Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Тры прадстаўнікі кааліцыі “За годнае даўгалецце” дэлегаваныя ў працоўную групу па стварэнні Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця. У склад гэтай кааліцыі ўваходзяць і сябры Рады гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”.

Рашэнне пра гэта было прынята ў час чарговай сустрэчы сябраў кааліцыі, якая адбылася 25 красавіка ў Мінску.

Удзел у сустрэчы бралі прадстаўнікі Навукова-даследчага інстытута пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, які каардынуе распрацоўку стратэгіі.

Як паведаміў супрацоўнік гэтага інстытута Сяргей Капусцін, праца над стратэгіяй складаецца з чатырох этапаў.

Першы з іх – аналітычны – ужо завершаны. Ён складаўся з вывучэння замежнага досведу, тэарэтычнай базы, збору інфармацыі пра вынікі розных даследаванняў, якія тычацца старэння насельніцтва.

На другім этапе, які распачынаецца з траўня, будзе створана экспертная працоўная група, якая будзе аналізаваць і дапаўняць парцу, зробленую на папярэднім этапе.

Вынікам працы групы мае стаць працоўны варыянт стратэгіі, якія мае з’явіцца да канца чэрвеня.

У склад гэтай групы ад імя кааліцыі дэлегаваныя Вітаўт Руднік (старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар”), Анжаліка Аношка (старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”) і Раіса Сінельнікава (незалежная экспертка).

На трэцім этапе чарнавы варыянт стратэгіі будзе дасланы на экспертызу зацікаўленым арганізацыям. Сябры кааліцыі адзначылі важнасць забеспячэння магчымасці каментавання гэтага дакуманта ўсімі ахвотнымі, у тым ліку – сталымі людзьмі.

На чацьвёртым этапе (кастрычнік-снежань) будзе распрацоўвацца план мерапрыемстваў па рэалізацыі Стратэгіі.

Чакаецца, што Стратэгія будзе зацверджана парламентам увосень і ўвойдзе ў дзеянне ў 2020 г.

Сумеснае прасоўванне ідэі распрацоўкі Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця, мясцовых планаў дзеянняў у інтарэсах людзей усіх пакаленняў, збор прапановаў па зместу гэтых дакументаў, а таксама маніторынг эфектыўнасці выканання гэтах планаў з’яўляецца прыярытэтам дзейнасці сябраў кааліцыі “За годнае даўгалецце”.

Узгодненыя сябрамі кааліцыі прапановы былі дасланыя ў Міністэрства працы ў канцы 2018 г. Пазнаёміцца з іх зместам можна тут.

У падпісаным удзельнікамі кааліцыі Мемарандуме гаворыцца, што галоўнай мэтай Стратэгіі павінна стаць стварэнне ўмоў для годнага старэння і максімальнай рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця, паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей у прыязным для іх асяроддзі.

На гэты момант Мемарандум кааліцыі падпісалі гарадзенскія ГА “Цэнтр “Трэці сектар” і ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” (Мінск), ГА “Залаты ўзрост” (Віцебск), ГА “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” (Мінск), “Кобрынскі Клуб дзелавых жанчын “Бона”, “Хэсэд-Рахамім” (Мінск), старшыні Радаў гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” і мінскага “Універсітэту трэцяга ўзросту“, а таксама некалькі экспертаў.

 

 

Яшчэ запісы