Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Урачыстае адкрыццё ўжо адзінаццаттага па ліку акадэмічнага навучальнага года “Універсітэту Залатога Веку” адбылося 10 кастрычніка і сабрала больш за 150 студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей праграмы.


Пад фанфары выходзяць на сцэну і распачынаюць імпрэзу вядучыя –  усім добра знаёмыя старшыня Рады УЗВ Ларыса Кіркевіч і ганаровы слухач Універсітэта Іван Буднік.

Вядучыя ўрачыстага адкрыцця

Удзельнікі святочнай імпрэзы ўстаюць пад гукі студэнцкага гімна “Гаўдэамус”, з якога традыцыйна распачынаецца і сканчаецца кожны акадэмічны год УЗВ.

Традыцыйнае выкананне студэнцкага гімну

Іван Буднік чытае верш “Хто ідзе ва УЗВ”, які прысвяціў Універсітэту Залатога Веку.

На сцэну запрашаецца кіраўніца праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Лана Руднік.

Лана Руднік таксама атрымала віншаванні з нагоды пачатку новага навучальнага года

 “Час ляціць няўмольна. Здаецца, што гэта было толькі ўчора, – узгадвае дырэктарка праграмы. Дзесяць год таму мы ўпершыню загаварылі пра ідэю стварэння ўніверсітэту. У нас было шмат апасенняў і страхаў: ці прыйдуць людзі, ці будзе ім цікава, ці знойдзем аднадумцаў?

Мы тады сабралі добрую каманду з апантаных людзей, якім было цікава распачаць новую дзейнасць, і паехалі ва Ўроцлаўскі Ўніверсітэт вывучаць іх досвед.

Хадзілі на заняткі, сустракаліся з кіраўніцтвам, студэнтамі і здзіўляліся, здзіўляліся… Унутры жаданне стварыць свой Універсітэт выспявала, расло і мы вярнуліся дамоў з перакананнем – трэба спрабаваць!

Што мы тады мелі? Двух ініцыятараў – я кажу пра нас з мужам, – удакладняе Лана, – і 6 чалавек, якія пагадзіліся бясплатна праводзіць заняткі. Мы пачыналі з шасці спецыялізацый і васьмі адкрытых да новага сэрцаў. Першыя нашыя студэнты прыйшлі з вялікай зацікаўленасцю – а што ж такога цікавага нам раскажуць, чаму навучаць? Першыя месяцы навучання праляцелі хутка, на наступны набор студэнты распавялі іншым і прывялі сваіх сяброў і знаёмых і распачалося наша цудоўнае ўніверсітэцкае падарожжа ў 10 год!

З цікавымі курсамі і клубамі, з міжнарожнымі канферэнцыямі і форумамі, са стажыроўкамі, з новымі партнёрамі з розных-розных краінаў, і, самае важнае, з цудоўнымі людзьмі, якія паціху-паціху ператвараліся ў супольнасць.

Супольнасць, якая сябруе, якая падтрымлівае, часам інтэгруецца для сустрэч у кавярнях і тэатрах, для вандровак па Беларусі і за яе межамі, супольнасць, якая ўдзельнічае ў даследаваннях, валанцёрыць і рэалізуе добрыя справы, супольнасць якая выступае на фестывалях, цікавіцца, развіваецца.

Супольнасць, якая жыве напоўніцу!

Вітаю вас, мае дарагія сябры, у нашай супольнасці!

Тут вы сустрэнеце цеплыню і ўвагу, тут вы сустрэнеце абдымкі і ўсмешкі, тут вы апынецеся ў віры сапраўднага студэнцкага жыцця!

Тут працуюць людзі, якія сваім сэрцам напаўняюць Універсітэт.

Мы тут не таму, што атрымалі загад зверху нешта стварыць, мы тут таму, што мы хочам зрабіць гэты свет трошачку цяплейшым і дабрэйшым да сталага чалавека, пашырыць межы, стварыць магчымасці для рэалізацыі і зрабіць так, каб якасць вашага жыцця палепшылася! – дадае Лана.

Мы вам радыя! Улівайцеся і жывіце напоўніцу!

З новым наборам, дарагі наш Універсітэт Залатога Веку! Удалага нам старту і новых адкрыццяў!!!

Ад імя ўсёй нашай дружнай каманды з павагай і цеплынёй, ваша дырэктарка, Лана Руднік“.

Лана Руднік з вядоўцамі мерапрыемства

Далей віншуюць з адкрыццём Універсітэту навучэнцы Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2″

 

На сцэну запрашаецца ўся каманда УЗВ: намесніца дырэктаркі праграмы Дар’я Кір’як, асістэнткі Надзея Шафрановіч, Вольга Ганчарук і Віялета Лось. Менавіта на плечы гэтых дзяўчат ляжа большая частка арганізацыйнай працы ў гэтым навучальным годзе.

Каманда УЗВ-11

Далей надыходзіць чарга атрымліваць цёплыя словы сябрам Рады “Універсітэту Залатога Веку”.

Дзякуючы іх намаганням арганізоўваюцца дабрачынныя акцыі, інтэграцыйныя, культурныя мерапрыемствы і шмат яшчэ якіх спраў.

Наша Рада

Пасля надыходзіць час прадставіць выкладчыкаў курсаў і клубаў, якія ў гэтым наборы будуць працаваць у праграме.  Сёлета ва УЗВ будзе дзейнічаць 48 курсаў і клубаў. Ёсць сярод іх як даўно ўсім знаёмыя, так і “навічкі”.

Выкладчыца курса “Літаратурная Гарадзеншчына” Ала Петрушкевіч усім прысутным падарыла вершаванае прывітанне.

Удзельнікі каманды УЗВ атрымалі на добрую памяць фірмовыя сшыткі “Універсітэта Залататога Веку”.

З віншавальнымі словамі і цёплым песнямі павіншаваць УЗВ прыйшлі ўдзельнікі вакальнага ансамблю “Гарадзенцы” пад кіраўніцтвам Валерыя Кручкова.

Вакальны ансамбль “Гарадзенцы”

Уся зала падпявала і не магла ўседзець на месцы ад такіх шчырых і цёплых музычных віншаванняў!

Напрыканцы імпрэзы студэнтаў павітала намесніца дырэктаркі Дар’я Кір’як і патлумачыла, па якім раскладзе навучэнцы будуць займацца ў першым семестры.

Намесніца дырэктаркі Дар’я Кір’як

У добры і цікавы шлях!

Больш фота глядзіце па спасылцы.

Яшчэ запісы