Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Мікалая і Таццяну Халянковых добра ведаюць усе студэнты “Універсітэту Залатога Веку”. Абодва вельмі пазітыўныя, актыўныя, ініцыятыўныя. Абодва спрычыніліся да вялікай колькасці добрых справаў, рэалізаваных ва УЗВ. У жніўні Мікалаю, які сёлета атрымаў званне пачэснага студэнта УЗВ, споўнілася 80 год. Скарыстаўшыся гэтай нагодай, мы сустрэліся з Мікалаем і Таццянай ды паразмаўлялі пра тое, якое месца УЗВ займае ў жыцці юбіляра.

“Сам бы я ніколі не прыйшоў ва УЗВ”

– Пасля вельмі насычанага працоўнага жыцця і выхаду на пенсію я прыйшоў ва УЗВ … па наказу жонкі – узгадвае Мікалай.

А Таццяна дадае:

– Я даведалася пра “Універсітэт Залатога Веку” першай  і пайшла “на разведку”.

– У гэты дзень, калі Таццяна пайшла ва ўніверсітэт, я рыхтаваўся да палявання: расклаў усе паляўнічыя рэчы і з асалодай думаў пра заўтрашні дзень.  І тут вяртаецца Таццяна! Мне дастаткова было ўбачыць яе вочы, каб зразумець, што з гэтага дня пра паляванне можна забыць, – усміхаецца Мікалай.  Вось так вочы маёй жонкі пераманілі мяне з любімага занятку ва УЗВ!

Першы дзень ва УЗВ: 

– Калі я першы раз прыйшоў на заняткі і адчыніў дзверы ў аўдыторыю, там было шмат людзей, якія весела нешта абмяркоўвалі. Убачыўшы мяне, навічка, яны на момант замерлі, а затым, на маё здзіўленне, усё гэтак жа працягвалі ўсміхацца, радавацца і нават абдымацца.

Уразіла дабрыня ў вачах і атмасфера ў аўдыторыі – там не было аніякай насцярожнасці, усе радаваліся прыходу кожнага чалавека. У гэты момант здавалася, што я зноў перанёсся ў часы свайго студэнцтва.

Першыя заняткі

– Як паказвае практыка, – кажа Таццяна. – Усе навічкі (першагодкі) ходзяць на ўсе курсы, пакуль не ўпадуць, але Коля так не бегаў, а абраў для сябе спачатку цыгун, польскую мову і хор.

З-за таго, што я вельмі люблю не толькі паляванне, але і рыбалку, – кажа Мікалай, –  з’явілася жаданне падзяліцца са студэнтамі УЗВ гэтымі ведамі. Так з цягам часу я стаў весці клуб “Рыбалоўства”.

– У яго не толькі шмат ведаў, але і навыкаў у гэтай сферы –  дадае жонка.

– Самая лепшая лоўля рыбы  – лоўля рукамі пад вадой, – смяецца Мікалай.

 “Любімец усіх жанчын ва УЗВ”

УЗВ даўно стала для нас сям’ёй, а ў сям’і, як вядома, ёсць як дзяўчаты, так і хлопцы. Я вельмі рады, што ў нас такія добрыя, спагадныя жанчыны – з імі лёгка і проста – кажа Мікалай, а Таццяна дадае, што імяніннік з’яўляецца любімцам усіх жанчын ва ўніверсітэце.

Выкладчыкі УЗВ вачыма ганаровага студэнта

-Тактоўныя, высокакваліфікаваныя, добрыя. Асабліва хочацца вылучыць Веру Кунцэвіч, Ірыну Чарняк, Анатоля Новіка, з дапамогай якіх я атрымаў тыя веды і ўменні, якіх мне хе хапала – кажа Мікалай.

4 гады ў Радзе УЗВ

– На другім годзе вучобы мяне абралі ў склад Рады УЗВ і я гэтым вельмі ганаруся і адчуваю вялікую адказнасць.

Калі ўручалі грамату пачэснага студэнта УЗВ, то адчуваў падзяку, гонар і высокае пачуццё адказнасці.

Дапамагае многім людзям у вырашэнні цяжкіх сітуацый

Пра станоўчыя якасці мужа Таццяна кажа наступнае: “Добры, з выдатным пачуццём гумару, ніколі не маркотны і на ўсе вострыя сітуацыі рэагуе так: “Нічога страшнага – гэта “мелачоўка”! Дапамагае многім людзям у вырашэнні цяжкіх сітуацый карыснай і правільнай парадай”.

– Я не выношу, калі чалавеку балюча і ён плача – я гатоў не толькі нешта зрабіць дзеля яго, але і сапраўды аддаць апошнюю кашулю – кажа Мікалай.

– У далёкім дзяцінстве, калі я быў сямігадовым дзіцём, падчас вяселля ў вёсцы, мы з сябрамі бавіліся і знайшоў нечый кашалёк з грашыма. Як стала вядома пазней, ён належыў адной з жанчын, якая была на вяселлі. Я адразу ёй аддаў гэты кашалёк і з таго моманту не магу пераносіць чалавечыя слёзы.

А яшчэ я вельмі люблю паспаць і адкладваць справы на апошні момант, – прызнаецца Мікалай, ды дадае, што яго галоўнай рысай з’яўляецца пастаянства.

Самы любімы занятак – мастацкая разьба па дрэве

– Люблю чытаць, маляваць маслам, плаваць у лодцы, хадзіць у паходы з жонкай, але самы любімы занятак – мастацкая разьба па дрэве.

Працы Мікалая Халянкова

У душы 25, знешне  60

– Ні ў душы, не знешне я не адчуваю сябе на мае 80 гадоў – кажа Мікалай.

– Гэтая іскрынка ў вачах і мэта заўсёды рухацца наперад дае яму такую магчымасць – быць у душы заўсёды 25-гадовым, – дадае  Таццяна.

Каманда УЗВ шчыра віншуе Мікалая з Днём народзінаў, зычыць моцнага здароўя, творчага натхнення і выказвае падзяку за вялізны ўнёсак у развіццё “Універсітэту Залатога Веку”!

Віялета Лось

Фота і відэа аўтаркі

Яшчэ запісы