Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

“Мы любім тых, хто любіць нас”. І гэта існая праўда! Я люблю мой горад усё жыццё! А дзесьці  гадоў з трох, калі памяць ужо  стала фіксаваць розныя падзеі навакольнага свету, я адчуў да сябе і любоў майго горада! 

Расхрыстанае, басаножнае дзяцінства не ведала на тую пару хоць якіх абмежаванняў свабоды: “не запэцкайся, не падымай цукерку з зямлі, не спазніся на абед…” Рытарычнымі здаваліся дзяжурныя фразы бацькоў: “пачытаў бы лепш кнігу; не купайся ў Нёмане без старэйшых; а ўрокі зрабіў?”. З кавалкам хлеба, пасыпаным цукрам, мы пазнавалі самастойна навакольны свет: Пярэселка, Пышкі, Нёман, Цаглянае возера. І гэта ўсё мне падарыў мой Гродна! 

Мы не ведалі ў нашым памежным горадзе, што ёсць на свеце палякі і беларусы, рускія і габрэі. Бо мы ўсе былі адной крыві – гарадзенцы. Мы не ведалі кошту грошай, бо шмат іх ніколі ніхто не меў, а на шклянку квасу, марожанае ці новы мячык можна было і запрацаваць: натрэсці ў кінутых садах яблык і здаць на вінзавод або пасля футбольнага матча на стадыёне сабраць бутэлькі, ліха апераджаючы канкурэнтаў у асобе злосных бабуль і дзядуль. І адчуванне сваёй самастойнасці таксама даваў мне мой горад!

А потым універсітэт. Так, душу падточвала крамольная думка: а можа, у БДУ на журналістыку ці ў БДПУ імя Максіма Танка на філалогію? Усё ж сталіца…Але як без мяне застанецца мой горад? А як без яго пражыву я? Ды, зрэшты, ёсць жа ў нас цудоўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. 

Мой горад шчодра адарыў за такую адданасць. Ён пазнаёміў мяне са сваімі славутымі выкладчыкамі: Міколам Архіпавічам Янкоўскім, Аляксеем Міхайлавічам Пяткевічам, Тамашом Іосіфавічам Тамашэвічам, Ігарам Васільевічам Жуком, Ігарам Вячаслававічам Ягоравым. Я пачаў разумець глыбіню і прыгажосць мастацкага слова, мілагучнасць беларускай мовы, значэнне творчай асобы ў фарміраванні ўласнага светапогляду. І гэта мне падарыў мой горад. 

Аднойчы ў Доміку Элізы Ажэшкі Аляксей Нічыпаравіч Карпюк сказаў мне, дзявтнаццацігадоваму вершаплёту, усяго адну фразу: “Пішы прозу, хлопец, будзе толк!”. І я паверыў яму, бо Аляксей Нічыпаравіч – наш сапраўдны гарадзенец. Дзе, як не ў Гродне я змог бы пазнаёміцца з гэтым незвычайна таленавітым чалавекам?

Горад поўніў нас, студэнтаў, сваім бунтарскім духам, і гэта вылівалася ў вострыя рэпрызы на КВЗ, у самвыдатаўскі часопіс “Містыка”, у бясконцыя творчыя, прафесійныя, навуковыя спрэчкі з такімі ж расхрыстанымі гарадзенскімі студэнтамі: Ірынай Швяцовай, Аляксандрам Фядутам, Янкам Трацяком.  

Гродна акунаў нас у вір грамадскага і палітычнага жыцця, дорачы новыя ўражанні, веды, спадзяванні: грамадскае аб’яднанне “Бацькаўшчына”, гісторыка-культурны клуб “Паходня”, Таварыства беларускай мовы, газета “Пагоня”.  І, безумоўна, новыя цікавыя знаёмствы: Мікола Маркевіч, Тадэвуш Гавін, Алесь Астроўскі, Іван Якаўлевіч Лепешаў.

Ідзе час, але мой горад не дае старэць, раз за разам дорачы новыя павароты жыцця. І вось я выкладаю ў медыцынскім універсітэце, кожнага дня расказваючы студэнтам пра Гродна і з задавальненнем бачачы, як і яны напаўняюцца любоўю да горада, як пачынаюць адчуваць такія ж пачуцці да сябе і з боку Гродна. Мае студэнты становяцца гарадзенцамі. Я пішу апавяданні пра гісторыю майго горада, і з прыемнасцю канстатую, што і чытачы адкрываюць мой горад з новага для сябе боку. І вось ужо маладыя аўтары з літаратурнага клуба “Катарсіс”, якім кірую, таксама з захапленне пішуць пра Гродна. Яны ўжо любяць мой горад, яны таксама гарадзенцы.

Я люблю гуляць раніцай па Савецкай вуліцы, калі навокал яшчэ няма мітусні і ты адчуваеш дыханне горада. Я люблю гуляць па Савецкай вуліцы днём, калі яна поўніцца турыстамі, моладдзю і шматлікімі знаёмымі, з якімі прыемна перакінуцца словам, папіць кавы ці нават завярнуць у кавярню на куфаль добрага піва. Я люблю гуляць па Савецкай вуліцы вечарам, калі горад засынае, і пяшчотны свет ліхтароў паказвае табе дарогу ў цудоўнае будучае. Я люблю ў кожны час сядзець каля Каложы, бо менавіта там я адчуваю, што ніколі ні ў гэтым жыцці, ні ў іншым не буду адзінокі і забыты. Бо я гарадзенец. Я люблю мой горад. І не пытайцеся нават, за што!

Чытайце таксама:

Эсэ “За што я люблю Гродна” студэнткі УЗВ Марыны Загідулінай

 

Яшчэ запісы