Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Ларыса Ганчар з’яўляецца студэнткай УЗВ “са стажам”, уваходзіць у Раду ўніверсітэта, а некалькі апошніх год яшчэ і вядзе заняткі кулінарнага клуба “Разынкі”. Чым не нагода завітаць да яе ў госці і пагутарыць на самыя розныя тэмы?

– “Аднойчы мая дачка мне сказала, што ў горадзе ёсць цікавы Універсітэт для сталых людзей, і запытала, ці не хачу я туды пахадзіць?

– Чаму і не? – падумала я – кажа Ларыса, распачынаючы аповед пра свае “прыгоды” з УЗВ.

– Канешне, я не ведала, што чакаць ад Універсітэту, але заўсёды была актыўнай, любіла нешта рабіць, асабліва рукамі, і хацела даведацца шмат чаго новага і паглядзець, чым займаюцца іншыя людзі. Так у 2012 годзе я патрапіла ў вір сапраўднага студэнцкага жыцця, – узгадвае Ларыса.

– Спачатку я была не вельмі актыўнай студэнткай, але з цягам часу усё больш дзе ўдзельнічала, наведвала розныя клубы і курсы і, неўзабаве, мяне абралі сябрам Рады. Пазіцыя вельмі адказная, але я згадзілася.

У дзяцінстве я не любіла гатаваць ежу, дакладней, спакойна да гэтай справы ставілася. Гэта пазней прыйшла любоў і цікавасць да кулінарыі. Магчыма, штуршок дало жыццё ў інтэрнаце: агульная кухня, заходзіш туды і адразу хочацца нешта прыгатаваць, у некага пакаштаваць.

Але стаць вядучай кулінарнага клуба дакладна дапамог выпадак.

Першыя заняткі клуба “Разынкі”

На першыя заняткі я прыйшла заранём, падрыхтаваўшыся і з “візітнай картачкай” – пірагом, – смяецца Ларыса.

– Як вядома, за кубкам гарбаты людзі сябе вядуць больш свабодна і хутчэй ідуць на кантакт, таму я таксама вырашыла гэтым скарыстацца.

Пірог – візітная картачка

На занятку было прыкладна 10 чалавек. Мы разбіралі тэму карвінг – прыгожую нарэзку на стол. Рабілі вожыкаў, ружачкі.

Інструманты для прыгожай нарэзкі

На першых занятках я сябе, як выкладчыца, не адчувала, толькі з цягам часу гэта прыйшло, – дзеліцца Ларыса. – І дарэчы, калі бярэш журнал, то разумееш, што на час занятку ты адказваеш за кожнага са студэнтаў і адказнасць  з’яўляецца аўтаматычна.

Чаму клуб мае менавіта такую назву?

Хацелі назваць незвычайна і каб назва адлюстроўвала сэнс клуба – я лічу, што так і атрымалася.

Што змянілася ў клубе за тры гады яго працы? 

Каардынальна нічога не змянілася. Нам зручна працаваць па той схеме, якая ёсць: фіксуем рэцэпты, абмяркоўваем, пасля гатуем дома і прыносім на дэгустацыю на наступны занятак.

Ці наведваюць мужчыны клуб?

Няшмат мужчын навучалася, але некаторыя цяпер перыядычна наведваюць заняткі. Напрыклад, Міраслаў Паўловіч, таксама навучаліся Віктар Бурдукоў і Уладзімір Паляшчук. Казалі, што карысныя веды атрымалі і нават нешта самі пачалі рыхтаваць.

Адкуль бяруцца рэцэпты блюд?

Па-рознаму, але ў большасці выпадкаў я “манітору” інтэрнэт, асабліва люблю польскія сайты з апісаннем розных страў, – кажа Ларыса. – Таксама родныя, знаёмыя дзеліцца рэцэптамі. Мой крытэрый выбару блюд: чым менш інгрыдыентаў – тым смачней будзе страва.

Інтэрнэт – невычарпальная крыніца ідэй для новых рэцэптаў

Самае-самае блюда

Ёсць у мяне адзін сямейны рэцэпт торта “Напалеон”, які мне перадаўся ад маёй бабулі  і я яго нікому не расказваю, нават сваім студэнтам. Ведае яго толькі мая дачка Марта.

Самае незвычайная страва, якую гатавалі студэнты падчас навучання ў клубе?

На мой погляд – салат з макаронаў з вэнджанымі памідорамі. Прадуктаў для яго патрэбна мала, а страва вельмі смачная!

Колькасць інгрыдыентаў невялікая, а страва вельмі смачная!

Апішыце вашых студэнтаў 

Групы ў мяне заўсёды былі згуртаваныя, заняткі заўсёды праходзілі на адным дыханні. Дарэчы, падчас навучання на трэцім годзе, адчулі разам са студэнтамі, што мы сапраўды адзін калектыў.

Мы сапраўды адзін калектыў!

Прыгатаванне ежы дома і на занятках – адно і тое ж?

Калі я што раблю, то ад душы, і калі я гатую ці для сябе ці для студэнтаў – розніцы не адчуваю. Я таксама люблю частаваць сваіх родных, суседзяў, сяброў.

Калі я гатую ці для сябе ці для студэнтаў розніцы не адчуваю

“Рэцэпты” – падарунак у тэму

Аднойчы кіраўніца УЗВ Лана Руднік прапанавала мне выпусціць імянныя рэцэпты. Спачатку да яе прапановы я паставілася насцярожана, але пасля ўсё атрымалася! Таму дзякуй Лане за магчымасць атрымаць новы вопыт. Калі даводзілася дарыць рэцэпты, то рэакцыя людзей заўсёды была файная і я лічу, што “Рэцэпты” – вельмі добры падарунак у тэму кожнаму чалавеку.

“Рэцэпты” – падарунак, які падыйдзе многім

Па якому прынцыпу выбіралі стравы ў рэцэпты?

У набор увайшлі рэцэпты страваў, якія былі прадэгуставаныя падчас навучання ў клубе, якія мы рыхтавалі неаднаразова.

Самы ўнікальны рэцэпт з новага выпуску “Рэцэптаў”

На мой погляд, пірог “Падушачкі”, бо ён вельмі прыгожа выглядае і вельмі смачны.

Пірог “Падушачкі”

Рэцэпт яго чакайце ў другім выпуску “Рэцэптаў”.

Правільныя, смачныя і карысныя стравы – такія бываюць?

Так. Напрыклад, суп-пюрэ, салаты.

Што самае галоўнае ў прыгатаванні страваў?

Добры настрой, жаданне гатаваць і не баяцца, што нешта не атрымаецца.

Што для вас самае галоўнае ў жыцці?

Мая сям’я: блізкія, родныя, унукі, сябры. Напрыклад, мая ўнучка часта кажа: “Бабуля, ты у мяне такая таленавітая!”. Чуць такое – вельмі дарагога каштуе.

“Бабуля, ты у мяне такая таленавітая!”

Я не умею жыць па дакладным раскладзе, я – чалавек настрою, не люблю сядзець на месцы, люблю вандраваць і усім цікавіцца. Я – пазітыўны чалавек, які любіць жыццё!

Яшчэ запісы