Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Форум пройдзе 1-2 кастрычніка і збярэ каля 150 ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і шэрагу іншых краін. Арганізатарам імпрэзы з’яўляецца кааліцыя “За годнае даўгалецце”.

«Абмеркаваць ключавыя дзеянні, якія дапамогуць беларусам жыць і старэць годна, палепшыць супрацу паміж дзяржаўнымі, грамадскімі, акадэмічнымі, камерцыйнымі арганізацыямі, якія дбаюць пра якасць жыцця людзей розных пакаленняў, пра дыялог паміж пакаленнямі – менавіта гэта з’яўляецца галоўнымі мэтамі Форума», – кажа каардынатар кааліцыі Вітаўт Руднік.

Каардынатар кааліцыі Вітаўт Руднік

На форуме будзе прэзентаваны міжнародны досвед дзейнасці па забеспячэнні годнага даўгалецця, а таксама будуць прэзентаваныя асноўныя палажэнні Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030”, якая зараз распрацоўваецца ўрадам краіны.

Удзельнікі Форума пазнаёмяцца з вынікамі даследаванняў, прысвечаных патрэбам сталых людзей, а таксама вобразу сталага чалавека ў грамадстве.

Па дадзеных навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, у Беларусі сфарміраваўся стабільны трэнд на ўстойлівае і інтэнсіўнае старенне насельніцтва. За апошнія 10 год насельніцтва краіны ва ўзросце болей за 60 год павялічылася на 29%.

«Сталыя беларусы маюць патрэбу не толькі ў добрай пенсіі ды даступнай медыцыне. Многім з тых, каму сёння 55+, даводзіцца змагацца з пачуццём адзіноты (з-за страты блізкіх, ад’езду дзяцей, разрыву кантактаў з былымі калегамі па працы), з гвалтам з боку блізкага атачэння, стэрэатыпным успрыняццём старасці з боку грамадства. Вялікая колькасць сталых людзей хацела б развівацца, атрымліваць карысныя для жыцця ў сучаным грамадстве ўменні, быць запатрабаванымі іншымі людзьмі, але магчымасцей для гэтага ў краіне ўсё яшчэ недастаткова», – кажа Вітаўт Руднік.

Кааліцыя “За годнае даўгалецце” была створаная ў лістападзе 2018 года. Удзел у яе працы бяруць прадстаўнікі 8 некамерцыйных арганізацый, трох універсітэтаў трэцяга веку, а таксама шэраг экспертаў, якія займаюцца рознымі накірункамі працы па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей і забеспячэння роўных магчымасцяў для людзей усіх узростаў.

Сябры кааліцыі бралі актыўны ўдзел у распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030”, арганізавалі ў чэрвені бягучага года першую беларускую Акадэмію Лідэраў Залатога Веку, ствараюць зараз інтэрактыўную мапу арганізацый, якія працуюць на карысць сталых людзей.

Падрабязней пра Кааліцыю можна даведацца тут http://coalition-aging.by/

Удзел у Форуме годнага даўгалецця возьме каля 150 чалавек з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, Казахстану, Кыргызстану, Украіны. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, камерцыйных і акадэмічных арганізацый, эксперты ў галіне старэння насельніцтва, актыўныя сталыя людзі.

Арганізатары Форума:

Партнёры Форума:

Форум ладзіцца пры падтрымцы:

 


Яшчэ запісы