Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

У свае 70 гэты чалавек не стаіць на месцы, а працягвае жыць напоўніцу і натхняць на гэта іншых людзей. Сёлета Уладзімір Рунге атрымаў званне “пачэснага студэнта “Універсітэту Залатога Веку”, што і стала нагодай для размовы з ім.

З “Універсітэтам Залатога Веку” лёс звёў Уладзіміра яшчэ 7 гадоў таму.

“Першы раз я прыйшоў ва ўніверсітэт у 2013 годзе”, – успамінае Уладзімір. – Я не выпадкова, а свядома з’явіўся ва УЗВ.

У мяне быў вельмі добры сябра, які працаваў ва УЗВ з пачатку яго заснавання – мастак Дзмітрый Іваноўскі.

Аднойчы ў яго майстэрні, якая знаходзілася на вуліцы 1 мая, працавала група жанчын сталага веку:

– Што гэта за жанчыны? – запытаў я Дзмітрыя.

– Гэта студэнткі УЗВ, – адказаў той.

Я ўжо тады зразумеў, што людзі, якія звязаныя з УЗВ –  не простыя, а стараюцца ўзяць ад жыцця нешта карыснае і пазітыўнае.

Таму я, ужо  “падрыхтаваны”, пайшоў запісвацца на трэці набор УЗВ.

Першы дзень быў незвычайным, але “валасы дыбам ад убачанага не ўсталі”, – смяецца Уладзімір.

– Вядома людзі прыходзілі з канікул, даўно не бачыліся, абдымаліся, дзяліліся сваімі прыгодамі і проста адчувалі сябе, як дома. А вось навічкам было цяжэй.

Я першыя два гады вёў сябе “ціха”, – прызнаецца Уладзімір, – але мой актыўны лад жыцця не дазволіў доўга быць у зацішшы: я сам пачаў прапаноўваць карысныя ідэі, удзельнічаць у многіх справах універсітэта. У выніку мяне заўважылі і прапанавалі ўвайсці ў Раду УЗВ, але я тады адмовіў, палічыўшы, што яшчэ не гатовы браць на сябе такую адказнасць.

А ўжо на наступны год мяне зноў вылучылі ў Раду і ўжо 4-ты год я з’яўляюся яе сябрам. Склад Рады, канешне, змяняўся, але “касцяк” застаецца.

Быць сябрам Рады – гэта не толькі пачэсная, але і вельмі адказная справа. Мы часта жывём не асабістым жыццём, а, як мінімум, на палову дзелім яго з УЗВ. Гэта не дрэнна, мы самі выбралі такі шлях і гаворым так, як ёсць.

 

– Якія людзі навучаюцца і навучаюць ва УЗВ?

– Кожны чалавек – гэта сусвет, – пачынае Уладзімір. – І якія б ён не быў, ён варты павагі і добрага стаўлення. Неабыякавыя, са сваім светапоглядам і самыя лепшыя людзі вучацца і працуюць ва УЗВ. Тут удалы сімбіёз маладосці і сталага веку, што дае яшчэ большы плён.

– Што для Вас УЗВ?

– Чаму Вы вырашылі заснаваць клуб “Гародня шматканфесійная”?

– Па бацьку – лютэранін, па маці – праваслаўны, а ў душы – грэка-католік. Усё гэта падштурхнула да таго, каб займацца і разам са студэнтамі УЗВ вывучаць розныя канфесіі нашага горада.

Спачатку было крыху страшна адкрываць клуб, але мая надзея, што ён будзе цікавым для многіх слухачоў, апраўдала сябе. У пэўны момант клуб нават меў найвышэйшы рэйтынг сярод іншых курсаў і клубаў!

– Якія Вашы станоўчыя якасці?

– Добры, маю пачуццё прыгожага, адказны, шаную сям’ю.

– Якія слабыя бакі заўважаеце ў сябе?

– Часам гультаюся, пакідаю на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, вельмі ўпарты.

– Якая ў Вас мара?

– Каб быў мір ва ўсім свеце! (смяецца)

Віялета Лось

Фота аўтаркі

 

Яшчэ запісы