Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Студэнты “Універсітэту Залатога Веку” распавядаюць пра тое, як праводзяць незапланаваныя канікулы, на якія іх адправіла пандэмія COVID-19.

Любоў Зорына, студэнтка УЗВ і выкладчыца курса “Наш Радавод”:

Любоў Зорына

Займаюся хатнімі справамі, да якіх не заўсёды даходзілі рукі, – з усмешкай кажа Любоў. – Гатоўкай займаюся, праглядам серыялаў.

На днях зрабіла подпісы да фотаздымкаў Святланы Несцярэнка, у яе плануецца выстава ў бліжэйшы час у Цэнтры гарадскога жыцця, прысвечаная цікавым будынкам Гродна.

Таксама падчас незапланаваных канікул я набрала лісты, які захаваліся пра майго дзеда Багдана Бутц з канца 50-х – пачатку 60-х гадоў.

Пакуль не сумна сядзець дома, калі ўмееш з карысцю выкарыстоўваць гэты вольны час, – кажа Любоў.

Ларыса Кіркевіч, старшыня рады УЗВ:

– Вельмі не падабаецца такая сітуацыя, – прызнаецца Ларыса. – Думаю, цяпер яшчэ больш людзей ацэняць карысць нашага “Універсітэту Залатога Веку” і сваё жыццё падчас наведвання заняткаў і іх прыпынення. 

Шмат інфармацыі даведваюся праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і разумею, што можна і анлайн навучацца, але гэта, на мой погляд, не тое, – прызнаецца Ларыса.

Лічу, што цяпер у многіх ёсць жаданне вучыцца, але няма магчымасцей…

Ну але, “нет худа без добра”, – кажа Ларыса. – Цяпер ёсць магчымась больш займацца сваім хобі. Напрыклад, мы разам Таццянай Таранкай пачалі рыхтавацца да веснавых пасадак.

 

Ларыса з Таццянай рыхтуюць сажанцы перцаў да пасадкі

Чакаем станоўчых пераменаў у сітуацыі з пандэміяй, – дадае Ларыса.

Алена Лысуха:

Алена Лысуха

Змірылася з гэтай сітуацыяй.
У вольны час гляджу серыялы, навіны, займаюся скандынаўскай хадой.
На вуліцы з людзьмі не вітаюся, стараюся прытрымлівацца правілаў гігіены і засцярогі.

Уладзімір Рунге, сябра Рады УЗВ, вядучы клуба “Гародня шматканфесійная”:

Уладзімір Рунге

“Душаць унукі, каб нікуды не выходзіў “, –  кажа Уладзімір.

Займаюся радаслоўнай, гісторыяй свайго роднага мястэчка Ізабеліна, дакументы ў парадак прывожу.

На выходных быў дома, нікуды не выходзіў. Калі прыходзіцца выходзіць па справах, то стараюся ні з кім за рукі не вітацца, у грамадскім транспарце не ездзіць, пасля старана вымываць рукі і карыстацца дызэнфіцыйнымі сродкамі.

Хацелася бы ізноў наведваць заняткі ва УЗВ, – прызнаецца Уладзімір, – але ў гэты час лепш перастрахавацца.

Вера Кузовіна:

Вера Кузовіна

Маё стаўленне да сітуацыі з пандэміяй спакойнае, у параўнанні з маёй дачкой, якая сама ізалявалася і ўнука ў школу не пускае.

Я засумавала, што заняткі ва УЗВ прыпыніліся, лічу, што кожны сам можа выбраць, наведваць яму заняткі ці  не, я б хадзіла, – прызнаецца Вера.

Маё жыццё падчас пандэміі амаль не адрозніваецца ад таго, якое было раней. Я хаджу на ёгу 2 разы на тыдзень, раз на тыдзень у басейн і ў лазню. Вось на гэтым тыдні была ў басейне – людзей было мала, нават пашчасціла адной плаваць на дарожцы – якое задавальненне! – дадае Вера.

У транспарце я езжу мала, усе правілы гігіены я, канешне, выконваю.

Дарэчы, я больш дэталёва пачала сачыць за сваім рэжымам харчавання, бо падчас наведвання УЗВ не заўсёды атрымоўвалася гэта рабіць.

Тамара Мухіна, пачэсная студэнтка УЗВ:

Тамара Мухіна

Засмучана сітуацыяй з пандэміяй і прыпыненнем заняткаў ва УЗВ.

Падтрымліваю сувязь з роднымі і знаёмымі дыстанцыйна. Нават на дзень нараджэння да сяброўкі не пайшла, – кажа Тамара.

Шмат чытаю, гляджу тэлебачанне, раней на гэта не хапала часу.

Дома рэгулярна правожу вільготныя ўборкі, праціраю ручкі дзвярэй.  Таксама па трохі рыхтуюся да Свята пасхі і вырошчваю у хатніх ўмовах свежую садавіну ў вазонах.

Хатняя садавіна Тамары Мухінай

Вельмі турбуюся за ўнука, які ў Чэхіі, там сітуацыя яшчэ больш страшная. Усе ходзяць у масках, пазачынялі шмат устаноў, у тым ліку і ўніверсітэт у якім навучаецца ўнук.

Прарвёмся! – дадае Тамара.

Дзіна Баран:

Дзіна Баран

Раблю карціны з шэрсці, вышываю, шмат чытаю, займаюся хатнімі справамі, с мужам разгадваем крыжаванкі.

Адна з прац Дзіны, якую зрабіла падчас канікул

Наконт сітуацыі з каронавірусам не панікую, стараюся выконваць усе правілы гігіены, дзвярныя ручкі апрацоўваю рэгулярна. Вялікія пакупкі дапамагаюць рабіць дзеці.

Вельмі сумую па ўнуках, дзеці не пускаюць іх да нас – размаўляем па скайпу, – дзеліцца Дзіна.

Таксама вельмі непакоіць пытанні наконт запланаванага наведвання канцэрта Дзідзюлі  26 сакавіка ў Гродна. Магчыма, яго адменяць.

На бліжэйшых выходных дакладна паедзем на лецішча, там заўсёды спраў хапае.

 

Яшчэ запісы