Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Сёлета спаўняецца 55 гадоў з моманту выдання адной з самых драматычных кніг пра вайну – “Альпійскай балады” Васіля Быкава.

Мала хто ведае, што ўпершыню аповесць друкавалася на старонках “Гродзенскай праўды”, а адной з тых, хто рыхтаваў выданне да друку была пачэсная студэнтка “Універсітэту Залатога Веку” Людміла Быльская.

Людміла Быльская ў маладосці

У друкарню яна прыйшла працаваць адразу пасля сканчэння школы ў 1956 г.

На пачатку дарослага жыцця

Пачынала як вучаніца. Пазней скончыла Маскоўскі паліграфічны інстытут імя Івана Фёдарава, атрымала званне работніка друку саюзнага значэння.

З 1963 г. займалася наборам рускамоўных і беларускамоўных тэкстаў для “Гродзенскай праўды”.

Людміла Быльская (зправа) на працоўным месцы

Людміла Быльская расказвае, як раней друкавалася газета.

Мы набіралі тэксты, якія прыносілі аўтары, рыхтавалі іх да друку. Калі пасля набору знаходзіліся памылкі – выпраўлялі іх, – успамінае Людміла.

Аднойчы па прыходзе на працу сярод стосу матэрыялаў, аддадзеных у набор, заўважыла на стале “Альпійскую баладу”.

Я не надавала тады асаблівага значэння гэтай аповесці, як і самой асобе Быкава. Для мяне ён тады быў не нейкай знакамітасцю, а звычайным добрым чалавекам, які жыў на вуліцы Алега Кашавога (цяпер Вялікая Траецкая). Худы, цёмна-русы, няўсмешлівы літаратурны работнік Гродзенскай праўды” – такім ён мне запомніўся. У адзін з вечароў ён пры мне дзяжурыў у рэдакцыі, але каб размаўляць – не было такога.

Па словам Людмілы Быльскай, Васіль Быкаў быў вельмі простым чалавекам.

“Гаварылі, што ён доўгі час хадзіў у старым шынялі і ільнянай гімнасцёрцы, але я яго ўжо бачыла ў цывільным адзенні” – гавораць Людміла і дадае, што Быкаў часта проста прыходзіў і глядзеў, колькі я набрала, распытваў, калі планую скончыць над творам.

Васіль Быкаў працаваў у “Гродзенскай праўдзе” з 1956 да 1972 года.

Па матывах напісанай ім “Альпійскай балады” былі знятыя мастацкі фільм і пастаўлены балет.

Віялета Лось

Фота аўтаркі

Яшчэ запісы