Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

На майстар-класе сяброўкі Рады УЗВ Тамары Герасіменка 22 ліпеня кожны ўдзельнік мог навучыцца і ўласнаручна звязаць сабе сумачкі, якія зручна браць з сабой і можна выкарыстоўваць шмат разоў – авоські.

Майстрыха Тамара Герасіменка, распавяла пра новую хвалю моды на вязаныя сумкі-сеткі. Аказваецца, зараз яны маюць сучасную назву “шопер”. А гісторыя назвы паходзіць ад аднаго з гумарыстычных маналогаў Аркадзія Райкіна. З такой торбай ён выбіраўся “на дабыткі” – авось нешта ўдасца купіць.

Навучанне праходзіла пад пільным наглядам таленавітай майстрыхі

“Я даўным-даўно адмовілася ад пакетаў, – кажа Тамара Герасіменка. – Найперш, гэта пытанне грошай, якіх бы там не было. А па другое – навошта збіраць дома непатрэбнае пластыкавае смецце?”

Звязаць авоську ці шопер можа любы чалавек уласнымі рукамі, упэўнена майстрыха. Што да зручнасці – то яна відавочная.

“Авоська мала важыць і складзеная змяшчаецца ў далонь. Проста варта завесці сабе правіла заўжды браць яе з сабой”, – кажа Тамара.

На майстар-клас прыйшлі ўдзельніцы з розным досведам вязання. Таму майстрыха прапанавала выбраць мадэль авоські сабе па сілах. Самыя простыя вязаліся самым простым “ланцужком”.

Тэхніка вязання “Ланцужок”

“Трэба набраць сем петляў. Гэта мая любімая лічба. І зрабіць з іх кола. Далей – адзін шэраг слупкамі з накідам. А потым “аркі з ланцужкоў” таксама кожная па сем петляў”, – вучыць майстрыха.

“Першы раз вяжу – як у першакласніка атрымліваецца, – прызналася ўдзельніца майстар-класа і студэнтка УЗВ Святлана Кочатава. – Але займальна! Я стараюся”.

Святлана Кочатава (крайняя злева)

Паводле Тамары, ніткі для авоські можна ўзяць любыя. Таксама можна скарыстаць ніткі розных колераў і фактур ці выкарыстаць астаткі, якія няма дзе падзець – будзе падвойная карысць.

“Не пашкадавала, што прыйшла, – дзеліцца ўражаннямі Надзея Багдзевіч. – Вельмі даступна ўсё патлумачылі. З такім вязаннем справіцца нават малое дзіця. Абавязкова звяжу яшчэ і сяброўкам у падарунак па авосьцы”.

Студэнтка УЗВ Ала Дзенісенка – спрактыкаваная вязальшчыца і прыйшла на майстар-клас за кампанію з сяброўкамі.

Ала Дзенісенка па цэнтру

“Як раней хадзілі на пасядзелкі – пагаварыць за працай, пакуль рукі занятыя, разам пабавіць час. Увогуле, я вяжу са школьных гадоў і вельмі радая, што зараз вязаныя рэчы ізноў вяртаюцца ў моду”.

Парады ўдзельніцам на заканчэнне майстар-класа

Крыніца сайт hrodna.life

Яшчэ запісы