Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Сёлета ва УЗВ працавала трое валанцёраў з Заходняй Еўропы, якія выкладалі замежныя мовы для нашых студэнтаў. Адным з іх быў 21-гадовы хлопец з Аўстрыі Марка Крысман, які вёў клуб ангельскай мовы.

-“Збіраючыся працаваць ва УЗВ, я разумеў, што гэта  даволі ўнікальная ўстанова. Я думаў, што працэс навучання будзе вельмі фармальным і сумным, са шматлікімі правіламі, – прызнаецца Марка.

Пасля я быў прыемна здзіўлены: атмасфера была  разняволенай, і я мог праводзіць свае заняткі у той форме, якая для мяне была зручнай”.

Таксама быў вельмі здзіўлены, наколькі адкрытымі і цікаўнымі апынуліся мае студэнты. Звычайна сталым людзям вельмі цяжка вучыць нейкія прадметы, асабліва замежную мову, ды калі яшчэ выкладае малады настаўнік з невялікім досведам, але студэнты УЗВ вельмі цёпла прынялі мяне і  зрабілі шчаслівым.

– З якімі настроем і пачуццямі ты прыходзіў на заняткі да сваёй групы і з якім іх пакідаў?

– Спачатку, на першых занятках, я заўсёды вельмі хваляваўся і быў у напружанні: перажываў, ці была цікавай тэма, ці былі зразумелымі практыкаванні, а тлумачэнні – даступнымі.  З цягам часу такой праблемы не стала. Пасля заняткаў я зыходзіў з адчуваннем, што ўсё атрымліваецца.

– Што складала найбольшыя цяжкасці?

– Найперш – пошук тэм для заняткаў. Хацелася, каб студэнтам, па-першае, было цікава, а, па-другое, каб можна было бы проста з імі паразмаўляць на розныя тэмы. Розніца ва ўзросце і культурныя адрозненні таксама адчуваліся, але дзякуючы маім калегам, каардынатарам маёй валанцёрскай праграмы і нават некаторым супрацоўнікам УЗВ я змог знайсці добрыя тэмы для абмеркавання.

-Апішы сваіх студэнтаў.

-Мая група складалася з вельмі адкрытых, прыязных і мілых дам, – усміхаецца Марка. –  Усе яны досыць дарослыя і могуць быць маімі бабулямі, бо ў большасці з іх ёсць ўнукі майго ўзросту. Але, нягледзячы на свой узрост, яны ніколі ні з кім не спрачаліся і не прыніжалі адзін аднаго і мяне, за выключэннем невялікіх сяброўскіх жартаў паміж сабой.

“Група вясёлых дам”

– Ці быў моўны бар’ер паміж табой і студэнтамі?

-У пачатку адназначна былі велізарныя праблемы са зносінамі, бо я ж размаўляю заўсёды па-ангельску, а студэнтам, вядома, цяжкавата заўсёды размаўляць менавіта на замежнай, – узгадвае Марка.

Абмен ведамі і вопытам падчас занятку

– Якім чынам ты знаходзіў выйсце з такіх сітуацый?

– Знайшлася добрая сістэма зносін, і ў хуткім часе паляпшыліся моўныя навыкі абодвух бакоў. Я выкарыстоўваў малюнкі, з дапамогай якіх вельмі зручна стала тлумачыць розныя рэчы, сітуацыі і г.д.

Калі бракуе словаў -малюй!

– Як можна палепшыць працу валанцёраў ва “Універсітэце Залатога Веку”?

– Шчыра кажучы, я не ведаю, што можна было б палепшыць у працы УЗВ. Арганізацыя працы тут знаходзіцца на дастаткова высокім ўзроўні, і праблемы, якія часам з’яўляюцца, вырашаюцца неадкладна.

На заканчэнне навучальнага года Марка зрабіў кожнай сваёй студэнтцы з групы запамінальныя сертыфікаты.

Падарункі на памяць

“Пасля працы ва УЗВ ты застаешся такім жа, але атрымоўваеш вялікі вопыт” – кажа на развітанне Марка.

Каманда і студэнты УЗВ выказваюць шчырую падзяку Марка Крысману за адказную валанцёрскую працу ў юбілейным навучальным годзе!

Віялета Лось

Фота аўтаркі

Яшчэ запісы