Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Вам цікава даведацца, як можна палюбіць Гродна, калі ні разу не быў у гэтым горадзе? Тады слухайце.

Мама працуе журналістам. А гэта – і шчасце, і бяда адначасова. Бяда – таму, што яе часта няма дома. Мы з сястрой сумуем па ёй і шмат чаго мусім рабіць самастойна.

А шчасце – таму, што з камандзіровак мама прывозіць нам смакатулькі, сувеніры і ўражанні пра новыя краіны і гарады. А распавядае мама так, што закахацца ў той ці іншы горад можна выключна па яе эмацйных расповядах.

Мы не былі ў Вільні, Рызе, Чарнігаве і Кіеве, але дзякуючы маме шмат ведаем пра гэтыя гарады.

І канечне, мне запомнілася, як летась вясной гарэлі маміны вочы пасля яе паездкі ў Гродна. 

Цяпер я ведаю, што найперш хачу ўбачыць, калі прыеду ў каралеўскі горад. А паездка тая абавязкова будзе. Так, мама?!

Адразу з цягніка мы пойдзем туды, дзе некалі стаяла знакамітая фара Вітаўта. Ведаю, што гэты будынак, закладзены Вялікім князем у 14 стагоддзі, перажыў пажары і войны. А ў 20 стагоддзі яго бяздумна знішчылі савецкія ўлады. Пра князя Вітаўта нам шмат распавядалі на ўроках гісторыі. А вось пра храм і яго трагічны лёс, чамусьці не.

Потым мы накіруемся да Каложскай царквы. І я абавязкова дакрануся да яе старажытных сцен. Бо не ў кожным горадзе можна кранаць гісторыю 800-гадовай даўніны. Тут жа з вышыні мы будзем глядзець на Нёман, думаць пра Беларусь, пра князя Вітаўта, караля Стафана Баторыя і… Пра нешта яшчэ. Хай гэта будзе нашым маленькім сакрэтам.

А бліжэй да вечара мы папросім маміных сяброў-журналістаў зладзіць для нас экскурсію па Новым Свеце. Бо гісторыі пра самыя смачныя ў Гродне булкі-напалеонкі, духмяныя селядцы ў бочках каля яўрэйскіх крам і кілбасу з апельсінамі можна пачуць толькі тут.

А можа, нам пашчасціць убачыць тую скрыпку, якую захоўваюць у адным з дамоў Новага Свету яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны. Гісторыя пра яўрэйскага хлопчыка-скрыпача, знішчанага з сям’ёй фашыстамі, вельмі-вельмі кранула мяне. Скрыпку, якую перакінуў хлопчык на суседскі двор, калі сям’ю забіралі ворагі, і сёння захоўваюць нашчадкі тых суседзяў…

Ну што? Час бегчы на цягнік… Але куды ж мы без падарункаў? Даўно марыла на свае вочы ўбачыць крамкі, адкуль мама вязе нам беларускамоўныя налепкі і кніжкі, бел-чырвона-белыя сцяжкі, вышыванкі і ўпрыгожанні. 

А цяпер можна і на цягнік.

… Мам, дык калі ў Гродна?

Аўтарка Юлія Ярашонак, 14 год з горада Маладзечна

Яшчэ запісы