Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Абноўленая версія праграмы Форума стала вынікам чарговага паседжання аргкамітэту, якое адбылося 9 верасня. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі таксама канцэпцыю сумеснага праекта, які плануецца рэалізаваць на працягу 2020-2021 года разам з партнёрамі з Германіі.

Форум абяцае быць вельмі прадстаўнічым. Чакаецца, што ўдзел у ім возьмуць міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Ёана Казана-Вішнявецкі, Краінавы дырэктар Фонда ААН па народанасельніцтва Хайме Надаль, кіраўніца адзелу праграм Германскага Федэральнага Фонда “Памяць, адказнасць і будучыня” Эльке Браўн, а таксама цэлы шэраг экспертаў з Беларусі, Аўстрыі, Германі, Расіі, Украіны ды шэрагу іншых краін.

З-за вялікай колькасці цікавых выступаў сябры аргкамітэту Форума вырашылі пашырыць яго праграму за кошт трох секцый.

Асноўнымі спікерамі ў першай будуць украінскія эксперты: дырэктарка дэпартамента прадстаўлення адміністратыўных паслуг Яўгенія Абрамава (Адзеса) і мэр горада Першамайска Мікалай Бакшэяў.

Яны распавядуць пра тое, як у суседняй краіне арганізаваны комплексны інтэграваны дагляд за сталымі людзьмі, а таксама адбываецца сацыяльная актывізацыя сталых людзей.

Сафі Федц-Ханэ, арт-педагог, культура-герагог, лектар Універсітэта прыкладных навук Мюнстэра  (Германія), распавядзе ў другой сесіі пра тое, як спалучаць арт-тэхнікі і культуру ў адукацыі сталых людзей.

Яшчэ адной эксперткай у гэтай сесіі стане Лідзія Кузняцова, арганізатарка фестываляў «Стартап 50+», аўтарка праграмы “Превращаем идею в доходное дело” для людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту (Екацерынбург, Расія)

Галоўнымі спікерамі ў трэцяй сесіі стануць госці з Ізраіля: Алена Яшчанка (клінічны псіхолаг, псіхатэрапеўтка арганізацыі “Эла” і Марына Славінская (псіхатэрапеўтка, сэксолаг, дактарантка і даследчыца сэксуальнасці ў сталым узросце).

Поўная версія праграмы будзе апублікаваная на нашым сайце пасля 15 верасня. У хуткім часе з’явіцца таксама форма рэгістрацыі на мерапрыемства.


Яшчэ запісы