Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Ці зразумела, як налічваецца пенсія? Што зрабілі да пенсіі, каб атрымаць фінансавую падушку бяспекі? Ці чулі пра пенсійнае страхаванне? Якія адносіны да павышэння ўзросту да выхаду на пенсію існуюць? Ці заўважна, што пенсія павялічваецца? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі разгледжанны на фокус-групе з удзелам студэнтаў УЗВ, якая адбылася 19 чэрвеня.

Даследаванне праводзіла Наталля Шчарбіна, пазаштатная навуковая супрацоўніца ўстановы “Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджменту”.

Большасць удзельнікаў дыскусіі паведамілі, што “пенсія падкралася непрыкметна” і што яны з задавальненнем працягнулі б працаваць, але пайшла тэндэнцыя саступаць дарогу маладым.

Таксама студэнты УЗВ адзначылі, што раней на месцах працы не было канкурэнцыі і ўсе ахвотна дзяліліся вопытам. “Чалавек павінен працаваць да таго часу, пакуль можа. Гэта павінна быць не абмежаванне, а права”, – адзначылі ўдзельнікі фокус-групы.

Большасць удзельнікаў сустрэчы распавялі аб тым, што  спрабавалі адкласці грошы, каб пры выхадзе на пенсію была “падушка бяспекі”, але з заробкаў бюджэтнікаў не было асабліва чаго адкладваць.

“Зараз існуюць сістэмы пенсійнага страхавання, але людзі, якія памятаюць вопыт СССР, адчуваюць недавер да гэтых сістэмаў”, – кажуць апытаныя і дадаюць, – На жаль, сярэдняй пенсіі хапае толькі на аплату камунальных паслугаў, куплю прадуктаў, праезд і самыя неабходныя рэчы ў побыце. Зусім не застаецца на абутак, адзенне, забавы, экстрэмальную сітуацыю (напрыклад, зламалася лядоўня). Не адчуваецца і прыбаўка да пенсіі, бо вельмі хутка растуць кошты ў крамах.

Удзельнікі фокус-групы лічаць, што  дзяржава павінна падтрымліваць арганізацыі і прадпрыемствы, якія даюць ільготы для пенсіянераў. Пры гэтым удзельнікі сустрэчы адзначылі, што існуюць іншыя катэгорыі людзей, якім яшчэ горш, чым людзям, якія выйшлі на пенсію.

Фокус-група праводзілася ў межах праекта “Развіццё “Кастрычніцкага эканамічнага форуму” – пляцоўкі для адкрытага дыялогу пра магчымыя накірункі эканамічных рэформ для Беларусі – для больш эфектыўнага і заангажаванага грамадскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў па пытаннях эканамічнай палітыкі на нацыянальным і мясцовым узроўнях”.

Яшчэ запісы