскую працу!)

Больш фота глядзіце па спасылцы

Яшчэ запісы