Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Гродна – любы майму сэрцу горад. З ім лёс мяне звязаў тры гады назад, калі я паступіла ва ўніверсітэт. Горад мне спадабаўся з першых хвілін.

За што я люблю Гродна? За тую атмасферу, што пануе ў горадзе – па-сапраўднаму, душэўная і такая непаўторная! Так прыемна ў цёплыя сонечныя дзянькі прайсціся па вуліцы Савецкай, заглядаючы ў крамы і выбіраючы тыя рэчы, што можна купіць з наступнай стыпендыі ў падарунак сабе і сваім блізкім. 

Нельга не спыніць свой позірк на знакамітым кожнаму гарадзенцу Фарным касцёле. Трапляючы ўнутр касцёла, адразу ж акунаешся ў асаблівую атмасферу – адчуваеш душэўны спакой, і ўсе твае думкі, праблемы і турботы адыходзяць на задні план, ты знаходзіш адказ на ўсе пытанні, сэрца напаўняецца дабрынёй, любоўю і дараваннем да бліжняга.  

А як жа добра пасядзець дзе-небудзь на Набярэжнай у абдымку з каханым ці прайсціся па Набярэжнай з сяброўкай, абмяркоўваючы падзеі, якія адбыліся за дзень. 

За прыемнай размовай не заўважаеш, як ужо падымаешся па прыступках да Барысаглебскай царквы. Уваходзіш у царкву ціхенька, каб не парушыць асаблівую атмасферу, якая пануе ў ёй. Затрымліваешся на некалькі гадзін, каб памаліцца за самых родных і блізкіх людзей… Выходзячы з царквы, як кажа легенда, не забываеш дакрануцца да каменнай сцяны – загадаць жаданне (і, дай Бог, яно збудзецца).

Недалёка адсюль знаходзіцца яшчэ адно з маіх любімых месцаў у горадзе Гродна – Пышкі. Люблю пах хваёвага лесу, птушыны гаманлівы спеў і спакойны Нёман. Тут жа можна ўзяць ровар на пракат, каб на пару гадзін пагрузіцца ў займальнае падарожжа.

Калі не маеш часу, каб наведацца ў Пышкі, можна прайсціся па парку Жылібера. Менавіта тут у першы дзень нашага спаткання мы з сяброўкамі правялі незабыўны дзень на атракцыёнах, аб’еўшыся салодкай ватай і марожаным.

Гродна, я люблю цябе і за тое, што ты мне падарыў магчымасць пазнаёміцца з дзяўчынкамі і хлопцамі з розных куточкаў света: з Туркменістана, Узбекістана, Азербайджана і нават Кітая.

За што я яшчэ люблю Гродна? За тое, што я заўсёды атрымліваю неабходную падтрымку ад лагодных і чулых людзей, якія жывуць у ім.

Гродна – месца, дзе хочацца жыць. Ён стаў для мяне другім “бацькоўскім” домам. Менавіта ў гэтым горадзе я хачу застацца назаўжды.

Гродна, я люблю цябе!

Аўтарка: Ілона Анкуда

Чытайце таксама эсэ іншых удзельнікаў конкурсу:

Эсэ “За што я люблю Гродна” студэнткі УЗВ Марыны Загідулінай

“Я люблю мой горад. І не пытайцеся нават, за што!” – другое месца ў конкурсе эсэ “За што я люблю Гродна” атрымаў Віктар Варанец

По-прежнему горжусь и любуюсь тобой! – Галина Касперович про город Гродно   

“Город, где живет моя душа” – эссе про город Гродно

За што я люблю Гродна, хоць ні разу ў ім не была

Татьяна Шапель: “Мой любимый город – это Гродно”

Почему Ольга Шарафутдинова любит Гродно?

Яшчэ запісы