Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Адным з “найстарэйшых” курсаў у праграме УЗВ з’яляецца курс беларускай мовы. Сёлета ён называўся “20+ крокаў да беларускай мовы”. Вынікамі і ўражаннямі ад курса дзеляцца яго выкладчыца Вікторыя Петрусевіч і яе студэнты.

– Вікторыя, апішы сваю групу.

Удзельнікамі майго курса былі актыўныя людзі, якія наведвалі таксама многія іншыя курсы і клубы: ёга, ландшафтны дызайн, спевы ў хоры “УЗВышша”.

На занятках усе студэнты паводзілі сябе вельмі інтэлігентна і з павагай ставіліся да мяне.

Некаторыя нарадзіліся не ў Беларусі, але гэта не перашкодзіла жаданню вывучаць беларускую мову і імкнуцца як мага больш даведацца пра яе, – дадае Вікторыя.

Курс беларускай мовы ва УЗВ-10

– Ці камфортна табе было працаваць з групай? 

Працаваць з групай было вялікім задавальненнем. Другі семестр прайшоў пад знакам 100%-й узаемапавагі і сяброўства, – з задавальненнем адказвае выкладчыца.

Частка слухачоў, што наведвалі заняткі ў 1-м семестры, сышлі на іншыя курсы, – прызнаецца Вікторыя, – але застаўся “касцяк” неабыякавых да роднай мовы людзей. І гэта вельмі радуе.

Да выканання хатніх заданняў студэнты ставіліся адказна. Радавала тое, што яны пачыналі актыўна практыкаваць мову як на занятках, так і ў стасунках паміж сабой, – дадае Вікторыя.

Студэнты УЗВ папаўняць веды

– Што б ты назвала галоўнымі вынікамі курса?

-У слухачоў сфарміравалася свядомае разуменне самабытнасці і непаўторнасці беларускай мовы, яе ролі ў жыцці чалавека і грамадства, сувязі з нацыянальнай і  сусветнай культурай, патрэба вывучаць мову краіны.

За два семестры ў навучэнцаў нашмат пашырыўся і ўзбагаціўся слоўнікавы запас, выпрацавалася і ўдасканалілася практычнае ўменне пісаць па-беларуску з захаваннем асноўных лексічных і граматычных моўных нормаў.

З’явілася прага чытання твораў беларускай літаратуры, прагляд перадач на беларускай мове, да беларускай музыкі, да выкарыстання беларускай  мовы ў рэальных жыццёвых абставінах і сітуацыях.

– Што не атрымалася? 

Лічу, што ўсё насамрэч атрымалася. Слухачы на занятках смела размаўлялі на мове, не баючыся выкарыстоўваць “трасянку”, – смяецца Вікторыя.

Сваімі уражанннямі ад курса падзяліліся і яго слухачы.

Вольга Яроцкая:

“Разам з Вікторыяй я прайшла 20+ крокаў да беларускай мовы. Гэтыя крокі былі мне неабходныя, каб пачаць размаўляць па-беларуску. Для гэтага мы вучылі словы, шмат чыталі ўслых, рыхтавалі дыялогі і аповеды на розныя тэмы, спявалі беларускія песні. Акрамя гэтага, я даведалася шмат новага пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Цікава было глядзець падрыхтаваныя Вікторыяй тэматычныя відэаролікі. Дзякуючы нашай выкладчыцы, заняткі праходзілі не толькі плённа, але і цікава, – дадае Вольга. – Вялікі дзякуй Вікторыі за цярпенне і энтузіязм! Наперадзе вялікі шлях, але першыя крокі ўжо зроблены”.

Ларыса Кіркевіч:

“Я задаволена заняткамі курса. Выкладчыца вельмі сур’ёзна рыхтавалася да кожнага з заняткаў і праводзіла іх на высокім узроўні. Разнастайная тэматыка нашых сустрэч: творчасць Я.Янішчыц і А.Міцкевіча, Дзяды і Каляды ў культурнай спадчыне беларусаў, беларускія прыказкі і прымаўкі і г.д.

Ёсць таксама адно з пажаданняў на іншы навучальны год: больш праводзіць дыялогаў са слухачамі, каб мы самі мелі магчымасць на занятку як мага больш практыкавацца ў мове.”

Зінаіда Цупрыновіч:

“Заняткі па курсу беларускай мовы я наведваю не адзін год. Дзякуючы нашай выкладчыцы Вікторыі я стала размаўляць на сваёй роднай мове. Заняткі, якія праводзіць наша выкладчыца, вельмі цікавыя, пазнавальныя. Асабліва спадабалася тэма “Посуд” (заняткі праходзілі ў краме “Лёля”). Вельмі спадабаліся экскурсіі ў музей М.Багдановіча. А песні, песні, якія мы спявалі на занятках! Гэта штосьці непаўторнае! Вялікі дзякуй за гэта Вікторыі! Дзякуй за яе сціпласць, добразычлівасць, вялікі прафесіяналізм!”

Віялета Лось 

Яшчэ запісы