
Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” (УЗВ) быў створаны ў красавіку 2010 г. сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар“. З 2015 г. праграма рэалізуецца ў партнёрстве з прыватнай установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Cтудыя карысных кампетэнцый”.
Штовосень “Універсітэт Залатога Веку” адчыняе дзверы для новых слухачоў. Удзельнікі праграмы мінулых гадоў, аднак, таксама павінны наведваць прэзентацыі і праходзіць адбор напачатку кожнага навучальнага года.
Каб стаць слухачом “УніверсітэтуЗалатога Веку”, неабходна адпавядаць базавым крытэрам праграмы:
- З’яўляцца асобай пенсійнага ўзросту (55 і вышэй) і мець высокую матывацыю да ўласнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця, удзелу ў жыцці грамадства, а таксама дастаткова часу, каб наведваць заняткі і секцыі “Універсітэту Залатога Веку” (у тым ліку ў дзённы час).
- Быць гатовымі ўносіць аплату за ўдзел у праграме.
Далей неабходна выканаць некалькі нескладаных крокаў:
1. Запісацца на прэзентацыю, на якой арганізатары прадставяць дадатковую інфармацыю пра гісторыю “Універсітэту Залатога Веку”, яго мэты і прынцыпы працы, пазнаёмяць з патрабаваннямі да ўдзелу ў праграме, са зместам працы курсаў і клубаў УЗВ.
Запіс на прэзентацыі звычайна адбываецца па тэлефоне ў верасні*.
2. Наведаць прэзентацыю, запоўніць анкету ўдзельніка.
У час прэзентацый* арганізатары прадстаўляюць дадатковую інфармацыю пра гісторыю “Універсітэту Залатога Веку”, яго мэты і прынцыпы працы, знаёмяць з патрабаваннямі да ўдзелу ў праграме, са зместам працы секцый УЗВ. Ахвотным паўдзельнічаць у адборы прапануецца запоўніць анкету ўдзельніка, пазначыўшы там свае персанальныя дадзеныя і назвы заняткаў, якія студэнт жадае наведваць, у адпаведнасці з асабістай прыярытэтнасцю.
3. Прайсці адбор.
Паколькі цікавасць да праграмы расце кожны год, Рада УЗВ разам з адмінстрацыяй праграмы праводзяць адбор удзельнікаў паводле запоўненых анкет, у першую чаргу звяртаючы ўвагу на адваведнасць кандыдатаў базавым крытэрам.
Перавагай у час адбору могуць карыстацца:
– удзельнікі праграмы папярэдніх гадоў, якія атрымлівалі пасведчанне пра ўдзел у ёй;
– асобы, якія нарадзіліся раней за 1945 год;
– ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій, былыя малагадовыя вязні канцэнтрацыйных лагераў;
– асобы, гатовыя да ўдзелу ў валанцёрскай групе «Малодшы брат, малодшая сястра», а таксама асобы, якія маюць жаданне арганізоўваць мерапрыемствы і дабрачынныя акцыі ў межах УЗВ;
– сямейныя пары.
4. Падпісаць дамову, заплаціць за ўдзел у праграме за надыходзячы семестр.
Цягам тыдня пасля адбору будучыя студэнты могуць даведацца, ці залічаныя яны на бягучы навучальны год, удзел у якіх навучальных секцыях і клубах ім прапануюць у адпаведнасці з конкурсам і прыярытэтнасцю заняткаў, пазначанымі ў анкеце. Калі ўсе бакі задаволеныя вынікамі адбору, студэнт аплочвае ўдзел у праграме за надыходзячы семестр і прыходзіць для падпісання дамовы паміж двума бакамі.
5. Прыйсці на Ўрачыстае адкрыццё*.
Урачыстае адкрыццё новага ададэмічнага году – традыцыйнае першае інтэграцыйнае мерапрыемства праграмы. Усе залічаныя студэнты знаёмяцца з камандай і партнёрамі УЗВ, а таксама атрымліваюць праграму на першае паўгоддзе. Традыцыйна сустрэча адбываецца ў чацвер, а ўжо з наступнага панядзелка пачынаюцца заняткі курсаў і клубаў па раскладзе.